Карбалевіч: Вынік мілітарысцкай ліхаманкі Лукашэнкі — безабаронны стратэгічны вайсковы аб'ект

Інцідэнт у Мачулішчах разбурае міф пра беларускую стабільнасць і абарону заходніх межаў імперыі, піша аналітык Валерый Карбалевіч на «Свабодных навінах плюс». І адсутнасць рэакцыі на дыверсію — гучны правал рэжыму ў інфармацыйнай вайне.

Спадарожнікавы здымак аэрадрома «Мачулішчы», зроблены кампаній Maxar 28 лютага

Спадарожнікавы здымак аэрадрома «Мачулішчы», зроблены кампаній Maxar 28 лютага


Вайна прыйшла ў беларускі дом. Сапраўдная. 26 лютага невядомыя дроны атакавалі вельмі дарагі расійскі самалёт далёкай выведкі ДРЛА А-50 на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам.

Інцыдэнт у Мачулішчах

Раней таксама былі невялікія інцыдэнты, якія пры жаданні можна было выдаць за ваенныя акцыі праціўніка: выбухі на аэрадроме ў Зябраўцы пад Гомелем, парушэнне мяжы ўкраінскімі беспілотнікамі (паводле інфармацыі беларускіх памежнікаў), аскепкі ракеты, якая прыляцела з тэрыторыі Украіны.

Але цяпер сітуацыя іншая. Адбыўся напад на вайсковы аб'ект. Прычым не дзесьці там на мяжы нешта выпадкова заляцела, а быў ажыццёўлены напад на элемент стратэгічнай інфраструктуры каля сталіцы дзяржавы.

Адказнасць за інцыдэнт у Мачулішчах узяла на сябе апазіцыйная арганізацыя былых сілавікоў «BYP*L». яе прадстаўнік Аляксандр Азараў сцвярджаў, што самалёт атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні.

Але гэтая гісторыя з атакай дронаў на аэрадром апынулася ў цэнтры інфармацыйнай вайны.

Беларускія ўлады чацвёра сутак маўчалі, а потым сталі запэўніваць, што нічога не было, усе паведамленні падобнага кшталту названыя фэйкам. Увечары 1 сакавіка многія прапагандысцкія рэсурсы рэжыму Лукашэнкі паказалі невялікі відэаролік, на якім самалёт ДРЛА А-50 рухаецца па аэрадроме. А 2 сакавіка з'явіліся паведамленні і нават відэа, што ён паляцеў. Паводле прэс-службы Мінабароны Беларусі, самалёт ДРЛА А-50 «выконвае задачы баявога дзяжурства». А Telegram-канал «Пул першага» нават паведаміў, што ён суправаджаў борт Лукашэнкі падчас яго вяртання з Кітая.


Але калі ўсё так добра, як запэўніваюць улады, не было ніякага нападу на аэрадром, то ўзнікае некалькі пытанняў. Чаму ўжо некалькі дзён, пачынаючы з 26 лютага, усе сілавыя структуры «стаяць на вушах»? Міліцыя праводзіць праверкі на дарогах. Беларускія памежнікі значна ўзмоцнілі кантроль на ўсіх межах, уключаючы беларуска-расійскую, а таксама ў памежных раёнах. Кажуць, шукаюць дыверсантаў. У вышук абвясцілі выхадца з Крыма, якога называюць датычным да гэтага інцыдэнту. Па ўсёй краіне праходзяць аблавы і ператрусы. Міліцыя стала правяраць уладальнікаў дронаў. У Мачулішчах, Фаніпалі затрымлівалі апазіцыянераў, шукаюць людзей, якія размяшчаюць «няправільныя» каментары ў сацсетках, у сувязі з гэтым інцыдэнтам. Лукашэнка 27 лютага правёў тэрміновую нараду з сілавікамі, на якой абрынуўся на іх з крытыкай, запатрабаваўшы «вельмі жорсткай дысцыпліны».

Чаму чацвёра сутак ні дзяржаўныя СМІ, ні афіцыйныя асобы ніяк не каментавалі гэтыя падзеі? Пацвярджаецца вядомая выснова, што ў момант крызісу, нестандартнай сітуацыі сістэма ўлады, падобная да беларускай, упадае ў ступар. Гэта, напрыклад, адбылося пасля загадкавай смерці міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Гэта ж адбываецца і цяпер.

