"Оскар" як трыбуна

Цырымонія ўручэння «Оскара» — не толькі інтрыга, каму дастанецца ўзнагарода. Мільённая аўдыторыя сочыць і за прамовамі пераможцаў, што  сталі часткай амерыканскага маскульту, і нават фактарам палітычнага жыцця. 



oskarovskie_statuetki_10_faktov_kotorykh_vy_mogli_ne_znat_375022510.jpg

Фота www.bettingexpert.com

Паводле статуту цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар», актор, які атрымаў прэмію, павінен сказаць невялікую прамову. Паступова невялікі спіч пасля ўручэння «Оскара» стаў адной з важных частак шоў. Тое, што кажуць лаўрэаты, часта становіцца крылатымі словамі, афарызмамі. Самі прамовы аналізуюцца і ранжыруюцца ў спецыяльныя рэйтынгі — напрыклад, дзесяць найлепшых прамоваў і дзесяць самых кепскіх.

У топ самых кепскіх оскараўскіх прамоваў, як правіла, трапляюць занадта доўгія маналогі. Спачатку ніякіх патрабаванняў да рэгламенту не было. Таму спіч мог цягнуцца колькі заўгодна. Найбольш доўгай была прамова Грыр Гарсон, якая ў 1942 годзе зацягнулася на сем хвілін. Гэтая прамова лічыцца самай кепскай у гісторыі цырымоній уручэння «Оскара». Таму нядзіўна, што з часам быў уведзены ліміт на выступы — 45 секунд.

Праўда, занадта кароткія прамовы таксама не вітаюцца. Хаця да аўтаркі самай лаканічнай прамовы асаблівых прэтэнзій няма. Гэта 16-гадовая Пэці Дзюк, якую прызналі лепшай актрысай другога плану ў 1962-м. Яе спіч складаўся толькі са слоў: «Thank you» (англ.: дзякуй). Пасля чаго маладая актрыса пакінула сцэну.

Да правальных традыцыйна адносяць выступы, калі лаўрэаты пачынаюць пералічваць тых, каму яны абавязаныя трыумфам. Рэкорд тут належыць Мелісе Леа, якая выйграла ў 2009 годзе статуэтку за ролю другога плану. У выступе яна выказала падзяку кожнаму свайму сваяку, пачынаючы з дзядулі і бабулі. Часам замест родных пералічваюць сяброў здымачнай групы, што таксама выглядае сумна. А вось Кларыс Лічмэн — лаўрэат 1971 года за ролю другога плану — увайшла ў гісторыю «Оскара», паколькі ўмудрылася ўзгадаць і падзякаваць суседу, які калісьці дапамог аплаціць ёй нейкія рахункі.

Высмейваючы такія маналогі, каментатары ўсё ж прызн­а­юць фактар эмоцый. Апантаныя перамогай, некаторыя прэтэндэнты проста губляюцца. Так, Гвінет Пэлтроў — уладальніца «Оскара» 1999-га за фільм «Закаханы Шэкспір» — настолькі моцна расплакалася на сцэне, што выглядала не зусім адэкватна. Хутчэй за ўсё, згубіла пад каскадам эмоцый самакантроль і Анжэліна Джалі, якая сказала, што «зараз знаходзіцца ў стане кахання са сваім братам» (in love with my brother right now»).

Ёсць таксама рызыка, што акторы выкінуць нейкі фокус. Можна ўзгадаць, як, пачуўшы пра перамогу ў катэгорыі «лепшы замежны фільм», Джэймс Кэмеран, атрымаўшы дзве статуэткі за «Тытанік», катэгарычна паведаміў аўдыторыі: «Я кароль свету». Проста нешта фантастычнае адкалоў італьянец Раберта Беніні, калі пачуў, што яго стужка «Жыццё цудоўнае» прызнана лепшым замежным фільмам. Спачатку ён забраўся на фатэль, пасля пачаў скакаць, махаць рукамі, крычаць ад шчасця, заразіўшы ўвесь зал атмасферай радасці. У прынцыпе, такія выхадкі не выпадковыя. Як жартаваў часопіс «The New Yorker», «калі вы прызнаны кінаакадэмікамі як славутасць і не можаце выдаць кранальны тэкст, сярэдні тэкст, і нават банальны, то проста зрабіце нешта вар’яцкае».

