Насця Рыбка можа атрымаць да 10 гадоў турмы

Аб гэтым паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на New York Times.

rybka_bybka.jpg


Арыштаваная падчас паліцэйскага рэйду падчас «сэкс-трэнінгу» ў Тайландзе, беларуская эскортніца Анастасія Вашукевіч (Насця Рыбка) у лютым прыцягнула ўвагу ўсяго свету, калі заявіла, што мае аўдыёзапісы, якія могуць паказаць сувязь паміж расійскімі ўрадоўцамі і выбарамі прэзідэнта Трампа.
Яна спадзявалася, што за перадачу гэтых запісаў яе могуць вызваліць з турмы. Праз шэсць месяцаў, аднак, яе абвінавачванне пераўтварылася ў сур’ёзную крымінальную справу, па якой можна атрымаць пакаранне да 10 гадоў турмы. У новым інтэрв'ю The New York Times Анастасія Вашукевіч больш не афішуе змест сваіх запісаў і кажа, што цяпер яна не плануе зрабіць іх здабыткам грамадскасці, кажа, што дамовілася з алігархам маўчаць пра ўмяшанне Расіі ў выбары ў ЗША
Насця Рыбка застаецца ў тайскай турме разам з ураджэнцам Беларусі, сэкс-трэнэрам Аляксандрам Кірылавым (Алекс Лэслі) і яшчэ шасцю фігурантамі справы з Расіі.
На гэтым тыдні суддзя прызначыў суд на сярэдзіну студзеня, пасля таго, як усе фігуранты справы не прызналі сябе вінаватымі ў абвінавачванні ў непрыстойных паводзінах, змове і прыналежнасці да сакрэтнай супольнасці. Яны абураныя гэтымі абвінавачваннямі, якія звязваюць з умяшаннем замежных дзяржаў.
Як адзначае аўтар публікацыі NYT, цяпер Насця Рыбка кажа, што паслала копіі сваіх запісаў алігарху Алегу Дзерыпаску, з якім, як яна кажа, мела інтымныя адносіны, і чые прыватныя размовы яна запісвала.
«Цяпер я проста чакаю адказу Алега, — сказала яна. — Я проста хачу, каб мы былі сябрамі».
Алег Дзерыпаска — адзін з найбагацейшых людзей Расіі, блізкі да прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, меў дзелавыя сувязі з мэнэджарам выбарчай кампаніі прэзідэнта Трампа Пола Манафорта.
У красавіку ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да Алега Дзерыпаскі і шасці іншых расійскіх алігархаў, як пакаранне за ўмяшанне ў 2016 годзе ў выбары і за іншыя агрэсіўныя дзеянні Расіі.
Пол Манафорт, які быў прызнаны вінаватым на мінулым тыдні ў фінансавых махінацыях, вінны мільёны долараў Алегу Дзерыпаску яшчэ з ранейшых бізнес-авантураў, адзначае выданне. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2016 года ў ЗША, ён прапанаваў Дзерыпаску прыватныя брыфінгі пра кампанію Дональда Трампа.
Праз свайго прадстаўніка Алег Дзерыпаска адмаўляе якія-небудзь парушэнні.
Насця Рыбка​ стала вядомая пасля расследавання Аляксея Навальнага аб магчымых карупцыйных сувязях мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесніка кіраўніка ўраду Расіі Сяргея Прыходзькі. Улетку 2016 года алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшанне ў амерыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насця Рыбка.
​Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», не маючы дазволу працаваць у Тайландзе. Большасць удзельнікаў семінараў былі мужчыны, турысты з Расіі.
Пасля двое з дзесяці затрыманых у Тайландзе былі дэпартаваныя ў Расію.
Але перш чым Анастасія Вашукевіч і іншыя фігуранты справы маглі быць таксама дэпартаваныя, паліцыя высунула абвінавачванні ў змове, прыналежнасці да сакрэтнай супольнасці і непрыстойных паводзінах. Іх усіх адмовіліся вызваліць пад заклад.
Цэнтральным сведкам супраць іх будзе амерыканец Паўло Юнко, які спачатку спрабаваў дапамагчы вызваліць іх з турмы, але пазней перадаў іх электронныя прылады ў паліцыю і пагадзіўся супрацоўнічаць, кажа абвінавачванне.