Натаўскія бомбы і расійскія авантуры. Да гадавіны пачатку аперацыі «Саюзная Сіла»

24 сакавіка 1999 года, каля восьмай гадзіны вечара па мясцовым часе, бамбавікі-знішчальнікі F/A-18 Hornett іспанскіх ВПС нанеслі першыя ўдары па аб’ектах у Бялградзе. У далейшым у аперацыі, якая атрымала назву «Саюзная Сіла», прынялі ўдзел больш за 1000 самалётаў 13 краін NATO, а таксама тры дзясяткі баявых караблёў, якія наносілі ракетныя ўдары па тэрыторыі Югаславіі.

By Darko Dozet - Own work, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=25242387

By Darko Dozet - Own work, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=25242387

Недзе на пачатку 1999-га знаёмы маскоўскі астролаг паведаміў, што ягоныя калегі заўважылі незвычайнае размяшчэнне планет, якое можна будзе пабачыць 24 сакавіка. На адмысловым сходзе, скліканым імі з гэтай нагоды, была зроблена выснова, што ў гэты дзень мусіць адбыцца падзея, пра якую ў Расіі даўно, але на той час збольшага патаемна, марылі ўсе: абрынецца долар. Якую практычную карысць ад гэтага разлічвалі атрымаць расійцы, было невядома. Хутчэй, гэта была прага рэваншу за абвал рубля ў 98-м. Потым гэтая інфармацыя неяк падзабылася, але 24 сакавіка падзея, сапраўды, адбылася. І падзея гучная. Толькі замест долара пасыпаліся бомбы: пачаліся натаўскія бамбардзіроўкі Югаславіі.

Праблема Косава

Пад канец 90-х ад былой сацыялістычнай Югаславіі мала што засталося. Ужо атрымалі незалежнасць Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія. У складзе Саюзнай Рэспублікі Югаславія заставаліся толькі Сербія (якая, фактычна, і дзейнічала ад імя Югаславіі) і Чарнагорыя. І яшчэ Косава — як аўтаномны край Косава і Метохія ў складзе Сербіі, але з вялікім жаданнем атрымаць незалежнасць.
Працэс распаду Югаславіі суправаджаўся жорсткімі ваеннымі канфліктамі, у ходзе якіх ад баявых дзеянняў і этнічных чыстак гінулі дзясяткі тысяч мірных жыхароў. Гэта было падставай для моцнага галаўнога болю еўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх палітыкаў, якім даводзілася займацца «разрульваннем» шматлікіх войнаў і спрэчак, што пагражалі ператварыць Балканы ў доўгатэрміновы агмень палітычнай нестабільнасці, які мог патэнцыйна пагражаць усёй Еўропе. Варта таксама было ўлічваць, што Расія, якая тады ўсё яшчэ лічылася «саюзнікам» заходняга свету, не хавала сваіх сімпатый да сербаў і іхняга лідара Слабадана Мілошавіча. Які, уласна, і быў увасабленнем той палітыкі, што вяла да нестабільнасці, узброеных канфліктаў і ахвяр.
У папярэднія гады Захаду дзе дыпламатыяй, дзе вайсковай сілай удавалася спыняць войны і афармляць «развод» былых югаслаўскіх рэспублік. У жніўні — верасні 1995-га натаўская авіяцыя ўжо наносіла ўдары па баснійскіх сербах у рамках аперацыі «Абдуманая сіла», прымусіўшы апошніх паважаць зоны бяспекі, усталяваныя ААН. Падставай для тых бамбардзіровак таксама былі акты генацыду з боку сербаў супраць баснійскага ісламскага насельніцтва, а вынікам — незалежнасць Босніі і Герцагавіны.
З Косава праблема была больш складаная. Гэта была не саюзная рэспубліка, а аўтаномны край. Таму «законных» падстаў для аддзялення Косава ад Сербіі не было. Але албанцам, якія складалі большасць насельніцтва, гэтага вельмі хацелася.
Да канца 1998-га аддзелы югаслаўскай арміі актывізавалі свае намаганні па «навядзенні канстытуцыйнага парадку» ў Косаве, дзе дзейнічалі ўзброеныя групоўкі радыкальных прыхільнікаў незалежнасці. Ахвярамі, як заўжды, рабіліся, у першую чаргу, мірныя грамадзяне.

