Парыж: год пасля трагедыі
Год таму атака тэрарыстаў
у Парыжы пазбавіла жыцця 130 чалавек, каля 400 было паранена. Пра тое, як за
гэты год змянілася Францыя, распавядае французскі журналіст Аляксандр Чукаеў.
— За год пасля тэрактаў 13-га лістапада ў свеце адбылася шмат рэзанансных рэчаў. Адна толькі перамога Трампа чаго каштуе! Ці ўзгадвае сёння Францыя пра самы вялікі тэракт у сваёй гісторыі?
— Увогуле 13 лістапада 2015-га таксама лічыцца самай вялікай вайсковай падзеяй у Францыі пасля Другой сусветнай вайны. Таму натуральна пра гэтую дату памятаюць. У прынцыпе ўсе пагаджаюцца, што 13 лістапада назаўжды застанецца часткай калектыўнай нацыянальнай памяці. Гэта як 11 верасня ў ЗША. Дасюль тэрарысты забівалі тых, хто не падабаецца па палітычных поглядах, рэлігійных перакананнях. А тут раптам ўсе зразумелі — цяпер ахвярамі тэрарыстаў можа быць кожны.
— Для ЗША падзеі 11 верасня мела буйныя знешнепалітычныя наступствы. Гутарка пра інтэрвенцыю амерыканцаў ў Ірак і ў Афганістан. А для Францыі?
— У Францыі падзеі 13 лістапада 2015-га ўспрымаліся не так, як ў ЗША ў верасні 2001-га. Тут лічыцца, што тэрарысты рабілі замах не на дзяржаву, а на стыль жыцця французаў, на вольную атмасферу Парыжу, які, як вядома, ёсць “святам, што заўжды з табой”. Адказам на тэракты стала дэманстратыўнае наведванне парыжанамі вялікіх канцэртных залаў кшталту “Батаклан”. У гэтым плане ніхто асабліва не звяртае увагу на тое, што Францыя год таму даслала авіяносец да берагоў Сірыі для барацьбы з Ісламскай дзяржавай. Тым больш ніякай асаблівай ролі ён там не адыгрывае.
— Ці ўсе дэталі тэрактаў 13 лістапада вядомыя спецслужбам?
— На жаль не. Непасрэдных выканаўцаў тэрактаў паліцыя знайшла, аднак дасюль не вядомы іх каардынатар. Вядома, што забойцаў натхняў нейкі чалавек ў апараце кіраўніцтва Ісламскай дзяржавы, які зараз знаходзіцца ў Масуле і мае мянушку “Абу Ахмед”. Хто гэта дакладна, дасюль невядома. Затое ёсць чуткі, што ён таксама адказвае за ўвесь французскі накірунак. Значыць пагроза тэрактаў захоўваецца.
— Пасля атак 13 лістапада ў Францыі было ўведзена надзвычайнае становішча. Гэта трошкі дзіўна з улікам таго, што за ўмовах паліцэйскага стану пазней, у чэрвені, адбылося такое вялікае мерапрыемства як Чэмпіянат Еўропы па-футболе. Можа надзвычайнае становішча — гэта фармальнасць?
— Знешне надзвычайны рэжым адчуваўся толькі ў першы час, калі на вуліцы сапраўды адправілі шмат паліцыі, якія ахоўвалі публічныя аб’екты і патрулявалі вуліцы. Гэта, дарэчы, сапраўды дапамагло ў барацьбе з вулічным крыміналам. Пасля паліцэйскія пасты пачалі прыбіраць з вуліц і знешне цяпер быццам нічога не сведчыць пра тое, што ў Францыі асаблівы рэжым. Аднак гэта не фармальнасць. Стала больш вобшукаў на уваходах у метро, гандлёвыя цэнтры, іншыя буйныя аб’екты. Акрамя таго паліцыя і сілавікі атрымалі больш шырокія паўнамоцтвы. Некаторыя, як след, пачалі весці сябе больш нахабна.
— Вясной Францыя абірае новага прэзідэнта. Тое, што адбылося год таму паўплывае на настроі выбаршчыкаў?
— Тэракты 15 лістапада адбыліся па слядах нападу на рэдакцыю выдання “Charlie Hebdo” у студзені. Падаецца, што тады прэзідэнт-сацыяліст Аланд вырашыў зрабіць піяр на забойстве карыкатурыстаў. Ён урачыста абвясціў вайну тэрарыстам. Аднак не прайшло і паўгода, як тэрарысты арганізавалі новыя і больш жудасныя атакі. Гэта моцна ўдарыла па прэстыжу гаспадара Елісейскага палацу. Практычна дасюль сацыялісты не могуць вярнуць сябе рэйтынгі, які мелі на пачатку 2015-га. І наўрад ці ўжо вернуць.
Акрамя таго пасля тых тэрактаў быў створаны корпус дапамогі МУС ў барацьбе з тэрарыстамі. Натуральна туды адразу запісаліся ісламафобы, якія галасуюць за Нацыянальны Фронт Марын Ле Пэн. НФ стаў успрымацца як больш-менш адэкватная партыя. Гэта вельмі кепска. Нават перспектыва прыходу НФ да ўлады ў наступным годзе справакуе моду на радыкальны іслам сярод маладых французскіх мусульман, што можа прывесці да новых тэрактаў.