Пратэсты ў Іраку суправаджаюцца стралянінай і шматлікімі ахвярамі

У Багдадзе за апошнія тры дні пратэстаў былі забітыя да 65 чалавек. Удзельнікі агульнанацыянальных дэманстрацый патрабуюць спынення карупцыі ва ўрадзе. Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на агенцтва Reuters, па дэманстрантах страляюць паліцэйскія снайпэры.

48609592_0e5f_4e32_b60f_802d4fbeb93e_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

Прэм’ер-міністар Адэль Абдул Махдзі ў пятніцу заклікаў грамадзян быць спакойнымі і паабяцаў правесці рэформы. Адзін з самых уплывовых святароў Іраку абвінаваціў у гвалтоўных дзеяннях палітыкаў. Той заявіў, што ўлады не змаглі палепшыць жыццё іракцаў, і заклікаў улады прыслухацца да патрабаванняў пратэстоўцаў.
Дэманстранты ў сваю чаргу патрабуюць нармальнага харчавання, чыстай вады, захавання санітарных нормаў і перамогі над карупцыяй ва ўрадзе.
Яшчэ адзін уплывовы рэлігійны дзеяч адклікаў з парламенту фракцыю сваіх прыхільнікаў. Паводле агенцтва Reuters, гэта можа толькі пагоршыць сітуацыю.
Паліцыя Багдаду страляе па людзях. Карэспандэнт Reuters паведамляе, што бачыў аднаго з дэманстрантаў, параненага ў галаву. Медыкі ў лякарні пацвердзілі ягоную смерць. Спарадычная страляніна працягвалася ў Багдадзе і позна ўвечары ў пятніцу.
Паведамляецца пра факты кровапраліцця ў розных гарадах краіны. Цяперашняе супрацьстаянне журналісты называюць найгоршым з часоў задушэння тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» два гады таму.
Закалоты і акты гвалту разгарэліся на поўдні Іраку, у раёнах, дзе пераважае шыіцкае насельніцтва. Пратэставы рух хутка перакінуўся на іншыя правінцыі.