Памёр Збігнеў Бжэзінскі

Ветэран амерыканскай знешняй палітыкі памёр 26 мая ў шпіталі Inova Fairfax Hospital у штаце Вірджынія. Пра гэта паведаміла дачка нябожчыка. 

bzezinski.jpg


Збігнеў Бжэзінскі нарадзіўся ў 1928-м годзе ў Варшаве ў сям'і польскіх дыпламатаў, у 1950-х стаў грамадзянінам Злучаных Штатаў, дзе скончыў Гарвардскі ўніверсітэт і зрабіў яскравую палітычную кар'еру.
У адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта Картэра, у 1977–1981 гадах, Бжэзінскі займаў пасаду дарадцы прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. Ён быў адным з ідэолагаў барацьбы з савецкай экспансіяй у Еўропе, у Афганістане і іншых краінах, актыўным прыхільнікам умацавання Атлантычнай салідарнасці.
У 1981-м годзе Збігнеў Бжэзінскі атрымаў Прэзідэнцкі мэдаль Свабоды — адну з найвышэйшых узнагародаў ЗША для цывільных.
На палітычную кар'еру Бжэзінскага выпалі такія знакавыя падзеі, як нармалізацыя стасункаў ЗША з Кітаем, падпісанне другога пагаднення аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў і егіпецка-ізраільскае замірэнне.
Бжэзінскі быў ідэолагам стрымлівання савецкага ўплыву на планеце. Для гэтага ён выкарыстоўваў розныя метады — ад узмацнення тэмы правоў чалавека ў Еўропе да ўзбраення ісламскіх маджахедаў у Афганістане напярэдадні ўварвання СССР.
Пасля распаду СССР Бжэзінскі выступаў за «геапалітычны плюралізм» на абшарах былой імперыі і быў прыхільнікам уступлення балтыйскіх краін у NATO.
У тэксце выкарыстаная інфармацыя Радыё «Свабода» і іншых крыніц