СМІ: у Расіі хочуць увесці ідэнтыфікацыю геймераў
Савет бяспекі Расіі даручыў міністэрству сувязі і ФСБ да 1 чэрвеня распрацаваць меры для ідэнтыфікацыі карыстальнікаў анлайн-гульняў і сацыяльных сетак па нумарах мабільных тэлефонаў.
Пра гэта са спасылкай на копію пратакола пасяджэння Савета бяспекі, падпісанага
Пуціным яшчэ 5 лістапада, паведамляе
РБК.
Анлайн-гульні ў гэтым выпадку прапанавана прыраўняць да арганізатараў распаўсюду інфармацыі.
Новыя абмежаванні, паводле РБК, відаць, звязаныя з тым, што гульнявыя чаты могуць выкарыстоўвацца для прыхаваных зносін, прычым, не толькі экстрэмістамі і арганізатарамі тэрактаў, але і апазіцыйных акцый.
Галоўны аналітык Расійскай асацыяцыі электронных камунікацый Карэн Казаран лічыць патрабаванні аб дадатковай праверцы карыстальнікаў неактуальнымі і залішнімі. Сацыяльныя сеткі і цяпер для пацверджання акаўнта запытваюць у карыстальнікаў нумар мабільнага тэлефона, які ў Расіі павінен быць прывязаны да пашпарта.
Сяргей Арлоўскі, заснавальнік кампаніі — распрацоўніка гульняў “Nival”, прагназуе, што большая частка замежных распрацоўшчыкаў гульняў праігнаруе гэтае патрабаванне. Доля расійскага рынку ад сусветнага ў гэтай галіне складае каля 2 працэнтаў, адзначыў ён.
У Крамлі і ўрадзе Расіі пакуль не пракаментавалі новую ініцыятыву.
Нагадаем, з 1 студзеня 2018 года ў Расіі ўступае ў сілу закон аб забароне ананімнасці ў месенджэрах. Абавязак прадстаўляць ФСБ інфармацыю для расшыфроўкі паведамленняў быў уведзены летам 2016 года пасля прыняцця "антытэрарыстычных" законаў, так званага "пакета Яравой".
Паводле Рускай службы "Радыё Свабода"