Прэм'ер-міністр Латвіі лічыць, што Беларусь нясе поўную адказнасць за мігрантаў
Гэтыя людзі прыехалі ў Беларусь легальна па турыстычных візах, і таму Беларусь павінна несці за іх поўную адказнасць, заявіў прэм'ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш на дыстанцыйнай сустрэчы кіраўнікоў урадаў Польшчы і краін Балтыі ў суботу, 21 жніўня.
«Гэтыя людзі прыехалі ў Беларусь легальна па турыстычных візах, і, адпаведна, Беларусь павінна несці за іх адказнасць», — прыводзіць яго словы REFORM.by са спасылкай на прэс-службу прэм'ер-міністра.
Прэм'ер-міністры Польшчы і Балтыі таксама пагадзіліся з тым, што абвастрэнне сітуацыі на ўсходняй мяжы ЕС было часткай гібрыднай аперацыі беларускага рэжыму для паслаблення цэласнасці вонкавай мяжы ЕС.
Удзельнікі сустрэчы сышліся ў меркаванні, што задача кожнай краіны — прадухіліць незаконнае перасячэнне мяжы.
Карыньш заявіў аб неабходнасці прыцягнуць увагу міжнародных арганізацый да парушэнняў міжнародных абавязацельстваў Беларусі.
Бакі дамовіліся працягваць цеснае супрацоўніцтва і рэгулярны абмен інфармацыяй на ўсіх узроўнях.