Рускія немцы: «Казаць пра канец Еўропы — гэта перабор!»

Мяне пытаюць часам: «Што любіш больш — Расію ці Германію?» Ну чаму я нешта адно маю любіць, а іншае ненавідзець? Ёсць, канешне, артадоксы і сярод нас, але такіх няшмат». А што яшчэ расказваюць «рускія» ў Германіі?

131200rjckhcqqzjeqq72c.jpg


Аснова грамады рускіх немцаў у Берліне — нашчадкі сасланых Сталіным немцаў з Паволжа. У 1990-я гады Германія дазволіла ім вярнуцца на сваю тэрыторыю і атрымаць грамадзянства. Часцяком гэта ўжо людзі з рускімі прозвішчамі і савецкім мінулым, якім даводзілася адаптоўвацца з нуля. Сярод іх — журналіст Аляксандр Райзер.
З ім давялося сустрэцца на офісе арганізацыі «Vision e.V.» у берлінскім раёне Марцан. Гэты раён лічыцца не самым заможным. Побач інтэрнаты для бежанцаў, а мясцовыя галасуюць за правых радыкалаў з партыі «Альтэрнатыва для Германіі». На 250 000 жыхароў раёну (памер сярэдняга горада) прыпадае 30 000 рускамоўных і 1 500 в’етнамцаў. Знешне — звычайны «спальнік», якіх і ў Мінску хапае.Аляксандр пагадзіўся па­дзяліцца сваімі меркаваннямі наконт праблемы бежанцаў, адаптацыі выхадцаў з Саюзу ды расійскай прапаганды, якая трапляе нават сюды.

Аляксандр Райзер.

Аляксандр Райзер.



На такой мове не гавораць ужо гадоў 250…

Я вырас у Сібіры ў вёсцы, якую складалі сасланыя з Паволжа немцы. Да сямі гадоў размаўляў толькі па-нямецку. Калі прыехаў сюды ў 1990-я, мяне ніхто не разумеў. Аказалася, што такой мовай тут не гавораць ужо гадоў 250, гэта дыялект, які ўжо даўно па-за ўжыткам. Давялося перавучвацца.

Давесці, што мы «нармальныя людзі»

Да нас на пачатку вельмі насцярожана ставіліся, асабліва на тэрыторыі былой ГДР. Маўляў, «толькі пазбавіліся ад рускіх — і вось яны зноў…» Газеты пісалі пра «рускую мафію», якая крадзе машыны і гоніць на ўсход і г.д. Мы стварылі Форум перасяленцаў, куды запрашалі палітыкаў, журналістаў, грамадскіх актывістаў. Трэба было давесці ўсім, што мы «нармальныя людзі». Так і стварылі сваю арганізацыю.

1453449825_8temhuxooje.jpg


«Глядзіце, тут лясы ёсць!»

Другі этап — гэта распавесці самім перасяленцам з былога СССР пра Германію. Аказвалася часам, што некаторыя гадамі жылі тут і ніколі не выязджалі з Берліну. Таму арганізоўвалі экскурсіі ў розных напрамках. Некаторыя вялікія вочы рабілі: «Глядзіце, тут лясы ёсць!» Я пытаюся: «А ты што думаў?» «А я думаў, што прамысловая зона да самага мора…» Такія ўражанні былі.

Ніводнае рашэнне без нас не прымаецца

Галоўнымі вынікамі шматгадовай працы стала безумоўная павага да рускамоўных ды той момант, што ніводнае рашэнне наконт нас не прымаецца без нашага ўдзелу. Зараз мы маем нават сваіх людзей у партыях — СДПГ, ХДС, напрыклад.

Хто хоча — той працуе

Шмат хто з нашых заняты ў фірмах па сацыяльным дагля­дзе за састарэлымі. Дзяржава наймае такую фірму, плаціць грошы, а супрацоўнікі даглядаюць старых. Бываюць і злоўжыванні: дапісваюць, прыкладам, «мёртвыя душы»… Рускія, што тут скажаш… Наогул жа, калі нехта прыязджае, то спачатку ідзе шасцімесячны курс мовы, пасля — навучанне праз біржу працы, пасля ўжо самастойнае працаўладкаванне. Хто хоча — той працуе.

На офісе рускай грамады

На офісе рускай грамады


Алкаголь, «Адзідас» і «Крым наш!»

