Самаспаленне Альберта Разіна: роспач ці правакацыя?

Такое ўражанне, што афіцыёз Пуціна ўзняты па трывозе. Задача — давесці, што прычынай самаспалення ўдмурцкага навукоўца Альберта Разіна не магла быць моўная палітыка цэнтра ў нацыянальных аўтаноміях.

 Фота www.svoboda.org

 Фота www.svoboda.org

Нагадаем, каля будынка Дзяржаўнага савета Удмуртыі ў Іжэўску 10 верасня падпаліў сябе 79-гадовы Альберт Разін, заслужаны навуковец Удмуртыі. Пагасіць жывы факел адразу не ўдалося. У выніку, калі вучонага транспартавалі ў бальніцу, апёкамі было пашкоджана амаль усё цела, а агульны стан быў ацэнены як крытычны. Праз некалькі гадзін, паводле паведамленняў медыкаў, пацыент памёр.

Матывацыя ўчынку Разіна не выклікае сумневаў. Побач з месцам суіцыду былі знойдзеныя транспаранты, у якіх нябожчык патрабаваў выратаваць удмурцкі этнас. «І калі заўтра мая мова знікне, то я гатовы сёння памерці», — было напісана на адным з іх. Агульнавядома, што пры жыцці Разін з’яўляўся актыўным удзельнікам удмурцкага нацыянальнага руху.

Ён таксама быў адным з падпісантаў звароту да кіраўніцтва аўтаноміі з патрабаваннем не падтрымліваць законапраект аб вывучэнні нярускіх моваў у школах. Згодна з дакументам, мовы тытульных нацый аўтаномій Расіі перасталі быць часткай абавязковай школьнай праграмы, што пагаршае, на думку актывістаў, трывожны трэнд. Так, згодна з перапісамі 2002 і 2010 гадоў, толькі за 8 гадоў колькасць людзей, якія валодаюць удмурцкай мовай, скарацілася ў рэспубліцы на 30 працэнтаў — да 324 тысяч.

Аўтадафэ, ды яшчэ на палітычнай глебе — неардынарная падзея не толькі для расійскай глыбінкі, але нават для сусветнай прэсы. Трагедыі Разіна надалі ўвагу шматлікія замежныя СМІ. Не прайшлі міма трагедыі навукоўца і палітыкі. Спікер эстонскага парламента выказаў спачуванні з нагоды таго, што блізкі эстонцам па фіна-угорскай групе народ менавіта такімі метадамі адстойвае права на мову. Украінскія медыя на прыкладзе моўнай асіміляцыі ва Удмуртыі распавядаюць, што чакае Украіну ў выпадку паразы ў цяперашнім супрацьстаянні з Расіяй.

Таму не дзіўна, што ў расійскіх праўладных медыя адмаўляюць тэзіс пра тое, што моўнае пытанне магло неяк матываваць вучонага на суіцыд. Паводле такіх медыя, моўныя праблемы ў Расіі лёгка вырашаюцца ў рамках шматлікіх культурных і адукацыйных ініцыятыў. У якасці доказу прыводзіцца вядомы музычны фальклорны калектыў «Бурановские бабушки» з удмурцкай вёскі Буранава. У рэпертуары калектыву ёсць удмурцкія песні, якія звычайная аўдыторыя ўспрымае «на ўра». Паводле прапаганды, такая рэакцыя — лепшае сведчанне таго, што сітуацыя з удмурцкай мовай цалкам здавальняючая.

Адначасова расійскія праўладныя медыя спрабуюць нівеляваць аўтарытэт нябожчыка, звяртаючы ўвагу на кантраверсійныя фрагменты яго біяграфіі. Напрыклад, у архівах знойдзена яго дысертацыя, напісаная ў 1970-х гадах, якая была прысвечана поспехам сельскай гаспадаркі Удмуртыі ў часы «развітога сацыялізму». Звяртаюць увагу на тое, што апошнім часам Разін сам сябе называў шаманам і ў перапынках паміж рытуаламі даводзіў, што можа лёгка паляпшаць здароўе містычнымі метадамі.

Захапленне Разіна дахрысціянскімі культурнымі традыцыямі Удмуртыі таксама аказалася запатрабавана. Прадстаўнік РАН сцвярджае, што Разін не мог падпаліць сябе, паколькі любіў мясцовую культуру, а такія практыкі, як самаспаленне, нехарактэрныя ўдмурцкай народнай традыцыі. Як заявіў навуковец: «Самаспаленне з’яўляецца даволі распаўсюджанай формай крайняга палітычнага пратэсту ў азіяцкіх краінах, на Тыбеце, Чэхаславакіі і Польшчы, але не ва Удмуртыі».

Калі не пытанне мовы, то што тады прымусіла Альберта Разіна падпаліць сябе? Канкрэтнага адказу на гэтае пытанне няма. Альтэрнатыўныя версіі прапануюцца, хутчэй, як намёкі. Адна з удмурцкіх чыноўніц кажа, што асабіста ведала Разіна, і ніякіх суіцыдальных схільнасцяў у яго не было. Пайсці на такі фатальны крок Разіна мог падштурхнуць нейкі раптоўны знешні фактар. Менавіта пошукам гэтага спускавога механізму заняты Следчы камітэт. «Не выключана, што нейкія людзі аказалі псіхалагічны ўплыў на гэтага чалавека», — разважаюць у Савеце пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека.

Ну і, як вядома, не абышлося без падазрэння наконт старанна падрыхтаванай правакацыі. На гэта, нібыта, паказваюць вельмі прафесійныя здымкі ўчынку Разіна. Чаму ў аператара падчас здымкаў не дрыжыць рука, чаму ён так спакойна рэагуе на жудасную сцэну — задаюць пытанні крамлёўскія прапагандысты, адразу выдаючы адказ: хтосьці хацеў «расхістаць» фіна-угорскую супольнасць у Расіі.

Пры гэтым прыводзіцца экстравагантная думка, што абавязковая форма навучання ўдмурцкай мове на самой справе… скарачае колькасць яе карыстальнікаў! Такую дзіўную выснову дазваляе зрабіць агульнапрызнаны факт нізкага прафесійнага ўзроўню педагагічных кадраў на месцах. Таму замест выкладання настаўнікі часта проста прымушаюць зубрыць прадмет. «Моўны прымус», хутчэй, выклікае ў дзяцей агіду да ўдмурцкай мовы. Затое права свабодна абіраць мовы, наадварот, выклікае ў дзяцей цікавасць да ўдмурцкай і дапамагае яе папулярызацыі.

Уся гэтая цудоўная ідылія пра росквіт мовы ўдмуртаў лёгка разбіваецца пры наведванні мясцовых інтэрнэт-форумаў. «У гэтым свеце ўдмурцкай мове месца не застаецца. Хіба толькі ў музеі», — сумна канстатуюць тутэйшыя юзеры.