Першая лэдзі Украіны пад нумарам пяць
Не паспела Марына Парашэнка стаць наступнай, пятай у гісторыі Украіны, першай дамай Украіны, як на старонках украінскіх СМІ і ў сацыяльных сетках вакол яе персоны і сям’і пачаліся баталіі.
"Яе жыццё пабудавана вакол сям'і, якую яна проста любіць. Дзяцей вучыць гатаваць, вязаць, вышываць, шыць і захоўваць традыцыі", — так характарызуе жыццёвы стыль Марыны Парашэнка адно з украінскіх выданняў. Аднак цяпер ад такой жыццёвай формулы Марыне давядзецца адмовіцца. Пасля абрання яе мужа прэзідэнтам Украіны на яе аўтаматычна накладваюцца абавязкі першай лэдзі, што патрабуе карэкцыі ладу жыцця.
Часткова вялікі інтарэс ва ўкраінскім грамадстве да першых лэдзі справакавала сама апазіцыя, якая дарвалася да ўлады пасля лютаўскай рэвалюцыі. Да таго часу яна ахвотна маніторыла выхады на публіку Людмілы Януковіч, жонкі былога ўкраінскага гаранта. Люся хоць і не была маладой і прыгожай, але вельмі рэлігійнай і вернай жонкай. Аднак будучы пазбаўленая густу і пачуцця такту, яна рабіла шмат канфузаў, якія дыскрэдытавалі як яе мужа, так і ўсю Партыю рэгіёнаў. Дастаткова ўзгадаць яе фразу на мітынгу ў Данецку ў 1994 годзе пра «наколатыя апельсінкі», якія яна быццам бачыла на Майдане
Па інерцыі ў фокус СМІ трапляе і Марына. Тым болей, што некаторыя называюць яе шэрым кардыналам будучай адміністрацыі. Лічыцца, што яна мае ўплыў на палітычныя і эканамічныя рашэнні, якія прымае Пётр Парашэнка. Усе ведаюць, што менавіта Марына прапанавала свайму мужу займацца кандытарскім бізнэсам, і нават прыдумала славуты брэнд «Рашэн».
Аднак гэта было ўжо ў 1990-я гады. А пачыналіся іх адносіны ў савецкія 1980-я. Пётр і Марына пазнаёміліся на студэнцкай дыскатэцы. У той час ён вучыўся ў інстытуце міжнародных адносін імя Тараса Шаўчэнкі, яна — на кардыёлага ў Медінстытуце.
Сустракацца яны пачалі толькі праз паўгода, калі студэнтаў накіравалі збіраць ураджай у калгас. Праз год Марына і Пётр вырашылі пабрацца шлюбам. Але адразу пасля падачы заявы ў ЗАГС, роўна праз тыдзень да вяселля, Пятру Парашэнку прыйшла позва з ваенкамату — тады студэнтам ВНУ адтэрміноўкі не давалі. У выніку ў войска яго забралі з адтэрміноўкай роўна на 10 сутак, каб згуляць вяселле.
Сапраўднае сямейнае жыццё пачалося пасля вяртанню Пятра Парашэнкі з арміі. Сям’я ў новага прэзідэнта трывалая, са стажам амаль у трыццаць гадоў. У Парашэнкі чацвёра дзяцей: старэйшы Аляксей, дачкі-блізняты Аляксандра і Яўгенія і малодшы Міша. Дзеля сямейнага шчасця Марына ахвяравала кар’ерай медыка: у свой час яна паспела абараніць дысертацыю (так выпадкова сталася, што гэта была першая дысертацыя, якую наогул абаранілі ў часы незалежнай Украіны).
Цяжка сказаць, ці зможа Марына Парашэнка захаваць гэтую ідылію. Пасля выбараў яна і ўсе сямейнікі сталі топавымі медыйнымі фігурамі. А з улікам палітычнай палярызацыі, гэта не проста спажывецкі інтарэс. На Марыну трансліруюць свае сімпатыі і антыпатыі прыхільнікі і праціўнікі Майдану.
Прычым ацэнкі іх вельмі катэгарычныя. Так, у сеціве выбухнула ўвогуле дастаткова некарэктная дыскусія наконт прыгажосці новай украінскай першай лэдзі. Як і трэба было чакаць, майданаўцы лічаць яе эталонам, асабліва ў параўнанні з кабетамі палітыкаў, якія знаходзяцца ў варожым лагеры.
"Наколькі я бачыла фота, Марына аддае перавагу "Шанэль", гэта кажа пра добры густ. Гэта вам не баба Януковіча, і нават не Людміла Пуціна", — піша нейкая блогер Алёна. З ёй згодны блогер V: "Такога высокага класу жанчын толькі ў еўрапейскіх каралеўскіх дынастыях даводзілася бачыць! Усе гэтыя Люсі, пуціны і мядзведзіха, можа і нядрэнныя людзі, але пастаў побач з ёй — недагрызкі ".
Думкі антымайданаўцаў на гэты конт татальна іншыя. "На раскошную бабу не падобная, нейкая яна замучаная" (блогер з Данецку). "Жанчына як жанчына, пры іх грошах выглядаць дрэнна нельга, а вось погляд яскравай сцервы" (блогер Арно).
Козырам фанатаў Марыны з’яўляюцца моцная сям'я Парашэнкі. Гэта выглядае яўным кантрастам з формулай шлюбнага жыцця экс-прэзідэнта Януковіча, які адправіў законную жонку Людмілу ў ссылку ў Данецк, а сам пасяліў у Міжгор'і сваю зямлячку, даму сэрца Любу Паляжай. Так што цяпер суграмадзянам не прыйдзецца адчуваць няёмкасць за маральныя асновы ў прэзідэнцкай сям'і.
Не маючы на гэты конт аргументаў, крытыкі Марыны ахвотна ўзгадваюць фігуру Аляксея, старэйшага сына Пятра Парашэнкі. Яго абвінавачваюць у лабіраванні бізнэс-інтарэсаў кампаніі «Рашэн» падчас працы дыпламатам у Кітаі. У дадатак яму ўсяго 30 гадоў, таму антымайданаўцы ахвотна цвеляць сваіх праціўнікаў правакацыйным пытаннем: "Пяцюня, а адпусціш свайго старэйшанькага ў АТА на Данбас? Бо ты ж патрыёт! Дый прыклад іншым патрыётам трэба даць!" Чапляюцца і за той факт, што Марына старэйшая за Пятра на тры гады. Быццам, шлюб паміж імі быў па разліку. Марына была не з простых дзяўчат, а дачкой намесніка міністра аховы здароўя УССР.
Наўрад ці гэта палеміка вакол Марыны закончыцца пасля 7 чэрвеня, калі Пятро Парашэнка афіцыйна стане прэзідэнтам. Першая лэдзі — вельмі важная фігура для выпрацоўкі стаўлення пазіцый людзей адносна прэзідэнта.
Тым болей, што новы прэзідэнт па сутнасці застаецца цёмным канём ва ўкраінскай палітыцы. Ён выйграў выбары хутчэй дзякуючы запыту на стабільнасць і папулярнасці ідэі выбараў у адзін тур. Аднак канкрэтнага палітычнага амплуа новага гаранта ніхто не ведае. Ён быў на Майдане, аднак раней ён таксама быў у камандзе Януковіча. Тое ж самае тычыцца і Марыны Парашэнка. Фактычна, толькі зараз нам давядзецца даведацца, хто такі Пётр Парашэнка і яго першая лэдзі.