Наогул, за чацвёра сутак самалёт маглі падрамантаваць. І калі борт можа лётаць, то гэта яшчэ не значыць, што ён можа выконваць свае функцыі далёкай радыёлакацыйнай выведкі і кіравання.

І далей узнікае пытанне: куды ён паляцеў? Журналісты інфармацыйнага рэсурсу «Люстэрка» патэлефанавалі на Таганрогскі рамонтны завод у Расіі, і там пацвердзілі, што ўказаны самалёт прыбыў туды на рамонт. Так што інфармацыя афіцыйных органаў, быццам бы борт А-50 знаходзіцца на баявым дзяжурстве, не адпавядае рэчаіснасці.

Доўгае маўчанне ўладаў цалкам зразумелае. Праўдзівая інфармацыя пра здарэнне ў Мачулішчах ужо вельмі нявыгадная беларускім уладам з некалькіх прычын.

Скандал вакол нападу на самалёт разбурае афіцыйную міфалагему пра беларускую стабільнасць. Маўляў, ва ўсім свеце нейкія катаклізмы, а тут — астравок міру, парадку і бяспекі. І вось такі сюрпрыз.


Лукашэнка шмат разоў гаварыў, што Захад спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну, але ён гэтага не дапусціць, ён гарантуе мір; пакуль ён ва ўладзе, беларусы могуць спаць спакойна. Але тут аказваецца, што вайна дабралася і сюды.

Атака на аэрадром адбылася на фоне бясконцых вайсковых вучэнняў, праверак гатоўнасці, рэгулярных рухаў войскаў да межаў і назад, розных мабілізацыйных мерапрыемстваў. Фармавалася тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэнне, супрацоўнікам МНС выдалі пісталеты, ставілася задача мабілізаваць для мэтаў абароны паляўнічых, рыбаловаў, леснікоў. Гэта працягвалася цэлы год з пачатку вайны. Раз на два тыдні Лукашэнка праводзіў нарады з сілавікамі. І які вынік усёй гэтай мілітарысцкай ліхаманкі? У крытычны момант стратэгічны вайсковы аб'ект аказаўся безабаронным. А куды ж глядзела ўся сістэма СПА?

Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што, як толькі ворагі нападуць на беларускую тэрыторыю, адказ будзе «самым жорсткім», «страшным». І калі цяпер прызнаць, што адбыўся напад, то трэба даваць адказ. Але не вельмі зразумела, хто напаў і каму адказваць.

З улікам таго, што адказнасць за напад на аэрадром узялі на сябе беларускія партызаны, атрымліваецца, што ўлада не змагла здушыць супраціў. І гэта нягледзячы на татальны тэрор супраць любога іншадумства. Выходзіць, рэжым так і не змог узяць кантроль над грамадствам.

Нарэшце, непрыемныя пытанні можа паставіць Масква. Лукашэнка шмат разоў запэўніваў Крэмль, што на беларускай тэрыторыі расійскім войскам нічога не пагражае, што Беларусь з'яўляецца для Расіі надзейным шчытом ад заходніх супастатаў. І тлумачыў нежаданне накіроўваць свае войскі ва Украіну неабходнасцю закрываць заходнюю мяжу Саюзнай дзяржавы. А цяпер аказваецца, што шчыт — дзіравы.

Але пазіцыя, занятая ўладамі (прапанова ўласнай версіі падзеі праз чацвёра сутак), першапачаткова пройгрышная. У інфармацыйнай вайне вельмі важна стрэліць першым. Хто паспеў раней выставіць сваю версію падзеі, той аказваецца ў выйгрышы. Гэтую версію потым тыражуюць іншыя СМІ. У інфармацыйную эпоху спазненне з рэакцыяй на важную падзею, вакол якой бушуюць жарсці, на чацвёра сутак — гэта гучны правал.

Візіт Лукашэнкі ў Кітай

Гэта быў 13-ты візіт Лукашэнкі ў Кітай. У сярэднім раз на два гады. Праўда, быў вялікі перапынак у чатыры гады. Папярэдні візіт адбыўся ў 2019 годзе. Потым быў кавід і выбух народнага пратэсту 2020 года, які паставіў беларуска-кітайскія адносіны на паўзу. Зыходзячы са сваёй палітычнай філасофіі, Пекін не спяшаўся, чакаючы, чым скончыцца палітычны крызіс у Беларусі. І толькі пераканаўшыся, што Лукашэнка захаваў уладу, Кітай зняў двухбаковыя адносіны з паўзы.

