Надзею Саўчанка пакінулі пад вартай яшчэ на шэсць месяцаў

Растоўскі абласны суд у РФ адхіліў скаргу абароны ўкраінскай лётчыцы, народнага дэпутата, дэлегата ПАСЕ Надзеі Саўчанкі на пастанову Данецкага гарадскога суда аб прадаўжэнні тэрміну яе арышту.



savchenko1.jpg

svoboda.org

Пра гэта паведаміў у Twitter адзін з адвакатаў Мікалай Полазаў.

«Растоўскі абласны суд пакінуў Надзею Саўчанка пад вартай. Расія ў чарговы раз парушыла рэзалюцыю ПАСЕ», — напісаў ён.

Полазаў таксама адзначыў, што сёння пачаўся другі тыдзень галадоўкі яго падабароннай, якая незаконна ўтрымліваецца ў расійскім СІЗА.

Як паведамлялася, 17 снежня Данецкі гарадскі суд Растоўскай вобласці задаволіў хадайніцтва пракурораў аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання Саўчанка пад вартай да 16 красавіка наступнага года.

Таго ж дня Саўчанка абвясціла аб пачатку галадоўкі з 18 снежня.

Летам 2014 года Саўчанка выкралі тэрарысты на Данбасе і перавезлі ў Расію. У РФ яе абвінавацілі ў датычнасці да гібелі расійскіх журналістаў. Аднак, па дадзеных абароны, яна не магла быць датычная да гібелі журналістаў, паколькі трапіла ў палон яшчэ да іх смерці.

У абвінаваўчым заключэнні па крымінальнай справе ў дачыненні да Саўчанкі гаворка ідзе пра замах на забойства і забойства, а таксама незаконнае перасячэнне мяжы.

Па дадзеных адваката, Саўчанка пагражае максімальны тэрмін зняволення — 25 гадоў.