СААЗ не абяцае хуткага рашэння па вакцыне «Sputnik V»

Раней расійскія ўлады заяўлялі, што рашэнне аб ухваленні вакцыны ад COVID-19 тармозіцца па адміністрацыйных прычынах.

1590368973_0_0_2407_1564_1440x900_80_2_1_c289dbb78e394a4478c921f1e3a6545f.jpg


Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) працягвае вывучаць дадзеныя пра расійскую вакцыну «Sputnik V», пасля чаго яна можа быць ухваленая для экстранага выкарыстання супраць каронавірусу, але такое рашэнне нельга лічыць непазбежным. Перадае Радыё Свабода.

Тлумачэнне было зробленае пасля таго як міністр аховы здароўя Расіі Міхаіл Мурашка днямі заявіў, што адміністрацыйныя пытанні застаюцца адной з галоўных прычын затрымак у працэсе прыняцця рашэнняў СААЗ.

Такая ўхвала стала б сведчаннем міжнароднага даверу да вакцыны і магла б пракласці шлях да яе ўключэння ў праграму COVAX, у рамках якой вакцына ад COVID-19 пастаўляецца ў дзясяткі краінаў свету.

«Як і ў выпадку іншых вакцын-кандыдатаў, СААЗ працягвае ацэньваць вакцыну “Sputnik V” на розных вытворчых пляцоўках і апублікуе рашэнне аб яе статусе ў спісе вакцын, дазволеных для экстранага выкарыстання, калі будуць атрыманыя ўсе дадзеныя і праверка будзе завершаная», — сказана ў заяве САЗ.

Раней СААЗ ухваліла вакцыны вытворчасці кансорцыюму Pfizer і BioNTech, а таксама кампаніяў AstraZeneca, Johnson & Johnson, Moderna, Sinovac і Sinopharm.

У Беларусі на гэты момант ухваленыя для выкарыстання расійскія вакцыны «Sputnik V» і «Sputnik Light» і кітайская Sinopharm. На мінулым тыдні міністр здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што неўзабаве можна будзе прышчапіцца і вакцынамі Pfizer і AstraZeneca, але, адрозна ад даступных цяпер вакцынаў, толькі за грошы.