Першае правіла Расійскай Федэрацыі — ніколі не гаварыць аб Федэрацыі
Актывісты ў Сібіры, якія змагаюцца за незалежнасць рэгіёну, абвясцілі на 17 жніўня ў Навасібірску марш за федэралізацыю.
У Сібіры лічаць, што маюць «канстытуцыйнае права на ўласныя, больш незалежныя ад цэнтра органы ўлады».
Іх натхняе вопыт Данбаса: арганізатары маршу наўмысна выкарыстоўвалі тэрміны прыхільнікаў самаабвешчаных тэрарыстычных рэспублік.
Аднак рэакцыя ўладаў не прымусіла сябе доўга чакаць: Генпракуратура Расіі дамаглася блакавання груп у сацыяльных сетках, а Роскомнадзор — выдалення інтэрв'ю з новасібірскім мастаком Арцёмам Ласкутовым на Slon.ru, у якім той расказваў пра планы правесці марш за федэралізацыю Сібіры (пераклад інтэрв'ю можна прачытаць на нашым сайце — рэд.)
«Пякельныя» лісты Роскомнадзора
У Facebook і УКантакце напярэдадні з'явіліся старонкі з заклікамі прыйсці ў 17.00 17 жніўня на марш за федэралізацыю Сібіры.
Аднак неўзабаве дадзеныя старонкі былі заблакаваныя расійскімі ўладамі.
«Гэты артыкул заблакаваны на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі на падставе патрабавання Генеральнай пракуратуры Расійскай Федэрацыі», - абвяшчае надпіс пры спробе загрузкі старонак у Расіі.
А сайту Slon.ru прыйшлося выдаліць інтэрв'ю новасібірскага мастака.
Паводле ліста з Роскомнадзора, публікацыя Ласкутова ўтрымоўвала «заклікі да масавых беспарадкаў, ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці або ўдзелу ў масавых (публічных) мерапрыемствах, якія праводзяцца з парушэннем устаноўленага законам парадку».
Падобныя папярэджанні атрымалі 14 СМІ, якія напісалі пра ініцыятыву Ласкутова.
Сярод іх, па дадзеных «Коммерсанта», «Полит.ру», Regnum, «Новы рэгіён», «Росбалт», Slon.Ru і ўжо заблакаваны расійскімі правайдэрамі «Грані.ру».
Намеснік галоўнага рэдактара «Полит.ру» Барыс Далгін кажа, што яны пакуль не атрымлівалі дакументаў Роскомнадзора, аднак ён не згодны з фармулёўкай нагляднага ведамства аб тым, што ў матэрыялах ёсць заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.
«Роскомнадзор рассылае лісты нейкага пякельнага і цалкам незаконнага зместу», — адгукнуліся на дзеянні ведамства актывісты «Фонду барацьбы з карупцыяй», якія вядуць блог палітыка Аляксея Навального.
Па слядах Данбаса
Арганізатары маршу наўмысна выкарыстоўвалі тыя ж тэрміны, што і чыноўнікі і СМІ, якія падтрымліваюць прыхільнікаў самаабвешчаных тэрарыстычных рэспублік на Данбасе. «Марш называецца «За федэралізацыю Сібіры». Тэрміналогія выкарыстоўваецца тая ж, што і ў выпадку з падзеямі ва Украіне. Расійскія медыі і расійская прапаганда называюць гэта федэралізацыяй», — распавёў у чацвер сам Ласкутоў «Рускай службе Бі-бі-сі».
У заблакаванай сустрэчы УКантакце на дадзены момант пагадзіліся ўдзельнічаць 1 тысяча 53 чалавекі. Арганізатары ўжо падалі ў мэрыю Навасібірска апавяшчэнне пра акцыю з удзелам 350 чалавек.
«Хопіць карміць Маскву!»
Лозунг акцыі — «Хопіць карміць Маскву!».
Згодна з інфармацыяй арганізатараў, аўтаномія ад Масквы дазволіць сібіракам увесці льготы і дадатковыя надбаўкі для асоб, якія пражываюць на тэрыторыях з суровымі кліматычнымі ўмовамі.
Таксама аўтаномія дасць магчымасць увесці рэгіянальны складнік у падатак на здабычу карысных выкапняў, што прывядзе да больш справядлівага размеркавання даходаў паміж мясцовым і федэральнымі бюджэтамі.
Акрамя таго, арганізатары акцыі маюць намер рэалізаваць «канстытуцыйнае права на ўласныя, больш незалежныя ад цэнтра органы ўлады і ліквідаваць ідыёцкую сітуацыю, калі ўсе рашэнні прымаюцца ў Маскве урадам, дзе няма прадстаўнікоў».
Заяўленая мэта маршу — утварэнне аўтаномнай Сібірскай рэспублікі ў складзе Расіі.
Варта адзначыць, што на мінулым тыдні расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў законы, якія робяць больш жорсткай адказнасць за заклікі да сепаратызму.
За падобныя дзеянні з выкарыстаннем інтэрнэту ў Расіі цяпер прадугледжана пакаранне ў выглядзе абавязковых прац на тэрмін да 480 гадзін або пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.
Нагадаем, у пачатку ліпеня Дзярждума Расіі прыняла ў канчатковым чытанні папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць узмацненне жорсткасці адказнасці за публічныя заклікі да сепаратызму.