Рэабілітаваць Вагнера

Германія адзначае 200-ю гадавіну нараджэння Рыхарда Вагнера — любімага кампазітара Гітлера.  У нацысцкай Германіі вакол аўтара славутага «Палёту Валькірый» быў створаны сапраўдны культ.



composer_richard_wagner_c_001.jpg

Рыхард Вагнер

«Рыхард Вагнер стварыў «Пярсцёнак Нібелунгаў», бо верыў у нямецкі дух, і ў тое, што сёння місія немцаў... заключаецца ва ўсведамленні ўласнай гістарычнай ролі і канчатковым фармаванні нямецкай нацыі», — сцвярджаў у 1930-я гады гітлераўскі афіцыёз. Існавала нават негалоснае правіла: суправаджаць усе публічныя мерапрыемствы нацыстаў музыкай Вагнера, у прыватнасці фрагментам з оперы «Рыенцы».

Тое, што сярод фанатаў Вангера былі такія маласімпатычныя людзі, як нацысты, — яшчэ палова праблемы. Сапраўдная праблема ў тым, што Гітлер пры жыцці на кожным кроку падкрэсліваў, што творы Рыхарда Вагнера і сама постаць кампазітара натхнялі яго. Сакратарка Гітлера пасля вайны распавядала, што яе бос 160 разоў глядзеў пастаноўку «Пярсцёнка Нібелунгаў». У размовах з партайгеносе лідар Трэцяга Рэйху загадкава казаў: «Ніхто на самай справе не ведае, кім быў Вагнер». Дарэчы, Вагнер памёр 13 лютага 1883 года. Амаль роўна праз пяцьдзясят гадоў, 30 студзеня 1933 года, Гітлер быў абраны канцлерам Германіі. У нацысцкай прапагандзе гэтае супадзенне датаў успрымалася як знак. На сваё 50-годдзе Гітлер атрымаў у падарунак арыгінальныя партытуры некалькіх опер Вагнера, і, нягледзячы на пратэсты сям’і Вагнера, узяў іх з сабой у апошні шлях у берлінскі бункер увесну 1945-га.

Дададзім, што музыка Вагнера выконвалася ў канцэнтрацыйных лагерах. Таму для тых, хто перажыў нацысцкі палон, яна назаўсёды звязаная са страшным часам нацызму.

Міф пра Вагнера як духоўнага настаўніка Гітлера добра прапісаўся ў сучаснай масавай культуры. Тут свой унёсак зрабіў Галівуд. У 1942 годзе Дысней выдаў прапагандысцкі мультфільм, у якім фашыст быў намаляваны як карыкатура на герояў Вагнера. На фоне яго гучаў той самы «Палёт Валькірый». У адной з камедый Вудзі Алена яго герой (як заўсёды неўротык-інтэлектуал) прызнаецца: «Калі я слухаю Вагнера, я жадаю захапіць Польшчу».

Цяперашняя 200-я гадавіна нараджэння самага вялікага кампазітара праходзіць у Германіі пад нефармальным лозунгам — разбурыць вышэй згаданыя забабоны, прадставіць юбіляра як больш складаную постаць, а не як уверцюру да Гітлера. Пачаць можна з таго, што нацысты не комплексна выкарыстоўвалі музыку Вагнера для сваіх мэтаў. Інтарэс быў толькі да той часткі, якая адпавядала нацысцкім задачам: затое такія творы кампазітара, як «Трыстан і Іжота» ці «Парсіфаль» былі праігнараваныя.

Відавочна, што нацысцкія прапагандысты не звярнулі ўвагі на такі этап біяграфіі Вагнера, як удзел у майскім паўстанні ў Дрэздэне ў 1849 годзе, падчас якога ён змагаўся на барыкадах побач з Міхаілам Бакуніным — анархістам, адным з лідараў першага Інтэрнацыянала. Замоўчваўся інтарэс маладога Рыхарда да тэорый іншага анархіста — П’ера Прудона. Нацысты хавалі, што Вагнерам захапляліся шматлікія сюррэалісты, нямецкія прагрэсіўныя пісьменнікі накшталт Генрыха Мана і іншыя ідэйныя праціўнікі нацызму. Не вельмі пасуе вобразу Вагнера як нейкага ірацыянальнага нацыяналістычнага фанатыка яго ціхае апалітычнае жыццё пры двары баварскага караля Леапольда, які зрабіў яго прыдворным кампазітарам.