Разня ў Рачаку і пагадненні Рамбуе

У сярэдзіне студзеня 1999-га адбылася разня ў вёсцы Рачак, ахвярамі якой зрабіліся 45 албанцаў. Югаслаўскі бок настойваў, што ўсе забітыя (у тым ліку жанчыны і 12-гадовы хлопчык) былі албанскімі баевікамі. На гэтым настойвала і міжнародная югаслаўска-беларуская следчая камісія, якая правяла першыя абследаванні цел загінулых. Праўда, метады, якімі карысталіся чальцы гэтай камісіі, не вытрымлівалі крытыкі, і зробленыя ёй высновы не былі прыняты ўсур’ёз.
Другая камісія — фінская, утвораная па ініцыятыве ЕЗ, прыйшла да высноў, што большасць забітых з высокай ступенню верагоднасці не былі ўдзельнікамі баявых дзеянняў і былі забітыя, калі не мелі зброі ў руках. Гэта супадала і з паказаннямі сведкаў, якія распавядалі, што пасля вайсковай аперацыі ў вёску зайшлі аддзелы югаслаўскай паліцыі, якія аддзялялі мужчын ад жанчын і дзяцей і ўводзілі іх у невядомым кірунку. Пасля целы гэтых людзей былі знойдзены ў наваколлі вёскі.
Нягледзячы на тое, што адназначных высноў фінская камісія не рабіла (спасылаючыся на тое, што высновы — гэта справы трыбунала), і заходнія палітыкі, і грамадскае меркаванне ўспрыняла разню ў Рачаку як акт этнічнай чысткі.
На прадстаўнікоў заходніх краін (і не толькі іх) падзеі ў Рачаку зрабілі вялікае ўражанне, нарадзіўшы значныя антыюгаслаўскія настроі. Тым не менш, пошук мірнага рашэння канфлікту ў Косаве працягваўся. Краіны NATO ў якасці варыянту выйсця з праблемы прапанавалі свой план. У адпаведнасці з ім, Косава заставалася ў складзе Югаславіі, але атрымлівала шырокую аўтаномію. Далейшы лёс Косава планавалася вырашыць праз тры гады, «на падмурку волі народа». Югаслаўскія войскі выводзіліся з Косава. Замест іх для падтрымання міру і спакою прадугледжваўся ўвод у Косава 30-тысячнага натаўскага кантынгенту. Пры гэтым войскі NATO мусілі атрымаць права свабоднага праходу праз югаслаўскую тэрыторыю.
Змест прапанаванага дакумента не здавальняў ні албанцаў (якія не атрымлівалі незалежнасці), ні сербаў (як казаў потым вядомы амерыканскі палітык Генры Кісінджэр, такія ўмовы не мог прыняць «нават наймілейшы серб»). Тым не менш, заходнія дыпламаты здолелі «даціснуць» албанцаў. 18 сакавіка дакумент быў падпісаны, увайшоўшы ў гісторыю як «дамова Рамбуе» (па назве замка ў Францыі, дзе праходзілі перамовы).
Вось толькі ўзнікла праблема: калі прадстаўнікі касавараў разам з брытанцамі і амерыканцамі паставілі свае подпісы пад пагадненнем, сербы і расійцы катэгарычна адмовіліся гэта рабіць. Менавіта гэта, як лічыцца, і з’явілася непасрэднай падставай для пачатку аперацыі супраць Югаславіі.

Ваша слова, таварыш бамбавік!

24 сакавіка, каля восьмай гадзіны вечара па мясцовым часе, бамбавікі-знішчальнікі F/A-18 Hornett іспанскіх ВПС нанеслі першыя ўдары па аб’ектах у Бялградзе. У далейшым у аперацыі, якая атрымала назву «Саюзная Сіла», прынялі ўдзел больш за 1000 самалётаў 13 краін NATO, а таксама тры дзясяткі баявых караблёў, якія наносілі ракетныя ўдары па тэрыторыі Югаславіі.


Члены наземнага экіпажа 494-й знішчальнай эскадрыллі ВПС ЗША рыхтуюцца ўсталяваць сістэму навядзення на бомбу GBU-24 з лазерным навядзеннем на авіябазе Авіяано, Італія, 24 сакавіка 1999 года. Бомба будзе ўсталявана на знішчальнік F-15 Eagle перад нанясеннем авіяўдараў у падтрымку аперацыі NATO «Саюзная сіла». By Senior Airman Jeffrey Allen, U.S. Air Force

Члены наземнага экіпажа 494-й знішчальнай эскадрыллі ВПС ЗША рыхтуюцца ўсталяваць сістэму навядзення на бомбу GBU-24 з лазерным навядзеннем на авіябазе Авіяано, Італія, 24 сакавіка 1999 года. Бомба будзе ўсталявана на знішчальнік F-15 Eagle перад нанясеннем авіяўдараў у падтрымку аперацыі NATO «Саюзная сіла». By Senior Airman Jeffrey Allen, U.S. Air Force

