Каляды ў Германіі: ад Крампуса да Святога Мікалая

Нягледзячы на трагедыю, жыхары Германіі рыхтуюцца устрэць Каляды і Новы год. Калейдаскоп нямецкіх калядных традыцый захаваўся на працягу стагоддзяў ды паўплываў на ўяўленне пра святкаванне ва ўсім свеце.

4_22.jpg


У чаканні Калядаў і Новага года немцы пераўтвараюць сваю краіну ў тэрыторыю казак і цудаў, робячы з яе нешта кшталту пернікавага доміка на радасць турыстам з усяго свету ды суайчыннікам. Феерыя агеньчыкаў, ялінак, вянкоў з амелы, свечак, у суправаджэнні паху глінтвейну ды міндальнага печыва стварае сапраўды незабыўнае ўражанне. Нічога дзіўнага няма ў тым, што шмат якія нашы ўяўленні пра Каляды і звязаныя з гэтым традыцыі маюць акурат нямецкія карані.

Педантычныя ў кожным аспекце жыцця і культуры немцы пачынаюць рыхтавацца да Калядаў задоўга да 24 снежня. Яшчэ 11 лістапада аб 11 гадзіне 11 хвілін ва ўсіх нямецкіх гарадах ды мястэчках стартуе сезон зімовых карнавалаў — так пачынаецца вялікі калядны цыкл.


upryhozvanni___fota_autara__1__logo.jpg


Адвент-каляндар

Аднак не варта лічыць, што святкаванне Калядаў выключна карнавальнае, тым больш камерцыйнае, разлічанае на турыстаў. Галоўны аспект — як сотні год таму, так і зараз, — сямейны.

Так, за чатыры тыдні да Божага Нараджэння ў нямецкіх сем’ях Гамбурга, Бонна, Мюнхена, Берліна і іншых гарадоў святкуюць Адвент. У дамах і кватэрах вешаецца або ставіцца вянок амелы з чатырма свечкамі. Спачатку запальваецца толькі адна свечка, а ў кожную наступную нядзелю — наступная. У апошнюю нядзелю гараць ужо ўсе чатыры агеньчыкі, — значыць, свята ўжо на парозе.

Яшчэ адна традыцыя, звязаная з Адвентам — гэта так званы Адвент-каляндар. Ён мае 24 акенцы — па колькасці дзён, якія засталіся да Нараджэння Хрыстовага. Кожны дзень дзіця адчыняе адно акенца і знаходзіць за ім шакаладную цукерку ці іншыя прысмакі. Ёсць і календары для дарослых — у акенцах могуць быць напісаныя жарты альбо змешчаныя рэпрадукцыі твораў мастацтва. Цікава, што адпаведныя календары зараз можна прыдбаць і для… хатніх жывёлаў: у акенцах будуць торбачкі з кормам.


Калядная ялінка

Ці не самы вядомы калядны сімвал, які разышоўся па ўсім свеце менавіта з Германіі, — гэта, канешне, ялінка. Паводле старадаўніх павер’яў, сярод яловага вецця хаваўся лясны дух. Некаторыя даследчыкі таксама сцвярджаюць, што ялінка — сімвал смерці адыходзячага года. Гэта адзінае дрэва, галіны якога скіраваныя не да сонца, але апушчаныя да зямлі як руна «Toten» — руна смерці. Славянскі звычай высцілаць хвояй сцяжынку да хаты памерлага — з той жа катэгорыі.