Галоўны тэзіс аўтараў цяперашніх публікацый пра Вагнера: Вагнер быў чалавекам сваёй эпохі. Яго ідэйныя пазіцыі і канцэпты твораў фармаваліся пад уплывам грамадскіх трэндаў. А ў Германіі ў ХІХ стагоддзі такім трэндам быў рух за адзінства краіны. Таму оперы Вагнера адлюстроўваюць нацыяналістычны светапогляд, хаця іх нельга адназначна закляйміць як «нацысцкую музыку», паколькі нацыянальны рух немцаў у ХІХ стагоддзі меў таксама прагрэсіўнае значэнне.

Ідэя адраджэння Германіі таксама выклікала тады вялікі інтарэс да эпасу старажытных германцаў. Узнік цэлы жанр патрыятычнай літаратуры, героямі якіх былі старажытныя германцы або іх багі. Вырашыў скарыстацца гэтым прыёмам і Вагнер.

Асноўным штуршком для Вагнера сесці за славутую трылогію «Пярсцёнка Нібелунгаў» стала рэпліка французскага міністра пра тое, што рака Рэйн — ёсць прыродная мяжа паміж Францыяй і Германіяй. Замах французаў на частку Рурскай вобласці, якая знаходзіцца па той бок Рэйна, выклікаў патрыятычны ўздым у нямецкім грамадстве. У такой атмасферы і нарадзілася ідэя твору. Палітыка аказвала і пазней ціск на вагнераўскую музыку. Сучаснікі адзначалі, што пазітыўныя героі яго опер чымсьці нагадваюць Бісмарка, які жалезам і крывёю праводзіў курс на аб’яднанне Германіі.

Ніхто з аўтараў артыкулаў пра Вагнера, натуральна, не адмаўляе тое, што кампазітар сапраўды быў антысемітам. Так, Вагнер быў катэгарычна супраць таго, каб прэм’ерай яго оперы «Парсіфаль» дырыжыраваў яўрэй Герман Леві, і патрабаваў, каб Леві перад выступам хрысціўся. Цікава, што антысеміцкі памфлет Вагнера «Яўрэйства і музыка» ў Расіі знаходзіцца ў спісе забароненай экстрэмісцкай літаратуры. Аднак наколькі сістэмнымі былі вагнераўскія антысеміцкія погляды? На старонках нямецкіх часопісаў сцвярджаюць, што нелюбоў да яўрэяў была выклікана асабістым канфліктам з адным яўрэем-суседам, якому Вагнер надаў глабальны маштаб.

Калі скласці ўсю атрыманую з нямецкай культуры інфармацыю, можна зрабіць наступае рэзюмэ. Вагнер быў кангламератам ідэй, у тым ліку часам радыкальных, аднак антысістэмным чалавекам яго назваць цяжка. У выпадку, калі нацысты сапраўды б разглядалі кампазітара як свайго ідэйнага прарока, Трэці Рэйх выглядаў як нямецкая дзяржава часоў Бісмарка з папраўкай на тое, што фюрэр павінен быў быць патронам музычнага мастацтва.

Што тычыцца захаплення Гітлера Вагнерам, то, на думку нямецкіх газет, тут мы маем нейкі невядомы нам псіхалагічны бзік. Сапраўды, чаму і як у Гітлера ўзнікла ідэя атаясамліваць сябе з Вагнерам і шукаць у яго творах нейкае закадаванае пасланне, ды яшчэ на свой асабісты адрас? Гісторыкі лічаць, што адказ на загадку трэба шукаць у венскім этапе біяграфіі Адольфа, калі ён як маргінал швэндаўся па аўстрыйскай сталіцы. Нейкі матыў прымусіў яго ўстанавіць кантакт з арганізаваным антысеміцкім рухам, які пазнаёміў яго з поглядамі і творамі Вагнера. Аднак што гэта быў за матыў, пакуль не вядома.