Расія збіла азербайджанскі авіялайнер? Што вядома пра катастрофу рэйса «Баку — Грозны»

У якасці адной з версій авіякатастрофы пад Грозным называюць працу расійскага СПА.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Авіякампанія «Azerbaijan Airlines», чый самалёт не змог прызямліцца ў Грозным 25 снежня і разбіўся ў Казахстане, абвясціла пра прыпыненне палётаў у 10 гарадоў Расіі з 28 снежня. Папярэдняй прычынай катастрофы назвалі «фізічнае і тэхнічнае знешняе ўмяшанне».

Абмежаванні закрануць рэйсы ў Мінеральныя Воды, Сочы, Валгаград, Уфу, Самару, Грозны, Махачкалу, Саратаў, Ніжні Ноўгарад і Уладзікаўказ. Рашэнне прынята «з улікам вынікаў папярэдняга расследавання» катастрофы самалёта «Embraer 190» і «магчымых рызык» для палётаў, паведамілі ў авіякампаніі.

Кіраўнік «Расавіяцыі» Дзмітрый Ядраў сёння прызнаў, што праз атаку дронаў перад катастрофай самалёта «AZAL» у аэрапорце Грознага ўводзіўся план «Дыван», калі аэрапорт закрываюць для вылету і прылёту, а ўсе паветраныя судны павінны пакінуць небяспечную зону. Адначасова ён паведаміў, што пілот самалёта двойчы спрабаваў здзейсніць пасадку ў Грозным, але не змог гэтага зрабіць праз шчыльны туман. Паводле слоў Ядрава, дыспетчары прапаноўвалі капітану пасадку ў найбліжэйшых расійскіх аэрапортах, але экіпаж прыняў рашэнне ляцець у казахстанскі Актаў, піша руская служба «РС».

Раней расійскі тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» апублікаваў частковую расшыфроўку перамоваў пілотаў «AZAL» з расійскімі дыспетчарамі — без аўдыёверсіі і без указання на крыніцу інфармацыі. З яе вынікае, што капітан судна, якое страчвала кіраванне, перш чым узяць курс на Актаў, запытваў пасадку ў Махачкале і Мінеральных Водах. Пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.


Глядзіце таксама

Нагадаем, Самалёт «Embraer 190» азербайджанскай авіякампаніі AZAL, які выконваў рэйс J28243 з Баку ў Грозны, упаў каля казахстанскага горада Актаў і разбіўся раніцай 25 снежня. На борце знаходзіліся 67 чалавек: 62 пасажыры і 5 членаў экіпажа. Паводле апошніх звестак, выжылі 29 з іх.

Выданне «Euronews» і агенцтва «Reuters» са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе Азербайджана паведамілі, што прычынай падзення самалёта стала расійская ракета класа «зямля-паветра». Паводле іх слоў, аскепкі ракеты пашкодзілі лайнер падчас адбіцця атакі БПЛА на Грозны. Telegram-канал «Baza» таксама напісаў: «У пабліках разыходзіцца відэа з дзіўнымі меткамі на хвасце самалёта, які ўпаў у Казахстане. Адтуліны падобныя на тыя, што застаюцца пасля абстрэлу або выбуху з паражальнымі элементамі». «Менавіта так выглядаюць пашкоджанні ад працы ЗРК», — заявіў праваенны блогер Юрый Падаляка.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў у каментары праекту «The War Zone» 26 снежня заявіў, што паводле яго версіі, борт «AZAL» быў збіты расійскім зенітным ракетным комплексам «Панцыр-С1», размешчаным на тэрыторыі РФ, піша dw.com.

Сярод магчымых прычын трагедыі называлася і сутыкненне самалёта са зграяй птушак. Гэтую ж версію агучылі і ў «Расавіяцыі», і ў «Казаэранавігацыі». Казахстанская газета «Orda.kz» паведаміла са спасылкай на ўпраўленне аховы здароўя Мангістаўскай вобласці, што на борце самалёта выбухнуў кіслародны балон. Выжылыя пасажыры расказалі, што на борце было некалькі выбухаў. 

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў сёння на сваім брыфінгу адмовіўся даваць ацэнкі прычын крушэння лайнера «Azerbaijan Airlines». «Ідзе расследаванне гэтага авіяцыйнага інцыдэнту, і да высноў, якія будуць зробленыя паводле вынікаў расследавання, мы не лічым, што маем права даваць нейкія ацэнкі, і не будзем гэтага рабіць», — прыводзяць яго словы СМІ.

Сёння самалёт «Azerbaijan Airlines», які ляцеў у Мінеральныя Воды, вярнуўся ў Баку. Як вынікае з даных «Flightradar24», самалёт рэйса J28717 вылецеў з Баку ў 9:45 і павінен быў прызямліцца ў Мінеральных Водах у 10:20, аднак, праляцеўшы каля 150 кіламетраў, развярнуўся і вярнуўся ў бакінскі аэрапорт.


Глядзіце таксама

Як сцвярджае тэлеграм-канал «Можам растлумачыць», камандзір паветранага судна адмовіўся ляцець у Расію пасля гібелі калег з рэйса «Баку – Грозны» ў выніку абстрэлу СПА. У Расію адмаўляюцца лётаць і іншыя азербайджанскія лётчыкі.

«Расавіяцыя» паведаміла таксама аб прыпыненні працы аэрапортаў Сочы, Казані, Валгаграда і Астрахані — для «забеспячэння бяспекі палётаў грамадзянскіх паветраных судоў». Цяпер абмежаванні знятыя.

План «Дыван» — рэжым закрытага неба — быў таксама ўведзены ў аэрапортах Самары, Грознага і Махачкалы. Як мяркуецца, праз пагрозу атакі беспілотнікаў.

Напярэдадні праз пагрозу беспілотнікаў часова спынялі працу аэрапорты Масквы: Шарамеццева, Дамадзедава, Унукава і Жукоўскі, — а таксама аэрапорт Калугі.

26 снежня нацыянальны авіяперавозчык Ізраіля «ЭльАль» на тыдзень прыпыніў палёты ў Маскву «ў сувязі з падзеямі ў паветранай прасторы Расіі».

Сёння стала вядома, што самалёты казахстанскай авіякампаніі «Qazaq Air» да 27 студзеня 2025 года не будуць выконваць рэйсы з Астаны ў Екацярынбург.

Адмяніла рэйсы ў Расію і дзяржаўная авіякампанія ААЭ «Flydubai»  з 28 снежня па 5 студзеня. Як паведамілі ў Асацыяцыі тураператараў РФ, перавозчык спаслаўся на форс-мажор і пагрозу бяспецы палётаў.

Беларускі авіяперавозчык «Белавія» пакуль пра адмену рэйсаў не паведамляў.