Вайна — справа ўзаемная, нават калі назваць яе «спецаперацыяй»

Гісторыя, ад якой стыне кроў! Хутка на ўсіх білбордах краіны! Як нічога не здарылася! — піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

img_0843_1_logo_1_logo.jpg

Ты, можа, не ведаеш, але так заўсёды робяць. Як толькі нічога не здарылася, то літаральна адразу — праз нейкіх тры дні — гэта становіцца галоўнай дзяржаўнай навіной. Гэтую навіну паказваюць на ўсіх даступных экранах. Вось пабачыш, потым яшчэ, можа, і карту намалююць.

І, мабыць, у якасці маральнай кампенсацыі за тое, што нічога не здарылася, а яны гэтага не спынілі, беларуская міліцыя адбіла наступ анімэ на стабільнасць. Затрымалі дзвесце чалавек у Гомелі, восемдзесят — у Мінску і пяцьдзясят — у Брэсце. У асноўным падлеткаў. Ну мы ўсе ведаем, што ў беларускай міліцыі лепш за ўсё атрымліваецца абараняць стабільнасць ад жанчын, старых і дзяцей.


А ў саюзніка са стабільнасцю здарылася вялікая непрыемнасць. Падступны, але злёгку неўсталяваны вораг, вераломна ўварваўся на тэрыторыю Бранскай вобласці. Я не буду табе тут разбірацца, які канкрэтна падступны вораг Расіі гэта быў — украінскія нацыяналісты, расійскія партызаны ці якое-небудзь ФСБ. Тым больш, што сілы ўварвання не настойвалі на анексіях, капітуляцыях і кантрыбуцыях. Проста ўварваліся, трохі пагулялі — і сышлі туды, адкуль прыйшлі.

Але на інфармацыйным фронце гэты неўсталяваны вораг зладзіў, вядома, поўны разгром. Брусілаўскі прарыў, абцяжараны сіндромам Кан.

Падзенне інфармацыйнай абароны і глыбокі прарыў лініі прапагандысцкага фронту выклікалі павальную паніку сярод інфармацыйных байцоў. Аказалася, што байцы расійскага інфармацыйнага фронту гатовы да самага горшага пры першых прыкметах непасрэднай пагрозы сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці.

У выніку атрымалася, вядома, трошкі няёмка. Загінулую дзяўчынку прыйшлося ператвараць у Хлопчыка-Які-Выжыў. Школьны аўтобус трансфармаваўся ў Ніву, «у якой ехалі дзеці, па якіх стралялі, што былі спачатку дзяўчынкай, а потым сталі хлопчыкам, які вырашыў, што ў самых позніх зводках ён лепш застанецца «дзіцем». Каб не блытацца ў дробных дэталях. А сто ўзятых у палон заложнікаў наогул незаўважна раптам расталі ў паветры.

Тое, чаго не здарылася з самалётам, атака дронаў, якой не было, але якую адбіла расійская СПА і ўварванне неўстаноўленага праціўніка ў Бранскую вобласць — усё нагадвае пра адну простую рэч. Вайна — справа ўзаемная. Нават калі называць яе спецыяльнай аперацыяй.