Непаўторны Мугабэ
Нядаўна Робер Мугабэ — адзін з самых экзатычных дыктатараў на планеце, адсвяткаваў свой дзевяносты дзень нараджэння. Мугабэ кіруе Зімбабвэ ўжо 34 гады і пакуль не збіраецца сыходзіць.
«Усё ж 20 год знаходжання пры ўладзе — гэта занадта шмат для аднаго чалавека». Такога кшталту бурчанні беларусаў у Зімбабве прымуць за дзікунства. Робер Мугабэ кіруе краінай ужо 34 гады. Прычым нікуды сыходзіць ён не збіраецца. Яго цяперашні прэзідэнцкі тэрмін закончыцца праз 4 гады, калі палітыку стукне аж 94, а Мугабэ не хавае, што пасля збіраецца зноў балатавацца. Хаця б таму, што ў яго ёсць асабістае жаданне «памерці на працы ў прэзідэнцкім офісе». Увогуле, прэзідэнт кажа, што ён ужо паміраў некалькі разоў і пасля зноў ажываў, паколькі валодае сакрэтам Ісуса Хрыста.
Тое, што Мугабэ застанецца да канца жыцця на пасадзе прэзідэнта, здаецца, нікога асабліва не турбуе. І гэта адзін з самых цікавых аспектаў феномена афрыканскага палітыка і яго рэжыму.
Натуральна, усім вядома, што Зімбабве — абсалютны рэкардсмен у свеце па ўзроўню інфляцыі. Усё жыхары з’яўляюцца мультымільярдэрамі, паколькі бохан хлеба каштуе 100 мільярдаў зімбабвійскіх долараў.
У краіне поўная адсутнасць інфраструктуры. Толькі ў 2008 годзе ад эпідэміі халеры і адсутнасці медычных устаноў у краіне памерлі тры тысячы чалавек. Цікава, што на фоне такога калапсу і беднасці Мугабэ падчас афіцыйнай цырымоніі з нагоды дня нараджэння атрымліваў падарунак у выглядзе залатога трону.
Ён таксама можа дазволіць сабе рабіць буйныя інвестыцыі ў развіццё крыкета. Дыктатар — фанат гэтай гульні, і патрабаваў ад чыноўнікаў, каб кожны грамадзянін Зімбабве вывучыўся гуляць у крыкет, які, па яго словах, развівае ў чалавека рысы сапраўднага джэнтльмена.
Чыноўнікі адразу пабеглі выконваць загад, паколькі з Мугабэ лепш не спрачацца. Метады, якімі дыктатар распраўляецца з апазіцыяй, напэўна, не сніліся нават Гітлеру і Сталіну. Так, калі верыць нямецкай прэсе, у 2005 годзе ўрад ў адным з прыгарадаў сталіцы Харарэ разбурыў 50 тысяч дамоў, паколькі дадзены квартал, быццам, занадта моцна падтрымліваў апазіцыю. Паралельна 30 тысяч чалавек было арыштавана, а мільён проста страцілі дах над галавою.
Падобных гісторый шмат, і таму часам цяжка зразумець, як з такім палітыкам Захад доўгі час меў нейкія справы. Да таго, як заходнія краіны цалкам разарвалі з ім адносіны, Мугабэ нават паспеў атрымаць ад каралевы Елізаветы рыцарскі тытул. Тытул, праўда, пазней адабралі, а самому былому рыцару забаранілі наведваць краіны ЕС і ЗША. Краіна выключана са шматлікіх міжнародных арганізацый, уключаючы Брытанскую садружнасць. Супраць Зімбабве таксама з канца 1990-х гадоў дзейнічае гандлёвае эмбарга.
Нягледзячы на ўсё гэта, нішто не сведчыць пра хуткі крах рэжыму, які пануе ў Зімбабве. Больш таго, самі тубыльцы гэтага не жадаюць. Яны ўпарта падтрымліваюць Мугабэ на выбарах. Зразумець гэта спрабуюць шматлікія афрыканазнаўцы.
Натуральна, у Мугабэ ёсць свая сацыяльная база. Так, шмат людзей падтрымліваюць яго з-за зямельнай рэформы, якую ён правёў прыклада дзесяць гадоў таму. Землі ў белых былі прымусова канфіскаваныя і падзеленыя паміж чарнаскурымі. Матывацыя для канфіскацыі была проста фенаменальнай: «Белыя фермеры любяць Зімбабве, аднак чарнаскурыя любяць краіну больш». Эканамічны эфект ад экспрапрыяцый, праўда, быў невялікі, аднак піяру акцыя нарабіла. Дробныя чарнаскурыя фермеры — адзін з галоўных рэсурсаў падтрымкі дыктатуры, паколькі, паводле статыстыкі, 37 працэнтаў выбаршчыкаў — менавіта сельскае насельніцтва.