Ёсць і тыя, хто нічога рабіць не хоча. Сядзяць каля кіёскаў у касцюмах «Адзідас» ды п’юць разам з в’етнамцамі ды мясцовай алкашнёй. Дзяржава часам занадта гуманная да іх. Бывае, чалавек па 15–20 гадоў ся­дзіць на сацыяльнай дапамозе, нават не ведаючы мовы! Гэта пара­зітызм. Яны акурат, не ведаючы нямецкай, глядзяць НТВ, скандуюць: «Крым наш!». Дык едзьце, кажу. Не, ні за што…


Пенсіі — боль мігрантаў з СССР

Ці не галоўная праблема — гэта пенсіі. У большасці мігрантаў па мясцовых мерках малы стаж. У выніку, 60% мігрантаў будзе жыць на сацыяльную дапамогу. Гарантаваны дзяржавай пражытачны мінімум тут складае 380 еўра, але па мерках Германіі гэта не так і шмат.

Нічога ж не змянілася, але страх з’явіўся

Пасля 2014 года ў нас назіраецца пэўны раскол. Нехта за «крымнаш», нехта — супраць. Шмат хто глядзіць расійскае тэлебачанне, а пасля пераказвае адно аднаму. Прыходзяць да мяне, напрыклад, і распавяда­юць, як страшна жыць у Германіі. Хоць самі тут жывуць! Нічога ж не змянілася, але страх з’явіўся. Гэта сіла расійскага тэлебачання… Я вось як хадзіў па начах, так і хаджу — не баюся, хоць побач ёсць інтэрнаты з бежанцамі.

Люблю Расію

Вельмі люблю Расію. Мяне пытаюць часам: «Што любіш больш — Расію ці Германію?» Ну чаму я нешта адно маю любіць, а іншае ненавідзець? Ёсць, канешне, артадоксы і сярод нас, але такіх няшмат.

Ганарыцца сваёй краінай — няёмка?..

Мы прывыклі ганарыцца сваёй краінай. А тут чамусьці гэта лічыцца няёмкім. Маўляў, гэта нацыяналізм, перажытак мінулага. Мы курсы рускай мовы ладзім, асабліва для дзетак. Лічым гэта важным. Якой бы ні была палітычная сітуацыя, але сваю мову дзеці павінны ведаць.

070716_184959_99840_2.jpg


«Астапы бэндэры»

Ёсць у нас і свае «астапы бэндэры». Напрыклад, нейкая «Партыя расійскага адзінства». У рэальнасці гэта 20–30 чалавек, якія вераць у тэорыю змовы і сусветную закулісу. Але калі нехта з іх едзе ў Крым, дык яго там з аркестрам сустракаюць, экспертам выстаўляюць, а ён кажа: «Пяцьсот тысяч расійскіх немцаў хочуць пераехаць у Крым!» Мы тут за галаву бярэмся… Хто гэта? Яго ж тут ніхто не ведае!

Ліза — цнатлівая!

Калі з’явілася інфармацыя пра «згвалтаваную Лізу», якую падхапіла расійскае тэлебачанне, мы вырашылі ўсё праве­рыць. Тая гісторыя, дзе бежанцы, маўляў, каталі ў машыне расійскае дзяўчо і гвалцілі суткі ці болей, памятаеце? Дык вось, знайшлі бацькоў, юрыстаў, нават бацюшку для псіхалагічнай дапамогі. А ў выніку экспертыза паказвае, што дзяўчынка наогул цнатлівая! А тую ноч, пра якую ўсе крычалі, правяла ў сваіх знаёмых.

Праблемы з бежанцамі будуць

Праблемы з бежанцамі з Поўдня будуць, безумоўна. Ведаем гэта па сваім досведзе. Мову не вучаць, расчароўваюцца, а потым з’яўляецца злосць і зайздрасць да немцаў… Дык нашы хоць 10 класаў школы маюць гарантавана, а іракцы ды афганцы? Чатыры класы?.. Рынак нізкакваліфікаванай працы тут вузкі, таму будуць канфлікты.

«А мы ў Казахстане бараноў стрыглі так…»

У гэтым раёне пяць інтэрнатаў для бежанцаў: Сірыя, Афганістан, Дагестан, Чачня… Там, дарэчы, у персанале і нашы працуюць. Дык мы адмыслова мерапрыемствы ладзім, каб страх пераадольваць, водзім сваіх туды гарбаты папіць, за сталом пасядзець. Спачатку баяцца, а праз паўгадзіны ўжо распавядаюць адно аднаму, як правільна кароў пасвіць альбо: «А мы ў Казахстане бараноў стрыглі так…» (смяецца).

На офісе рускай грамады

На офісе рускай грамады


Мільён бежанцаў — гэта зашмат!

Не ўсе ж бежанцы тэрарысты і ісламісты. Я не кажу пры гэтым, што праблемы няма. На маю думку, мільён бежанцаў для Германіі — гэта зашмат! І мы крытыкуем урад за гэта. Але казаць пра канец хрысціянскага свету і Еўропы, як гэта часам гучыць па расійскіх каналах, гэта ўжо перабор!