СНБА: Заклік Пуціна паказаў, хто кіруе сепаратыстамі

Заклік прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна да сепаратыстаў адкрыць калідор для акружаных украінскіх вайскоўцаў азначае, што прарасійскімі баевікамі кіруюць расійскія ўлады, заявілі ў СНБА Украіны.



dnr1.jpg

«Указанне-заклік Пуціна тэрарыстам аб стварэнні калідораў для выхаду ўкраінскіх ваенных сведчыць толькі аб адным: гэтыя людзі кіруюцца і кантралююцца непасрэдна з Крамля», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Рады нацбяспекі і абароны Украіны.
У ноч на пятніцу на сайце Крамля быў апублікаваны зварот расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна «да апалчэння Наваросіі», у якім ён прапануе адкрыць калідор для акружаных ўкраінскіх вайскоўцаў.
Пасля гэтага закліку сепаратысты заявілі пра гатоўнасць даць гуманітарны калідор украінскім часткам.
Неўзабаве пасля гэтага аб гатоўнасці падтрымаць гэты план у эфіры тэлеканала «Расія 24» заявіў так званы «прэм'ер-міністр» ДНР Аляксандр Захарчанка.
«Пры ўсёй павазе да Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна, прэзідэнта той краіны, якая ў першую чаргу нам маральна дапамагае, мы гатовыя даць украінскім часткам, акружаным у гэтых катлах, гуманітарныя калідоры», — сказаў Захарчанка.
Разам з тым ён заявіў, што для атрымання гуманітарнага калідора Нацгвардыя Украіны павінна здаць цяжкае ўзбраенне і боепрыпасы. Гэтыя ўмовы ДНР вылучае як гарантыі таго, што зброя не будзе выкарыстана супраць сепаратыстаў.
Бі-Бі-Сі — Украіна