Расія. Злачынцаў замест турмы прапануюць адпраўляць у войска
У Дзярждуме прапанавалі новую альтэрнатыву пазбаўленню волі за злачынствы малой і сярэдняй цяжкасці, таму што армія — больш дзейсны выхаваўчы інстытут, чым турма.
Фота "Известия"
Дэпутат ад ЛДПР Аляксей Дзідзенка, чалец камітэта Дзярждумы па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, рыхтуе праект закона аб унясенні змяненняў у Крымінальны кодэкс РФ і ў ФЗ "Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе". Змяненні прадугледжваюць увядзенне новай выхаваўчай меры для асоб, якія ўчынілі негвалтоўныя злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасці, паведамляюць "Известия".
Аляксей Дзідзенка прапануе як альтэрнатыву крымінальнаму пакаранню, у тым ліку пазбаўленню волі, абавязак праходжання ваеннай службы ва Узброеных сілах Расіі, за негвалтоўныя злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасці, калі іх учынілі мужчыны ўпершыню ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў.
На думку Дзідзенкі, гэта новаўвядзенне дазволіць больш гуманна падыходзіць да пытання перавыхавання грамадзян, упершыню асуджаных за нязначныя злачынствы, а таксама ў пэўнай меры вырашыць і пытанне з перапоўненасцю месцаў пазбаўлення волі.
— У нас ужо даўно існуе праблема з перапоўненымі турмамі, — адзначыў Аляксей Дзідзенка. — За апошнія 5 гадоў прайшлі дзве амністыі. Эксперты прапаноўвалі і прапаноўваюць розныя меры па выпраўленні гэтай сітуацыі, часцяком указваючы, што шэраг злачынцаў — у прыватнасці, якія ўчынілі эканамічныя злачынствы, — можна караць і іншым спосабам, чым пазбаўленне волі. Мы, у сваю чаргу, прапануем для мужчын, якія ўпершыню ўчынілі крымінальнае злачынства негвалтоўнага характару лёгкай і сярэдняй цяжкасці, разгледзець магчымасць іх выпраўлення праз службу ў расійскіх Узброеных сілах. Тым больш, наша армія, магчыма, з'яўляецца нават больш дзейсным выхаваўчым інстытутам, чым турэмная сістэма.
Тэрмін службы ў войску будзе роўны тэрміну пазбаўлення волі, па гэтых артыкулах.
Новая норма не будзе распаўсюджвацца на асоб, якія ўчынілі гвалтоўныя, цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы.