Расійцы пачалі прымусовую мабілізацыю на захопленых тэрыторыях Украіны
Прымусовая мабілізацыя пачатая на захопленых расійцамі тэрыторыях Херсонскай, Запарожскай і Харкаўскай абласцей.
Расійскія захопніцкія войскі праводзяць прымусовую
мабілізацыю, у тым ліку медыкаў, на акупаваных украінскіх тэрыторыях поўдня і ўсходу.
Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства
абароны Украіны ў Facebook.
«Акупанты праводзяць мабілізацыю ўкраінскіх медыкаў,
якія застаюцца на акупаваных тэрыторыях», — адзначаецца ў паведамленні. У
прыватнасці, дадаюць у выведцы, у горадзе Ваўчанск (Харкаўская вобласць)
малодшы медыцынскі персанал устаноў першаснай медыка-санітарнай дапамогі прымусова
адпраўляюць на перадавую для аказання першай медыцынскай дапамогі параненым
расійскім салдатам, у выпадку адмовы пагражаюць расстрэлам.
Таксама пачатыя мабілізацыйныя мерапрыемствы сярод
мясцовага насельніцтва на акупаваных тэрыторыях Херсонскай, Запарожскай і
Харкаўскай абласцей.
«З мэтай забеспячэння мабілізацыйных мерапрыемстваў
практычна цалкам перакрытая магчымасць выезду з Херсонскай вобласці на
кантраляваныя Украінай тэрыторыі. Значна абмежаваная магчымасць выезду ў бок
РФ», — сказана ў паведамленні.
Акрамя таго, у Запарожскай вобласці расійскія вайскоўцы і
супрацоўнікі ФСБ шукаюць людзей прызыўнога ўзросту. «Менавіта яны павінны
папоўніць склад баявых падраздзяленняў РФ на найбольш праблемных кірунках», — гаворыцца ў паведамленні.
У ГУР адзначылі, што гэтыя мерапрыемствы праводзяцца
нягледзячы на пераважна праўкраінскую настроенасць насельніцтва абласцей і
агульную матывацыю супраціўляцца расійскім захопнікам.
Раней упаўнаважаная ВР Украіны па правах чалавека Людміла
Дзянісава распавядала, што на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці
акупанты прымусова мабілізуюць дзеячаў культуры, студэнтаў ВНУ і іх
выкладчыкаў.
Акрамя таго, па даных Дзянісавай, акупацыйная ўлада так
званых «ЛНР» і «ДНР» мабілізуе ў незаконныя ўзброеныя
фарміраванні непаўналетніх хлопцаў. На вайну адпраўляюць дзяцей, якія былі
сябрамі патрыятычных клубаў.
Паводле unian.net.