Расія. Манаполія на Дзеда Мароза
Ва Удмурціі напярэдадні Новага года разгарэўся скандал, які, на думку грамадскасці, можа сапсаваць святочны настрой жыхарам аўтаноміі.
Улады Шарканскага раёна, дзе знаходзіцца афіцыйная «Сядзіба Тол Бабая» — менавіта так завуць мясцовага Дзеда Мароза, — спрабуюць забараніць іншым выкарыстоўваць імя казачнага персанажа.
Свае прэтэнзіі кіраўнікі «Сядзібы Тол Бабая» тлумачаць тым, што яшчэ некалькі гадоў таму атрымалі патэнт на камерцыйнае выкарыстанне гэтага імя. Адначасова ўсім тэатральным калектывам, у афішах якіх фігуруе Тол Бабай, пасылаюць пагрозы аб узбуджэнні іску.
Шмат хто сярод удмуртаў незадаволены такой сітуацыяй. На іх думку, Тол Бабай — гэта фальклорны агульнадаступны персанаж. Так ці інакш, закон ёсць закон.
Зрэшты, выйсце ўжо прыдумана. Аўтарамі навагодніх сцэнараў аператыўна прыдуманы новы ўдмурцкі Дзед Мароз — Тол Ая.
Паводле расійскай прэсы