З часам ялінка трансфармавалася з паганскага сімвалу смерці ў адзнаку радасці і свята. Лічыцца, што першыя ялінкі, упрыгожаныя салодкімі прысмакамі, арэхамі ды яблыкамі, з’явіліся ў дамах эльзаскіх баўэраў і бюргераў яшчэ ў XVI стагоддзі. Прыкладна праз стагоддзе да ўсяго пералічанага камплекту ўпрыгожванняў дадаліся і свечкі. Зараз свечкі трансфармаваліся ў агеньчыкі і каляровыя гірлянды. Зрэшты, і сама ялінка ў сучасным успрыманні можа быць вельмі сімвалічнай — напрыклад, у выглядзе драбіны-страмянкі, з якой звісаюць шары і фігуркі.

upryhozvanni___fota_autara__2__logo.jpg




Святы Мікалай і яго антыпод

6 снежня — задоўга да Божага Нараджэння — адзначаецца дзень Святога Мікалая, які ў мультыкультурным свеце паспяхова ператварыўся ў Санта Клаўса. Напярэдадні ўвечары маленькія немцы прыводзяць у парадак свой абутак і выстаўляюць яго перад дзвярыма ў чаканні падарункаў, якія павінны там з’явіцца зранку. Паслухмяныя дзеці на працягу сотняў гадоў знаходзяць там раніцай прысмакі ды цацкі.

Значна менш вядомы нам персанаж — антыпод Святога Мікалая — Крампус. У розных частках Германіі ён называецца па-рознаму: Дзікі Клаўс, Кнехт Рупрэхт і інш. Фактычна, гэта інфернальная істота з рогамі ды капытамі, якая не адорвае дзяцей, а наадварот пужае ды патрабуе справаздачу за дрэнныя ўчынкі, зробленыя на працягу года.


Крампус

Крампус


Крампус мае свой мяшок, але носіць у ім вугаль, каб пакласці найбольш гарэзлівым хлопчыкам ды дзяўчынкам пад падушку. Найбольш упартых неслухаў істота можна нават закінуць у свой мех, каб выкінуць у мора альбо аднесці ў чорны замак ды з’есці. Часам Крампуса выяўляюць з бярозавымі розгамі, якімі той можа пакараць маленькіх немцаў, альбо, як варыянт, пакінуць сваю зброю бацькам на ўвесь год — як напамін пра магчымае пакаранне.

З культам Крампуса ў сярэднявеччы змагалася каталіцкая царква, але старадаўні культ аказаўся жывучы. У выніку атрымаўся дуэт: добры Святы Мікалай і злы Крампус. Інфернальныя з выгляду шэсці захутаных у бурую альбо чорную поўсць з казлінымі рогамі крампусаў і зараз праводзяцца ў Германіі і Аўстрыі.


krampus_va_usjoj_krase__3_.jpg
krampus_va_usjoj_krase__4_.jpg


У якасці казачных спадарожнікаў Калядаў таксама выступаюць Шчаўкунок (той самы, што апісаны ў казцы Гофмана) ды Фраў Холле. Апошняя гераіня можа інтэрпрэтавацца як «Спадарыня Зіма» альбо «Пані Мароз». Першакрыніца гэтага вобразу — язычніцкая багіня Хольда, якую шанавалі разам з Вотанам і Торам. З часам паганскі кантэкст адышоў, а Фраў Холле пераўтварылася ў казачнага персанажа, больш вядомага нам з казак братоў Грым.


Крампус ва ўсёй красе

Крампус ва ўсёй красе



Кірмашы з 500-гадовымі традыцыямі

Асобная тэма — кірмашы, якія цягам каляднага цыклу праводзяцца па ўсёй Германіі. Там можна набыць інгрэдыенты для святочных страваў, выпіць піва альбо глінтвейну, з’есці пернік альбо каўбасу, засмажаную тут жа, альбо забегчы на коўзанку, якая можа знаходзіцца ў цэнтры кірмашу, схаваная за драўлянымі лаўкамі гандляроў. Сёння кірмашы арыентуюцца і на турыстаў, таму прыдбаць тут можна літаральна ўсё: ад фанацкіх шалікаў ды піўных куфляў да статуэтак Буды.

Кожны кірмаш мае свае рэгіянальныя адметнасці. Прыкладам, кірмаш у Мюнхене адчыняецца яшчэ 1 лістапада — за два месяцы да Новага года — і зварочваецца ў 20-х днях таго ж месяцу. Мюнхенскі кірмаш знакаміты сваёй гіганцкай 30-метровай елкай з больш як 2 000 свечак.

