Марыну Аўсяннікаву, якая з'явілася з антываенным плакатам у эфіры, аштрафавалі

Марыну Аўсяннікаву, рэдактарку «Першага канала», аштрафавалі на 30 тысяч расійскіх рублёў.

1522ba69_2dce35379e5de3e0b114057d9444e3f7.jpg

Астанкінскі раённы суд Масквы аштрафаваў на 30 000 расійскіх рублёў рэдактарку «Першага канала» Марыну Аўсяннікаву, якая з'явілася ў жывым эфіры з антываенным плакатам. Ёй паставілі ў віну няўзгоднены пікет (ч. 2 арт. 20.2 КаАП РФ), паведамляе «Медиазона».

14 сакавіка падчас вячэрняга выпуску навін «Першага канала», каля 21:35 па Маскве, Аўсяннікава зайшла ў кадр з плакатам «No war. Спыніце вайну. Не верце прапагандзе. Тут вам хлусяць».

Перад акцыяй Аўсяннікава запісала відэазварот, у якім назвала тое, што адбываецца ва Украіне, «злачынствам», а Расію — «краінай-агрэсарам».

«І адказнасць за гэтае злачынства ляжыць толькі на сумленні аднаго чалавека. І гэты чалавек — Уладзімір Пуцін», — сказала яна.

Судзілі Аўсяннікаву менавіта за відэазварот. Рэдактарка не прызнала віну: «Я па-ранейшаму лічу, што Расія здзейсніла злачынства, напаўшы на Украіну».