Гэта, як вядома, была не першая баявая аперацыя NATO на тэрыторыі былой Югаславіі. Але, у адрозненне ад бамбардзіровак 1999-га, аперацыя ў 1995-м была санкцыяванай ААН. За «Саюзнай Сілай» такога ўхвалення не было.
Адсутнасць адпаведнага рашэння з боку Аб’яднаных Нацый ставіла вялікія пытанні наконт законнасці гэтай аперацыі, бо прымяненне сілы супраць суверэннай дзяржавы лічыцца дазволеным толькі пасля адпаведнай рэзалюцыі Рады Бяспекі. У дадзеным выпадку атрымаць такую рэзалюцыю было немагчыма, нягледзячы на тое, што ідэю прымянення сілы супраць Югаславіі падтрымліваў і тагачасны генеральны сакратар ААН Кофі Анан. Было відавочна, што пры галасаванні гарантавана скарыстаецца сваім правам вета Расія, якая мела на Балканах «свае інтарэсы». Таксама супраць рэзалюцыі, хутчэй за ўсё, выступіў бы і Кітай.
Тым не менш, зыходзячы з таго, што іначай канфлікт на Балканах зацягнуўся б яшчэ на нявызначаны час, NATO пайшла на ваенную аперацыю. І тут жа трапіла пад хвалю крытыкі. Асабліва дасталася, канечне, Злучаным Штатам. Гэта, бадай, быў першы выпадак пасля завяршэння Халоднай вайны, калі знешняя палітыка ЗША выклікала столькі нараканняў, у тым ліку і з боку традыцыйных палітычных саюзнікаў. Супраць аперацыі выказаліся тагачасны прэм’ер Індыі Аталь Біхары Віджпаі і ізраільскі міністр замежных спраў Арыель Шарон. Аўстрыя не дала дазволу на выкарыстанне самалётамі NATO сваёй паветранай прасторы.
Таксама ў СМІ пачалі сустракацца меркаванні, што ўся аперацыя была задумана дзеля таго, каб адцягнуць увагу ад скандалу вакол інцыдэнту, які адбыўся паміж прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам і Монікай Левінскі ў Авальным кабінеце Белага дома. Сцвярджэнні Клінтана, што паміж імі не было сексуальнай сувязі, палічылі хлуснёй, што прывяло да спробы імпічменту ў канцы 98-га — пачатку 99-га. Нягледзячы на тое, што імпічмент праваліўся яшчэ да пачатку аперацыі, «асадачак» застаўся. Тым больш што ўся гісторыя з ударамі па Югаславіі магла камусьці падацца вельмі падобнай на сюжэт палітычнай сатыры «Хвост віляе сабакам». Па сюжэце гэтай стужкі, якая выйшла на экраны ў 1997-м, каб выратаваць рэйтынг прэзідэнта, што пахіснуўся пасля выпадку адзюльтэру, дарадца прэзідэнта пры дапамозе кіношнікаў фабрыкуе «антытэрарыстычную аперацыю ў Албаніі», якой у рэчаіснасці не было.
Падставамі для крытыкі было і тое, што пад удары ў ходзе аперацыі траплялі мірныя аб’екты, у выніку чаго гінулі мірныя грамадзяне. Так, 12 красавіка пад удар натаўскага бамбавіка трапіў пасажырскі цягнік. Ён у момант бамбавання апынуўся на мосце, які з’яўляўся асноўнай мэтай пілота. У выніку загінулі 20 чалавек. 23 красавіка быў разбураны бялградскі тэлецэнтр. Ахвярамі таго ўдару былі 16 чалавек. Таксама пад удары траплялі калоны бежанцаў, шпіталі, іншыя грамадзянскія аб’екты.
У далейшым гэтыя ўдары не былі прызнаны ваеннымі злачынствамі, паколькі ці наносіліся па законных цэлях, такіх, як масты ці аб’екты варожай прапаганды (тэле- і радыёцэнтры), ці з’яўляліся вынікам непазбежных у такой сітуацыі памылак, а не наўмыснымі дзеяннямі.
Адзін з самых істотных інцыдэнтаў адбыўся 7 траўня, калі ракета трапіла ў будынак пасольства Кітая. У выніку загінулі тры чалавекі. Гэта прывяло да масавых пратэстаў супраць NATO ў самім Кітаі, а таксама да інтэрнэт-вайны паміж групоўкамі кітайскіх і амерыканскіх хакераў. Інцыдэнт завяршыўся выбачэннямі амерыканскага боку і выплатамі кампенсацый сем’ям ахвяр і кітайскаму ўраду.

