Міністэрства аховы здароўя Украіны заклікае Раду легалізаваць медыцынскі канабіс

Ва Украіне могуць легалізаваць медыцынскі канабіс. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі склікаў пазачарговае пасяджэнне Вярхоўнай Рады, на якім разгледзелі адпаведны законапраект. Легалізаваць прапануюць выключна медыцынскі канабіс — з жорсткім кантролем, паведамляе currenttime.tv.

1cb00ba6_6a37_4df9_b5a4_8e90b22681b2_w1023_r1_s.webp


У падтрымку легалізацыі выступае і Міністэрства аховы здароўя краіны. У аўторак да ўкраінскага парламента выйшлі актывісты і пацыенты, якія, паводле іх слоў, маюць патрэбу ў такім прэпараце.
Закон аб дазволе медыцынскага канабіса носіць назву «закон для Сафійкі». У чатырохгадовай Сафіі вельмі складаная форма эпілепсіі. Дзяўчынку траўмавалі пры нараджэнні лекары. Яе мама Вікторыя распавядае, што кожны дзень Сафію мучаць моцныя курчы.
«Яе скручвае ў левы бок, у яе рука ідзе да твару, усё цела скручваецца налева і як камень становіцца», — распавядае Вікторыя Мастовенка.
Лекі, якія Сафіі прапісваюць лекары, каб палегчыць прыступы, таксічныя, кажа Вікторыя. Замест іх зняць боль дапамагае медыцынскі канабіс, які ва Украіне афіцыйна забаронены. Вікторыя прызнаецца, што яна парушае закон, замаўляючы яго нелегальна.
«Сафія ўжо два гады прымае лекі на аснове медыцынскага канабіса, на аснове алею. Я вымушаная шукаць варыянты, як гэта прывезці ва Украіну, я замаўляю на сайце ЗША, і праз Еўропу мне ў ручной паклажы прывозяць гэтыя прэпараты, як і тысячам іншых сем'яў», — працягвае Вікторыя Мастовенка.
Паводле ацэнак актывістаў, у такіх леках маюць патрэбу больш за два мільёны пацыентаў ва Украіне. Яго просяць не блытаць са звычайнай марыхуанай.
«Ёсць рэкрэацыйная марыхуана, а мы гаворым менавіта пра медыцынскі канабіс. Гэта абсалютна іншы гатунак і іншы від канабіса. З медыцынскага канабіса робяць лекі, яны ёсць у форме алею, у форме таблетак, могуць быць у форме спрэяў, якія прымае пацыент. Яны выпісваюцца  лекарам», — тлумачыць дырэктар дабрачыннага фонду «Пацыенты Украіны» Іна Іваненка.
Паводле навуковых даследаванняў, прэпараты на аснове медыцынскага канабіса могуць палегчыць боль пры эпілепсіі, анкалагічных захворваннях, хваробе Паркінсона, склерозах і посттраўматычным сіндроме. Яны дазволеныя ўжо ў 60 краінах. Наркотыкам гэты прэпарат па-ранейшаму лічаць у Беларусі, Расіі і Венесуэле.
Акцыі пацыентаў з патрабаваннем легалізаваць медыцынскі канабіс ва Украіне праходзяць рэгулярна. Праект закона пра абарот марыхуаны з'яўляўся ў Вярхоўнай Радзе ўжо некалькі разоў, але да галасавання так і не даходзіла — не хапала галасоў. Прадстаўнікоў улады пытанне легалізацыі звычайна дзеліць на два лагеры. Адны падтрымліваюць, іншыя баяцца, што канабіс можа стаць лёгкадаступным. Супраць легалізацыі выступае і частка нарколагаў. Яны лічаць, што гэта можа прывесці да павелічэння колькасці нарказалежных у краіне.
А вось у Міністэрстве аховы здароўя выступілі з заявай, што легалізацыю канабіса ў медыцынскіх мэтах падтрымліваюць, але з жорсткім кантролем. Праўда, якім менавіта ён будзе, яшчэ не вядома.