Адзін з найбольш вядомых кірмашоў праводзіцца ў Нюрнбергу. Там разліваюць свой непаўторны глінтвейн і смажаць фірмовыя каўбаскі. Дызайн адмысловых кубкаў для глінтвейну змяняецца штогод, на радасць турыстаў ды калекцыянераў.

Дрэздэнскі кірмаш вядомы сваім кексам — штоллен, традыцыя прыгатавання якога налічвае ўжо сотні гадоў. Традыцыя бярэ пачатак ад 1560 года, калі мясцовыя пекары зрабілі кекс у падарунак манарху, але памер і вага атрымаліся настолькі ўнушальнымі, што падняць прысмак змаглі толькі 16 чалавек!


Гуска, свініна і каша

Святы вечар 24 снежня ў традыцыйных нямецкіх сем’ях прынята сустракаць у хатнім коле, пасля наведвання каталіцкай царквы альбо пратэстанцкай кірхі. Як і ў беларусаў, у немцаў ёсць пэўныя стандарты адносна сервіроўкі святочнага стала: як правіла, гэта мае быць сем альбо дзевяць страваў. Гэта можа быць і даволі сціплая пшонная каша на малацэ, прыпраўленая мёдам ды маслам, а можа быць і фаршыраваная гуска альбо свініна з квашанай капустай.

Хатняя вячэра — час, калі сям’я сустракаецца разам, каб павіншаваць адно аднаго ды абмяняцца падарункамі. Зрэшты, дзеці могуць разлічваць на падарункі яшчэ і на наступную раніцу. Вось толькі прыносіць іх ужо не Святы Мікалай, і зусім не Дзед Мароз, а Weihnachtsmann, што даслоўна перакладаецца як «Чалавек Раства». У некаторых мясцовасцях, напрыклад, у Баварыі, дзетак адорвае Калядны анёл.

Божае Нараджэнне, у пэўным сэнсе, час цішыні і медытацыі. Кавярні, кірмашы і крамы спыняюць працу, жыццё замірае ў чаканні нараджэння Збаўцы.


upryhozvanni___fota_autara__3__logo.jpg



Як заскочыць у Новы год?

Навагодняя ноч, у адрозненне ад Божага Нараджэння, адзначаецца як мага больш гучна і пампезна. Гэта час, калі нельга сядзець у хаце, а трэба выходзіць на вулічныя гулянні, канцэрты ды вячоркі ў клубах. Навагодняя ноч, пры гэтым, можа пачацца за хатнім сталом, а пасля ўжо перамясціцца на вуліцу, але толькі пасля абавязковага рытуалу: калі гадзіннік пачынае адбіваць «12» людзі розных узростаў забіраюцца на табурэты, фатэлі і крэслы, каб на апошнім удары «заскочыць» у Новы год.

Навагоднія салюты, у сваю чаргу, — не проста марнатраўства ды шык. Паводле старадаўняй традыцыі, стрэлы з гарматаў і рушніцаў мелі на мэце адпужваць злых духаў рознага кшталту. Яшчэ адна традыцыя — пошук на вуліцы трубачыста, сустрэча з якім абяцае немінучы поспех у надыходзячым годзе. Але найбольш шчасця атрымаюць тыя, хто здолее ў гэтую ноч яшчэ і вымазацца сажай — у гэтым разе ўдача дакладна не абыдзе бокам.

Сімвалічна, што нягледзячы на мультыкультурны курс у палітычным ды сацыяльным жыцці, немцы захавалі старыя традыцыя святкавання каляднага цыклу, сумясціўшы іх не толькі з сучаснасцю, але і з турыстычным попытам. Так традыцыя робіцца неўміручай ды зачароўвае не адно немцаў, але і ўсіх наведнікаў гэтай цудоўнай краіны.