Паспяховае завяршэнне

Югаслаўскі ўрад анічога не мог проціпаставіць «Саюзнай Сіле». 3 чэрвеня, пасля таго, як ваеннай сіле і інфраструктуры Югаславіі былі нанесены значныя страты, прэзідэнт Югаславіі Мілошавіч пагадзіўся прыняць патрабаванні NATO. 10 чэрвеня, пасля 2 месяцаў, 2 тыдняў і 3 дзён правядзення, аперацыя была спынена.

Вынікам яе былі вялікія матэрыяльныя і эканамічныя страты Югаславіі. У ходзе аперацыі загінулі 1008 югаслаўскіх вайскоўцаў і паліцэйскіх. Ахвярамі бамбардзіровак зрабіліся да 528 мірных грамадзян. Сілы NATO згубілі двух чалавек (у выніку крушэння верталёта падчас вучэбнага палёту).


На тэрыторыю Косава ўводзіўся кантынгент міратворчых сіл (КФОР) пад кіраўніцтвам NATO. У адрозненне ад пагадненняў Рамбуе, войскі арганізацыі не маглі свабодна перамяшчацца па тэрыторыі Югаславіі. Косава не атрымала незалежнасці, але значна прасунулася ў бок дасягнення гэтай мэты, цалкам выйшаўшы з-пад кантролю Югаславіі.
Адным з асноўных вынікаў было адхіленне ад улады Мілошавіча. Гэта адбылося 5 кастрычніка 2000-га, калі сотні тысяч сербаў, стомленых ад аўтарытарнага і карумпаванага кіравання папярэдняга рэжыму, які прывёў да паражэння ад NATO і эканамічнай катастрофы, запатрабавалі ягонага сыходу. Непасрэднай падставай было абвяшчэнне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія сербы палічылі фальсіфікаванымі.


Увесну 2001-га Мілошавіч быў арыштаваны і адпраўлены ў Гаагу, дзе паўстаў перад Міжнародным крымінальным трыбуналам па былой Югаславіі праз абвінавачанні ў ваенных злачынствах. Да вынясення прысуду ён не дажыў: памёр у сваёй камеры 11 сакавіка 2006-га.

«Пятля Прымакова»

Ад моманту развалу СССР незалежная Расія разглядалася заходнімі палітыкамі як краіна, якая «цвёрда паўстала на шлях дэмакратычнай трансфармацыі». Захад досыць паблажліва глядзеў як на вайну ў Чачэніі, так і на грубае ўмяшальніцтва Расіі ва ўнутраныя справы незалежных краін, якія ўтварыліся на месцы СССР. Пазіцыя Расіі па Балканах, канечне, выклікала пэўную занепакоенасць, але не ўплывала істотна на стасункі з ёй.
Рэакцыя Расіі на аперацыю «Саюзная Сіла» была для Захаду, бадай, першым істотным сігналам пра магчымасць пагаршэння ўзаемных адносін і тыя выклікі сістэме міжнароднай бяспецы, якія могуць нарадзіць паводзіны Расіі ў далейшым.


Выпуск «КП» ад 26 сакавіка 1999 года. Артыкул прысвечаны той самай «пятлі Прымакова». Крыніца: kp.ru

Выпуск «КП» ад 26 сакавіка 1999 года. Артыкул прысвечаны той самай «пятлі Прымакова». Крыніца: kp.ru

Навіны пра пачатак натаўскіх бамбардзіровак засталі тагачаснага расійскага прэм’ера Яўгенія Прымакова ў самалёце над Атлантыкай, калі той ляцеў у ЗША на перамовы наконт амерыканскага крэдыту Расіі на 5 мільярдаў долараў. Даведаўшыся пра ўдары па Югаславіі, Прымакоў загадаў развярнуць самалёт, здзейсніўшы знакамітую «пятлю Прымакова», якая, фактычна, зрабілася сімвалам далейшай знешняй палітыкі Расіі.
Нягледзячы на тое, што «афіцыйна» прычынай адмовы Расіі ад супрацы з Захадам з’яўляецца аперацыя ЗША і саюзнікаў супраць Ірака ў 2003-м, расійскія ўлады ў той час адназначна ўступілі ў канфрантацыю з заходняй палітыкай. Уласна, усімі сваімі папярэднімі паводзінамі на Балканах, дзе Расія, як абвяшчалася, мела «свае інтарэсы», яна дэманстравала апазіцыю як еўрапейцам, так і амерыканцам. Але ў дадзеным выпадку ейныя ўчынкі ледзь не прывялі да непасрэднага ўзброенага сутыкнення.
Пасля паражэння Югаславіі Расія імкнулася захаваць сваю прысутнасць у рэгіёне. Дзеля гэтага яна патрабавала асобную зону адказнасці на тэрыторыі Косава для свайго міратворчага кантынгенту. Захад гэтаму процістаяў, бо разумеў, што такім чынам будзе ўтвораны плацдарм для далейшай дэстабілізацыі. І тады Расія пайшла на авантуру.

