МЗС Расеі не бачыць падставаў для абмену Пола Уілана, абвінавачанага ў шпіянажы
Міністэрства замежных справаў Расіі не бачыць прычынаў ставіць пытанне аб абмене Пола Уілана, які абвінавачваецца ў шпіянажы, на
расейцаў, арыштаваных у іншых краінах. Пра гэта ў суботу заявіў
журналістам намеснік кіраўніка ведамства Сяргей Рабкоў, піша Радыё Свабода.
Чыноўнік настойвае, што сітуацыя з Уіланам разьвіваецца ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам і двухбаковымі абавязацельствамі па забеспячэнні консульскага доступу да замежнага грамадзяніна. Напярэдадні дэпутат верхняй палаты расейскага парламента Алег Марозаў назваў Пола Уілана кандыдатам для абмену на расейцаў, арыштаваных у ЗША — Віктара Бута і Марыю Буціну.
За тыдзень да затрымання Уілама ў Маскве прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на прэс-канфэрэнцыі адказваў на пытанне аб магчымасці затрымання ў Расеі замежных грамадзянаў для абмену на расейцаў. «Мы не будзем хапаць ні ў чым не вінаватых людзей толькі для таго, каб іх на кагосьці мяняць», — заявіў Пуцін. Па апошніх дадзеных, Уілан можа з'яўляцца грамадзянінам чатырох краінаў. Акрамя Злучаных Штатаў ён накіраваў запыты аб дапамозе ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы Канады, Вялікабрытаніі і Ірляндыі.
Брат Уілана ў інтэрв'ю BBC распавёў, што той рэгулярна ездзіў у Расею. Ён адхіліў магчымасць яго працы на выведку. У апошнія гады Уілан працаваў дырэктарам па бяспецы амерыканскай кампаніі BorgWarner, якая пастаўляе запчасткі для аўтамабіляў.