Хронікі рэпрэсій за 18 кастрычніка: праўладны блогер і правакатар атрымаў 1,5 года зняволення
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўныя навіны пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1436 дзён, Дзяніс — 1316.
***
Мінскім гарадскім агенцтвам па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры 4 кастрычніка арыштаваная нерухомая маёмасць журналісткі Таццяны Каравянковай, паведамляе БАЖ.
Як напісала Таццяна ў Facebook, арышт накладзены на падставе пастановы Галоўнага следчага ўпраўлення Цэнтральнага апарата Следчага камітэта ад 26 верасня 2024 года. Прычына такога пераследу ў дакуменце, які журналістка атрымала ад кадастравага агенцтва, не паказаная.
Таццяна Каравянкова паведаміла, што звярнулася ў Следчы камітэт па тлумачэнні, але адказу на свой ліст пакуль не атрымала.
Арыштаваная маёмасць — гэта 1/3 частка дома, якую журналістка мае ў сумеснай уласнасці са сваякамі.
Таццяна Каравянкова — вядомая беларуская журналістка. Доўгі час працавала як палітычная і міжнародная аглядальніца ў незалежным інфармагенцтва «БелаПАН». Лаўрэатка шэрагу журналісцкіх прэмій. У 2021 годзе была вымушаная з'ехаць з Беларусі і цяпер жыве і працуе за мяжой.
***
У судзе Навабеліцкага раёна Гомеля 8 кастрычніка агучылі прысуд праўладнаму блогеру і правакатару Яўгену Катлярову (псеўданім — Яўген Какойта), якога абвінавацілі па трох «палітычных» артыкулах, сярод якіх — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт.369-1 Крымінальнага кодэкса) і «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК). Яму прызначылі паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Флагшток». Прысуд вынес Геннадзь Калацэй.
Катляроў стаў вядомы тым, што яго даносы былі падставай для абвінавачання некалькіх гамельчукоў па адміністрацыйных і крымінальных артыкулах. У 2022 годзе ён выступаў на судзе супраць праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі.
Правакатар быў затрыманы вясной 2024 года пасля публікацыі некалькіх відэа, дзе ён крытыкаваў дзеянні чыноўніка Гомельскага аблвыканкама Андрэя Бараноўскага.
***
Сілавікі затрымалі студэнта Каледжа бізнэсу і права за падпіскі на «экстрэмістаў» і заклікі забіваць рускіх, піша «Медыязона». Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.
Выданне знайшло старонку затрыманага ў «ВКонтакте», там ён падпісаны як Улад Пятроў-Бронскі.
На камеру хлопец кажа, што вучыцца ў Каледжы бізнэсу і права. У «Тэлеграме» ён нібыта быў падпісаны на чат-бот плана «Перамога», распаўсюджваў у чатах нацысцкую сімволіку і абражаў прадстаўнікоў улады.
Таксама затрыманы кажа, што адміністраваў тэлеграм-чат «Телеграм це Украіна», дзе «разганялася русафобія».
Па якім артыкуле затрыманы хлопец і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.
***
Паводле інфармацыі «MAYDAY TEAM», суд Круглянскага раёна 13 жніўня вынес прысуд мясцоваму жыхару Уладзіміру Парашкову. Суддзя Таццяна Сідаровіч (раней працавала адвакатам у юркансультацыі Бялыніцкага раёна) прызнала яго вінаватым у «паклёпе на Аляксандра Лукашэнку» (ч.1 і ч.2 арт.367 КК).
Паводле матэрыялаў справы, цягам двух гадоў Парашкоў пакідаў каментары на «Youtube» і ў «Instagram» на адрас Лукашэнкі, прычым некаторыя паведамленні ўтрымлівалі абвінавачанні «ва ўчыненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў».
Цікава, што каментары Парашкоў пачаў пакідаць задоўга да выбараў-2020. Так, першыя з іх прыйшліся на лістапад 2019 года.
Сідаровіч прысудзіла Уладзіміра Парашкова да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
15 кастрычніка Магілёўскі абласны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд. Ён быў пакінуты без змен.
***
76-гадовую пенсіянерку Ларысу Кулік судзілі паводле крымінальнага артыкула аб «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Вынікі суду над пенсіянеркай праваабаронцам невядомыя.
Як піша «Вясна», МУС таксама ўключыў жанчыну ў «спіс грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
***
Сілавікі затрымалі сямейную пару за ўдзел у пратэстах і падпіскі на «экстрэмістаў», паведамляе «Медыязона». Відэа з імі апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.
На камеру мужчына кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» каналы, удзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, адпраўляў інфармацыю ў чат боты каналаў "Чорная кніга Беларусі" і "Голас"».
Жанчына кажа, што працуе вядучым бізнэс-аналітыкам у IT-кампаніі. На камеру затрыманая гаворыць, што ў пратэстах не ўдзельнічала, але падтрымлівала пратэстоўцаў з балкона. Таксама жанчына нібыта была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы, пісала ў іх «абразлівыя» каментары і рабіла рэпосты.
«Медыязона» знайшла ў сацсетках старонку жанчыны, там яна падпісаная як Кацярына Краўцова. У якасці роднага горада паказаны Глыбокае Віцебскай вобласці. Мужчына ў «ВКонтакте» падпісаны як Міхаіл Краўцоў.
Па якім артыкуле затрыманы сужэнцы і дзе цяпер знаходзяцца, невядома.
***
Інваліду з Кобрына пагражае пазбаўленне волі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», піша «Наша Ніва».
У 2016 годзе ў машыне Аляксандра Краўчука выбухнуў газавы балон — мужчыну адарвала нагу. Пасля гэтага ён бесперапынна змагаўся з беларускімі чыноўнікамі.
55-гадовы Аляксандр Краўчук родам з Кобрына. Да траўмы займаўся прадпрымальніцтвам. У яго дарослы сын і непаўнагадовая дачка.
Судовы працэс над кобрынцам пачнецца 22 кастрычніка ў Брэсцкім абласным судзе. Аляксандру Краўчуку пагражае да сямі гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачанняў застаецца невядомай. Таксама невядома, ці затрыманы Аляксандр цяпер або знаходзіцца пад хатнім арыштам.
***
Суд Крупскага раёна Мінскай вобласці прызнаў ролік у TikTok з назвай «Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, прапанаваў Зелябобе выйсці раз на раз», які размясціў карыстальнік з імем Аляксандр, «экстрэмісцкім». Гэта вынікае з абноўленага пераліку «экстрэмісцкіх» матэрыялаў на сайце Мінінфарма, піша «Медыязона».
«Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:
- тэлеграм-чаты: «ГЦУ "ТЭРОР"» і «Блок Пракоп'ева-Ягорава»;
- Старонкі ў Instagram: «a.praskalovich», «a2.print», «hacakma», «sigovalera», «belsat_doc», «v_o_e_v_o_d_o_v_a», «abibok», «alesdabriyanik», «partyzanka_official», «merchfreedom_».
- акаўнты ў TikTok: «Zhive Belarus», «@mijaksenija1111», «Burekas».
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 625 дзён, Максіма Знака — 619 дзён, Мікалая Статкевіча — 616 дзён, Ігара Лосіка — 607 дзён, Віктара Бабарыкі — 545 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 475 дзён, Уладзіміра Гундара — 438 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1291 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1404 чалавекі. Сярод іх — 173 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.