«Кідок на Прышціну»

11 чэрвеня каля 200 расійскіх дэсантнікаў, якія ўваходзілі ў склад кантынгенту КФОР і падпарадкоўваліся аб’яднанаму амерыканскаму камандаванню, самачынна пакінулі сваё месца размяшчэння і па загадзе расійскага кіраўніцтва ўпотай рушылі калонай у бок міжнароднага аэрапорта Слаціна, які месціцца побач са сталіцай Косава — горадам Прышцінай.

Рускія БТР пад Прышцінай. Фота: tvernews.ru 

Рускія БТР пад Прышцінай. Фота: tvernews.ru 

Па дамоўленасці з югаслаўскім бокам сілы КФОР мусілі ўвайсці ў Косава пазней, і калі да аэрапорта падышлі нарвежскія і брытанскія атрады сіл спецыяльных аперацый, там ужо знаходзіліся расійскія дэсантнікі. Такая «перамога», ды яшчэ атрыманая пад камерамі буйнейшых міжнародных навінных агенцый, вельмі натхніла расійскае кіраўніцтва. Барыс Ельцын гучна радаваўся таму, што ён, нарэшце, «шчоўкнуў па носе» Захад. Нехта з прысутных яго паправіў: «Вы не шчоўкнулі — вы ўрэзалі па фізіяноміі».
У той жа час амерыканскі генерал Уэслі Кларк, які камандаваў натаўскімі сіламі ў Еўропе, вельмі хацеў пасадзіць на ўзлётна-пасадачную паласу аэрапорта некалькі натаўскіх верталётаў, каб зрабіць немагчымай высылку дапамогі расійскаму дэсанту. Гэтаму процістаяў камандуючы кантынгентам КФОР брытанскі генерал Майк Джэксан. Ён страшыўся, што верталёты могуць патрапіць пад абстрэл, а гэта пагражала ўзброеным канфліктам з Расіяй — з непрадказальнымі наступствамі. Акрамя таго, ён абсалютна лагічна разважаў, што расійскія самалёты не здолеюць даляцець да Прышціны праз паветраную прастору іншых дзяржаў, а 200 дэсантнікаў самі па сабе нічым не пагражаюць натаўскім сілам.
Пазіцыя Джэксана перамагла. Праз некалькі дзён расійскія ваякі самі пайшлі да натаўскіх байцоў з просьбай падзяліцца прадуктамі харчавання. Бо іхняя радзіма не паклапацілася пра такую дробязь. Расіі дазволілі «захаваць твар», спачатку далучыўшы ейных дэсантнікаў да натаўскай аховы аэрапорта, а потым выдзеліўшы ім асобныя месцы для размяшчэння, незалежна ад сіл NATO. «Свайго» сектара расійцы так і не атрымалі.


Аперацыя «Саюзная Сіла» скончылася паспяхова. Пасля яе ніхто на Балканах не спрабаваў прымяніць сілу для вырашэння праблем. Нават цяперашняе процістаянне Сербіі і Косава, падобна, знайшло мірны шлях да выйсця. 18 сакавіка ў македонскім Охрыдзе прэм’ер-міністр Косава Альбін Курты і прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч ухвалілі план па нармалізацыі адносін. Ён уключае ў сябе такія моманты, як узаемнае прызнанне афіцыйных дакументаў і нацыянальных сімвалаў, павага да незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, аўтаноміі, права на самавызначэнне, павага да правоў чалавека і адсутнасць дыскрымінацыі (праўда, аніякай дамовы на гэты конт падпісана не было).
Амерыканцы, натхнёныя поспехам у Югаславіі, праз чатыры гады паспрабавалі паўтарыць досвед у Іраку. Але там усё завяршылася для іх не так добра. Расія ж працягнула дэманстраваць свету, што яна гатова на любую авантуру, без праліку наступстваў, абы прадэманстраваць сваю сілу і істотнасць. Завяршаецца гэта, праўда, таксама так сабе.