Міжнародны трыбунал абавязаў Расію вызваліць украінскіх маракоў
Міжнародны трыбунал ААН па марскім праве на сваім паседжанні 25 траўня ў нямецкім Гамбургу абавязаў Расію неадкладна вызваліць два ўкраінскія ваенныя карабля і дапаможнае судна і 24 украінскіх маракоў, затрыманых у Керчанскай пратоцы ў лістападзе 2018 года, паведамляе Белсат.
Таксама трыбунал патрабуе дазволіць вярнуцца затрыманым на радзіму. Такім чынам, патрабаванні Украіны былі задаволеныя. Расія ж адмовілася ўдзельнічаць у пасяджэннях трыбуналу.
Суд таксама абавязаў РФ устрымацца ад любых дзеянняў, якія могуць пагоршыць канфлікт з Украінай праз затрыманне судоў і маракоў.
Нагадаем, 25 лістапада тры караблі ваенна-марскога флоту Украіны (браніраваныя катары «Нікапаль» і «Бярдзянск», а таксама рэйдавы буксір «Яны Капу») планавалі зрабіць пераход з Адэсы ў Марыупаль. Хаця Азоўскае мора і Керчанская пратока з’яўляюцца ўнутранымі водамі Украіны і Расіі, дзе гандлёвыя і ваенныя караблі карыстаюцца свабодаю суднаходства, расійскі бок не прапусціў украінскія караблі.
Расіяне абвінавацілі ўкраінцаў у парушэнні дзяржаўнай мяжы і «небяспечным манеўраванні». Пагранічны катар аховы «Дон» наўмысна пратараніў «Яна Капу», а ўваход у Керчанскую пратоку быў фізічна заблакаваны сухагрузамі. Да месца здарэння Расія накіравала вайсковае падмацаванне, у тым ліку баявыя верталёты. Паколькі ўкраінскія караблі не прапускалі ў Азоўскае мора, яны нарэшце павярнулі назад у Адэсу.
Але расіяне пераследавалі ўкраінцаў у нейтральных водах, патрабавалі спыніцца і ў выніку адкрылі агонь на паражэнне. «Нікапаль», «Бердзянск» і «Яны Капу» былі захоплены і адпраўлены ў Керч. Ад 3 да 6 украінскіх маракоў атрымалі раненні, 24 чалавекі былі захоплены ў палон.