«Перыяд жыцця, які я не выбіраў». Гісторыя беларуса, які вымушаны быў эміграваць у Польшчу

Камусьці ў замежжы не хапае родных мясцін, камусьці — свайго дому, сям'і. Герою гэтай гісторыі больш за ўсё не хапае сяброў. Самота — адна з самых невідавочных праблем эміграцыі.

_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg

Было страшна глядзець, але я праз гэта не прайшоў

Лявон працуе ў сферы ІТ, хаця адукацыю ў Беларусі так і не скончыў: заставаўся апошні курс, але пасля падзей 2020 года ён вырашыў з'ехаць. Згадвае, што актыўным удзельнікам пратэстаў не быў, але глядзець на тое, што адбывалася, было цяжка, дзеліцца ён у размове з журналістам «Польскага радыё»Паўлам Залескім.

— Было страшна на ўсё гэта глядзець і па тэлебачанні, і слухаць аповеды. Вельмі было крыўдна за людзей, балюча за іх. Праўда, я праз гэта не прайшоў.

На пачатку праблем не было, але потым стала не хапаць...

У Польшчы з асаблівымі праблемамі не сутыкнуўся, бо прыехаў па гуманітарнай візе, а потым хутка зрабіў від на часовае жыхарства.


Глядзіце таксама

— Працу шукаў — і пашанцавала. Я праграміст, прагледзеў вакансіі, хутка адгукнуліся і ўзялі на працу. У плане жылля таксама пашанцавала: знайшлі вельмі таннае і жывём там дагэтуль. Легалізацыя прайшла без праблем. Хаця для многіх гэта складаныя працэсы, у мяне нечаканасцей не было. Але з цягам часу адчуў, што не хапае сяброў з Беларусі, і праз гэтаз наступілі складаныя моманты. Часам не разумеў, у якім напрамку рухаюся як чалавек.

Дапамагаў бег

— І як ты вырашаў гэтую праблему?

— Пачаў бегаць, спрабаваў займацца іншымі актыўнасцямі, але дапамог толькі бег. Спрабаваў знайсці новыя сувязі, але я такі чалавек, што мне гэта цяжка.

— А ў Беларусі ў цябе шмат сяброў было?

— У тым і сэнс, што сяброў было няшмат і там, але мне іх вельмі бракавала. Там былі сапраўдныя сябры, і тут без іх было цяжка.

Усё ў нашай падсвядомасці

Няпросты перыяд у Лявона працягваўся некаторы час. Ён спрабаваў у вольныя дні падарожнічаць па краіне, знаёміўся з новымі гарадамі, але адчуваў, што гэта не яго занятак. З часам прыйшоў да высновы, што такія працэсы ўнутры сябе можна кантраляваць сваёй падсвядомасцю.


Глядзіце таксама

— Быў такі стан, калі хацелася сябе пашкадаваць, але цяпер я разумею, што гэтага можна пазбегнуць і ўспрымаць усё больш адэкватна. Калі раней мог заганяцца з думкамі, што няма нармальных знаёмых і буду сумаваць увесь дзень, то цяпер разумею, што проста я такі чалавек. Гэта мае асаблівасці, і тут няма нічога дрэннага. Я магу гэта змяніць, але пакуль мне не трэба. У мяне ёсць іншыя заняткі, і лепей на іх звярнуць увагу.

Асаблівай розніцы не заўважаю

Цікава, што з часам Лявону стала ўсё роўна, дзе жыць: у Беларусі ці ў Польшчы. Маўляў, калі б не было тут працы, а там яе можна было б лёгка знайсці, то, магчыма, вярнуўся б.

— Калі я жыў у Мінску, горад падабаўся, там таксама добрыя камунікацыі, крамы, банкі, шпіталі — асаблівай розніцы не бачу.

— Так, але ж тут іншая краіна, іншая культура...

— Наконт культуры думаю, што, каб яе добра зразумець, трэба добра жыць і ў беларускай, і ў польскай культурах. А я і дома мала кантактаваў з людзьмі. Хадзіў на заняткі ва ўніверсітэт — там звычайныя, адэкватныя людзі. Такіх самых бачу і тут на працы. Асаблівай розніцы не заўважаю, таму мне цяжка параўноўваць.

Не задумваўся, што жыву ў эміграцыі

Што датычыць эміграцыі, Лявон лічыць гэта проста пэўным перыядам жыцця, які ён не выбіраў.


Глядзіце таксама

— Я ніколі не задумваўся, што жыву ў эміграцыі. Для мяне гэта проста працяг жыцця, асаблівай розніцы не бачу, акрамя таго, што сяброў не стала. І раней у жыцці бывалі такія этапы змен: ва ўніверсітэт прыйшоў — нешта новае, на працу прыйшоў — нешта новае. І тут таксама: у новую краіну прыйшоў — нешта новае. Ніколі не лічыў, што эміграцыя — гэта нешта выключнае ў жыцці.

Мне няшмат патрэбна для жыцця

Журналіст «Польскага радыё» цікавіцца ў Лявона, ці не шкадуе ён, што трапіў у Польшчу, ці не страчаны для яго гэты час?

— Не. Мне цяжка ўявіць, якія маглі б быць альтэрнатывы, але гэта проста перыяд жыцця: не горшы і не лепшы, а нейкі свой. Калі б не паехаў, то не бачу кардынальнай розніцы — працаваў бы там. Там больш сяброў, не давялося б вучыць новую мову.

— А ці хочацца табе вярнуцца ў Беларусь?

— Хочацца. Спадзяюся, што мне гэта будзе прыемна, і не бачу прынцыповых перашкод. Мой сябар з'ехаў, бо тут лягчэй жыць і больш магчымасцей. У мяне няма такой прычыны не вяртацца. Мне няшмат патрэбна для жыцця, таму і там мне будзе дастаткова таго, што зараблю. Але там зручней з людзьмі, беларусамі, гэта будзе грэць сэрца. Не бачу ў гэтым аніякай праблемы.