Пасажырскі самалёт, які ляцеў з Баку ў Грозны, разбіўся ў Казахстане. Што вядома?

Самалёт авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які ляцеў з Баку ў Грозны, упаў у Актаў у Казахстане, куды ён быў перанакіраваны з-за туману. На борце знаходзіліся 67 чалавек. Па папярэдніх дадзеных, 25 чалавек выжылі. Сярод магчымых прычын крушэння называюць сутыкненне са зграяй птушак і тэхнічную няспраўнасць, піша Бі-бі-сі.

Фота Reuters

Фота Reuters

Самалёт авіякампаніі Azerbaijan Airlines (AZAL) вылецеў з Баку ў 07:55 па мясцовым часе, выконваючы рэйс AHY8243 у Грозны. Як паведамляе ТАСС са спасылкай на аэрапорт Грознага, з-за туману рэйс накіравалі ў Махачкалу, а потым у Актаў. На падлёце да казахстанскага аэрапорта самалёт пацярпеў крушэнне.

На борце самалёта знаходзіліся 67 чалавек: 62 пасажыры і 5 членаў экіпажа. Авіякампанія сцвярджае, што дзяцей сярод іх не было, перадае РІА Навіны.

Паводле звестак МНС Казахстана, выжылі 25 чалавек, 22 з іх шпіталізаваны. Упраўленне аховы здароўя Мангістаўскай вобласці кажа, што сярод тых, хто выжыў, — дзеці 11 і 16 гадоў.

Паводле папярэдніх звестак Міністэрства транспарту Казахстана, на борце было 37 грамадзян Азербайджана, 16 грамадзян Расіі, 6 грамадзян Казахстана і 3 грамадзяніны Кіргізіі.

Пасля крушэння самалёт разваліўся на часткі, хваставой адсек адлучыўся і перавярнуўся, паведамляе РБК.

Авіякампанія заявіла, што прычынай крушэння стала трапленне ў рухавікі зграі птушак, перадае Sputnik Азербайджан.

У той жа час крыніца "Інтэрфакса" ў экстраных службах паведамляе, што ў якасці галоўнай версіі разглядаецца адмова адной з асноўных сістэм. Экіпаж падаў сігнал бедства перад тым, як знік з радараў.

Прэс-сакратар «Расавіяцыі» Арцём Караняка таксама кажа аб версіі з птушкамі.

Па папярэдніх дадзеных, «пасля сутыкнення з птушкамі, з-за ўзніклай няштатнай сітуацыі на борце паветранага судна, яго камандзір прыняў рашэнне „ісці" на запасны аэрадром — ім быў абраны Актаў».

Embraer E190AR, які пацярпеў крушэнне, быў уведзены ў эксплуатацыю 11 гадоў таму. Паводле адкрытых дадзеных, увесь гэты час борт належаў AZAL і яе дачцы Buta Airways.