Кітай шпіёніць праз краны ў марскіх партах?
Міністэрства абароны ЗША занепакоена тым, што гіганцкія краны кітайскай вытворчасці, размешчаныя ў амерыканскіх партах па ўсёй краіне, могуць выкарыстоўвацца Кітаем у якасці інструмента сачэння і шпіянажу, піша «The Wall Street Journal».
Органы нацыянальнай бяспекі ЗША і крыніцы выдання «The Wall Street Journal» у Пентагоне параўналі партовыя краны кітайскага вытворцы «ZPMC» з траянскім канём. Суразмоўцы «WSJ» сцвярджаюць, што ў гэтых кранах устаноўлены складаныя датчыкі, якія могуць рэгістраваць і адсочваць паходжанне і месца назначэння кантэйнераў, якія вывозяцца або ўвозяцца ў ЗША. Так, некаторыя парты выкарыстоўвае Пентагон для адпраўкі ваенных грузаў па ўсім свеце.
«Афіцыйныя асобы ЗША ўсё больш занепакоены тым, што гіганцкія краны кітайскай вытворчасці, якія працуюць у амерыканскіх партах па ўсёй краіне, у тым ліку ў некалькіх, якія выкарыстоўваюцца вайскоўцамі, могуць даць Пекіну магчымы шпіёнскі інструмент, які хаваецца ва ўсіх навідавоку… Хоць партовыя краны параўнальна добра зроблены і недарагія, яны маюць у канструкцыі складаныя датчыкі, якія могуць рэгістраваць і адсочваць паходжанне і месца назначэння кантэйнераў, і гэта выклікае асцярогі, што Кітай можа збіраць інфармацыю аб матэрыяльных сродках, якія адпраўляюцца ў краіну або вывозяцца для падтрымкі ваенных аперацый ЗША па ўсім свеце», — гаворыцца ў атрыкуле «WSJ».
У пасольстве КНР у Вашынгтоне журналістам заявілі, што асцярогі ЗША наконт кранаў-шпіёнаў «выкліканы паранояй». Кітайскія дыпламаты лічаць, што тэорыі аб кітайскай пагрозе толькі перашкаджаюць гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву паміж краінамі і наносяць шкоду самім ЗША.
Нагадаем, у пачатку 2023 года адносіны паміж ЗША і Кітаем зноў абвастрыліся пасля таго, як Вашынгтон западозрыў Пекін у шпіёнскай дзейнасці. 4 лютага ля ўзбярэжжа Паўднёвай Караліны быў збіты кітайскі аэрастат, які да гэтага некалькі дзён лётаў у паветранай прасторы ЗША. Як пісаў «НЧ», Белы дом заявіў, што шар быў аснашчаны абсталяваннем для радыёэлектроннай выведкі. У КНР сцвярджалі, што аэрастат выкарыстоўваўся для метэаралагічных мэт і выпадкова апынуўся на тэрыторыі ЗША, бо збіўся з курсу.
10-12 лютага амерыканскія вайскоўцы збівалі неапазнаныя лятальныя аб'екты ля берагоў Аляскі, над тэрыторыяй Юкон у Канадзе, а таксама над возерам Гурон у Мічыгане. У Пентагоне патлумачылі, што пасля выяўлення кітайскага шара-шпіёна пераналадзілі радыёлакацыйную сістэму, зрабілі яе больш адчувальнай. Праўда, пазней у Белым доме заявілі, што збітыя 10-12 лютага аб'екты не ўяўлялі небяспекі і не былі звязаны з разведвальнай праграмай Кітая.
Таксама днямі стала вядома, што многія краіны пачалі прымушаць дзяржчыноўнікаў цалкам выдаляць TikTok (які належыць пекінскай кампаніі «ByteDance») з усіх камп'ютараў і тэлефонаў. Заходнія ўрады актыўна атрымліваюць сведчанні таго, што кітайскія тэхналагічныя кампаніі дапамагаюць Камуністычнай партыі і яе спецслужбам збіраць асабістыя даныя па ўсім свеце з дапамогай TikTok.
Паводле «Медузы», www.wsj.com