Застаецца ўзгадаць палітызаваныя прамовы. Галівуд заўсёды быў вельмі палітызаваным месцам. Шматлікія акторы, ангажаваныя ў палітычныя і грамадскія ініцыятывы, ператваралі прамовы ў маніфесты. Найбольш правакацыйным лічыцца спіч Ванэсы Рэдгрэйв на цырымоніі 1978 года.

Ванэсу высунулі ў намінацыі «лепшая актрыса» за ролю Джуліі — яўрэйкі, якая ўдзельнічае ў барацьбе супраць нацызму. Паколькі Рэдгрэйв заўжды актыўна падтрымлівала антыімперыялістычны рух, і нават фінансавала рух салідарнасці з Палесцінай, некаторыя сіянісцкія арганізацыі ў ЗША адмоўна паставіліся да навіны пра тое, што актрыса з такім палітычным амплуа мае шанс на «Оскара».

Напярэдадні цырымоніі адбыліся нават сутычкі паміж прыхільнікамі і крытыкамі Ванэсы, якая ў выніку ўсё ж атрымала ўзнагароду. Узяўшы статуэтку, актрыса ўзгадала ў сваёй прамове таксама сваіх апанентаў, назваўшы іх «сіянісцкімі хуліганамі», якія кампраметуюць яўрэяў. Агульнымі сіламі вядоўцаў удалося аднавіць спакойны ход мерапрыемства.

Дэмарш Ванэсы выклікаў не менш спрэчак, чым выхадка Марлона Брандо на «Оскары» 1973-га. Увесну 1973 года, калі праходзіла цырымонія ўручэння «Оскара», уся Амерыка назірала за падзеямі ў пасёлку Вундэд-Ні, дзе група індзейцаў абаранялася ад войска і паліцыі, патрабуючы ад урада вырашэння праблем індзейцаў. Адным з першых у абарону індзейцаў выступіў Марлон Брандо. Ён адмовіўся ад прэміі амерыканскай Кінаакадэміі за ролю ў «Хросным бацьку» ў знак пратэсту супраць негатыўнага вобразу індзейцаў у галівудскіх фільмах. Калі было абвешчана яго імя, на сцэну выйшла дзяўчына ў індзейскай сукенцы. Яна адсунула прапанаваную статуэтку і нешта сказала пра дабрату, шчодрасць і любоў… Уся наступная частка цырымоніі звялася, фактычна, да аднаго — абмеркавання выхадкі Брандо. Лепш за ўсё пажартаваў Клінт Іствуд. «Я нават не ведаю, — сказаў ён, прадстаўляючы «Оскар» за лепшы фільм года. — Можа, мне варта ўручыць яго ад імя ўсіх каўбояў, якіх я забіў у фільмах Джона Форда».

Не абышлося без палітыкі і на «Оскары–2016». Леанарда дзі Капрыё — лаўрэат у намінацыі «лепшы актор» — заклікаў да выратавання клімату. Заклік дастаткова бяскрыўдны. Аднак усё роўна «Оскар–2016» пакінуў прысмак вельмі палітызаванага. Як вядома, напярэдадні афраамерыканскія кінематаграфісты заявілі пра байкот цырымоніі праз адсутнасць у спісе намінантаў-афраамерыканцаў. Праўда, такая пазіцыя хутчэй сведчыць пра статус прэміі «Оскар» і пра тое, што ўвага да цырымоніі і, адпаведна, да прамоваў лаўрэатаў застанецца высокай.