Польшча. Прафесара часова адхілілі ад працы за антыўкраінскі допіс у Фэйсбуку

Прыпыненне ў службовых абавязках на паўгода — гэта пакаранне рэктара Вроцлаўскага ўніверсітэта для прафесара Багуслава Пазя.



4a281.jpg

Днямі філосаф стаў героем скандалу ва ўніверсітэце. На сваім профілі ў Фэйсбуку ён размясціў фільм пра тое, як прарасійскія сепаратысты здзекуюцца з ўкраінцаў. Побач з відэа прафесар размясціў уласны каментар: “Бандэраўскія сволачы атрымліваюць кухталёў, што люба глядзець. І як тут не любіць рускіх?”

Пасля з'яўлення інфармацыі ў СМІ, допіс знік, але — як патлумачыў у інтэрв'ю Польскаму радыё рэктар універсітэта Марэк Баярскі — ад наступстваў прафесара гэта не выратуе.

“Гэта азначае, што прафесар не зможа весці заняткі, каб не сустракацца з моладдзю”, — сказаў рэктар. Ён дадаў, што не можа сабе ўявіць, каб у XXI ст. выкарыстоўваліся такія фармулёўкі, і тым больш з вуснаў прафесара ўніверсітэта.

На пытанне да рэктара, ці сустракаўся ён з Багуславам Пазем, адказаў, што “не бачыў такой патрэбы”. Вядома, што сам прафесар пагадзіўся з адхіленнем ад абавязкаў на паўгода.

Допіс выкладчыка на прадмет заклікаў да нянавісці правярае пракуратура.

www.radyjo.net