Расія. Не ўсе могуць браць удзел у конкурсах прыгажосці

Цікавай аказалася рэакцыя мусульманскай грамадскасці былога СССР на перамогу на конкурсе «Міс Расія–2013» Эльміры Абдразакавай — этнічнай татаркі з Кузбасу. Як вядома, гэта перамога стала шокам для рускіх нацыяналістаў.



455825_detail.jpg

Яны так дасталі Эльміру ў сацыяльных сетках, што тая зачыніла свой акаўнт. Варта таксама адзначыць, што раней татарка ўжо была першай прыгажуняй РФ, аднак гэты факт не палітызаваўся, што, відавочна, сведчыць пра рост нацыяналістычных настрояў сярод рускіх.

 

Пакуль рускія нацыяналісты не знаходзяць сабе месца, татарскія, наадварот, святкуюць перамогу, разглядаючы поспех як праяву нацыянальнай перавагі. Так, татарскі нацыяналістычны рэсурс «Трыбуна» апублікаваў спіс усіх расійскіх конкурсаў, на якіх перамаглі татарскія дзяўчыны.

 

Аднак сярод татар, дзе апошнім часам назіраецца рост ісламскіх настрояў, ёсць і іншыя думкі. Так, паводле жоўтай прэсы, пасля конкурсу жаніх Эльміры разарваў з ёй адносіны. Некаторыя ісламскія групоўкі ўвогуле выступілі з ініцыятывай забароны дзяўчатам з мусульманскіх рэгіёнаў РФ быць рознага кшталту «міс». У гэтым плане варта ўзгадаць, што год таму з такой ініцыятывай выступіў адзін з дэпутатаў парламента Казахстана.

 

Паводле расійскай прэсы