Акрамя таго, грамадзянам Зімбабве прыемна, што іх лідар карыстаецца такім поспехам у суседзяў. У 2004 годзе часопіс «New African» правёў па ўсім Чорным кантыненце апытанне: «Які самы вялікі афрыканскі палітык у гісторыі?» Як і трэба было чакаць, на першым месцы аказаўся Нэльсан Мандэла. А вось Робер Мугабэ па выніках апытання атрымаў бронзу. Прычыны тут дзве — шалёная антызаходняя рыторыка і згаданая вышэй зямельная рэформа. Той факт, што ён на яе пайшоў, забяспечыла Мугабэ каласальныя сімпатыі ў Афрыцы. Шмат дзе дасюль востра стаіць зямельнае пытанне — ліквідацыя каланіялізму не значыла перадзелу зямлі, якая, як і раней, як правіла, належыць белым фермерам. У Паўднёвай Афрыцы ўвогуле створана партыя, якая ідзе на выбары пад дэвізам імпартаваць дзяржаўную мадэль Мугабэ.
Крыніцай эканамічнага выжывання сістэмы таксама ёсць брудная гульня міжнародных кампаній, якія здабываюць у Зімбабве карысныя выкапні.
Рознымі шляхамі і хітрыкамі яны атрымліваюць у Зімбабве канцэсіі. Пасля фірмы фактычна трапляюць у пастку, паколькі Мугабэ любіць паразважаць на публіцы — нацыяналізаваць яму ўсе замежныя кампаніі ў краіне або пакінуць іх у спакоі, калі яны будуць даваць больш грошаў у бюджэт. Звычайна замежнікі выконваюць усе капрызы дыктатара, паколькі прыбыткі ад продажу тых жа алмазаў, якія яны здабываюць у Зімбабве, пакрываюць усе хабары».
Таксама эканоміка Зімбабве выжывае за кошт дапамогі з боку афрыканскіх краін. Адмовіць яны проста не могуць, паколькі інакш будуць выглядаць памагатымі Захаду, які Мугабэ крытыкуе 24 гадзіны на суткі. Па-другое, у кіраўніцтве афрыканскіх краін шмат былых удзельнікаў антыкаланіяльных войнаў 1960–1970-х гадоў. Яшчэ тады сфармаваўся нефармальны агульнаафрыканскі клуб паўстанскіх камандзіраў, адным з якіх быў Робер Мугабэ (ён кіраваў партызанкай у Зімбабве, якая тады называлася Паўднёвая Радэзія).
Тое, што Мугабэ прайшоў праз партызанку, у выніку якой край атрымаў незалежнасць, напэўна, і ёсць галоўная прычына, чаму ў Зімбабве ніхто асабліва крытыкаваць яго не хоча. Не вельмі ветліва. Усё ж Бацька нацыі. Да таго ж узровень палітычнай свядомасці ў Афрыцы не вельмі вялікі. Грамадства пабудавана на аснове кланаў, дзе даўно выпрацаваныя свае механізмы рэгуляцыі грамадскіх адносін, формы прымітыўнага права. Іншымі словамі, дзяржава і грамадства — аўтаномныя сферы.
Хаця Мугабэ абяцае жыць ледзь не вечна, усе лічаць, што гэта толькі бравада. Так, паводле Wikileaks, у дыктатара рак прастаты. Таму, хутчэй за ўсё, паступова ўлада будзе пераходзіць да яго 24-гадовага сына Бона, які не так даўно скончыў універсітэт у Сінгапуры. Аднак стоадсоткава Робер яшчэ не раз шакуе еўрапейскую свядомасць.
Бліжэйшы выбрык чакаецца ў Брусэлі ў красавіку. На пачатку года Мугабэ абралі заступнікам старшыні Афрыканскага саюза. Такі статус патрабуе ад яго ўдзелу ў красавіцкім саміце Афрыка — ЕС. Натуральна, еўрапейцы адмовілі дыктатару ў візе. Тады на яго бок сталі ўсе іншыя сябры Афрыканскага саюза, якія пагражаюць Брусэлю абструкцыяй.