Можна сказаць, што пасля 2020 года беларуска-кітайскія адносіны развіваліся ў дзвюх паралельных плоскасцях. Палітычныя адносіны засталіся на ранейшым высокім узроўні. Кітай падтрымаў беларускі рэжым, Сі Цзіньпін першым павіншаваў Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Пекін абараняў афіцыйны Мінск на ўсіх міжнародных пляцоўках, асуджаў Захад за «ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі». Бо палітыка рэжыму Лукашэнкі ўпісваецца ў геапалітычны канфлікт Кітая з Захадам.


Але што тычыцца эканамічных адносін, асабліва кітайскіх інвестыцый, то цікавасць Кітая да Беларусі знізілася. У сувязі з канфліктам паміж Беларуссю і ЕС, асабліва з суседнімі краінамі (Польшча, Літва), транзітнае значэнне беларускай тэрыторыі зменшылася. Бізнес-клімат у Беларусі рэзка пагоршыўся.

Таксама не лепшыя часы перажывае індустрыяльны парк «Вялікі камень» — знакавы аб'ект беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Для кітайскіх кампаній эканамічны сэнс гэтага афшора заключаецца ў рэалізацыі прадукцыі, вырабленай у парку ва ўмовах падатковых ільгот, у краіны Еўрасаюза. Для гэтага патрэбныя добрыя адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам. А якія яны сёння, не варта і нагадваць. У студзені гэтага года кіраўнік індустрыяльнага парка Аляксандр Ярашэнка заявіў, што «выдаткі на парк не акупіліся».

Цяперашні візіт Лукашэнкі ў Кітай быў закліканы вырашыць дзве задачы. Па-першае, гэта прарыў міжнароднай ізаляцыі. Бо візіты ў Мінск расійскіх губернатараў або прэзідэнта непрызнанай Абхазіі, а таксама паездка Лукашэнкі ў Зімбабвэ — яркі паказчык сумнага стану замежнай палітыкі Беларусі. А наведванне адной з дзвюх найбуйнейшых краін свету — гэта зусім іншае. Гэта значыць, паездка ў Кітай мае для Лукашэнкі важнае сімвалічнае, прэстыжнае значэнне. Таму ён так рассыпаўся ва ўсходняй ліслівасці на адрас КНР і асабіста Сі Цзіньпіна.

Другая задача — атрымаць дапамогу Кітая ў пераадоленні ўведзеных Захадам санкцый.

У выніку абвалу беларускага гандлю з краінамі ЕС і Украіны Кітай стаў другім знешнегандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі. Паводле кітайскай статыстыкі, у 2022 годзе экспарт Беларусі ў Кітай павялічыўся на 65%. У асноўным за кошт прадуктаў харчавання. Гэта значыць, гандаль з Кітаем (як і з Расіяй) шмат у чым кампенсаваў страты Беларусі ад рэзкага спаду эканамічных адносін з Еўрасаюзам і Украінай. Мінск вельмі разлічвае на працяг гэтай тэндэнцыі. Кіраўніцтва Беларусі асабліва спадзяецца, што кітайскія тэхналогіі змогуць замяніць заходнія, якія краіна страціла ў выніку санкцый.


Афіцыйна Лукашэнка і Сі Цзіньпін падпісалі пакет з 16 дакументаў. Аднак сур'ёзных прарываў візіт Лукашэнкі не прынёс. Першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў заяўляў, што агульны эканамічны эфект ад дасягнутых дамоўленасцей ацэньваецца больш чым у $3,5 мільярда. Аднак на фоне папярэдніх падобных самітаў такі вынік выглядае сціплым. Для параўнання: у 2009 годзе Кітай адкрыў для Беларусі крэдытную лінію на $15 млрд. Або, напрыклад, падчас візіту старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Мінск у 2015 годзе быў выдзелены кітайскі крэдыт у памеры $7 млрд. А той жа Мікалай Снапкоў, які ў той час займаў пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, ацэньваў партфель дамоўленасцей у $18 млрд. А яшчэ трэба ўлічваць, што за гэты час долар дэвальваваўся.