Маршал ідзе на выбары

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы прыйшліся на 80-ю гадавіну смерці Юзафа Пілсудскага — аўтара адраджэння польскай дзяржаўнасці. Натуральна, палітычныя тэхнолагі кандыдатаў кінуліся рабіць піяр на легендзе пра маршала.



c70875f7_56ea_4523_b845_85108aa0292c.jpg

12 мая 1935 года Польшча пагрузілася ў татальны смутак. Пайшоў з жыцця жывы сімвал і нават інстытут яе дзяржаўнасці. Юзаф Пілсудскі, які напрыканцы жыцця фактычна адышоў ад палітыкі, усё роўна заставаўся гарантам сістэмы, якую сам і стварыў. Нават у суседнім СССР, дзе Пілсудскага часта называлі фашыстам, быў абвешчаны афіцыйны смутак. Ігнараваць ролю нябожчыка ў адраджэнні Польшчы было нельга. «Усе мы — сіроты. Ужо не будзе тых густых броваў, пад якімі кожны мог знайсці абарону», — пісаў у майскія дні 80 гадоў таму адзін з палякаў. Ён жа прызнаваў, што ўвесь свет стаў сведкам нараджэння міфу пра Пілсудскага.

Міф пра Пілсудскага захаваўся да нашых дзён. Інакш бы падчас цяперашніх выбараў маршал, дзякуючы гадавіне сваёй смерці, не стаў бы фактычным удзельнікам выбарчай кампаніі. Аўтарытэтны правы часопіс «Do Rzeczy» так заклікаў чытачоў напярэдадні дня галасавання: «На прэзідэнцкіх выбарах галасуйце за Пілсудскага!».

Найбольш выкарыстаў тэму Пілсудскага правы папулісцкі кандыдат Павел Кукіз. У адным са сваіх рэкламных ролікаў Кукіз быў паказаны побач са старым радыёпрыёмнікам, што транслюе прамову маршала 1924 года: «На мой погляд, галоўным пастулатам у адносінах заўсёды ёсць дамова і падпарадкаванасць умовам яе падтрымання. І дворнік, што прыбірае вуліцу, і міністр, які кіруе краем, для сумеснай справы з іншымі ставяць свае ўмовы і гатовыя прымаць умовы. І калі б яны ўзаемна, лаяльна і дысцыплінавана іх прытрымліваліся, жыццё выглядала б інакш». Праслухаўшы выступ Пілсудскага, Павел звяртаецца да гледача: «Польшча мае тыя ж праблемы, што і 90 гадоў таму. Яна падзеленая, да яе няма павагі. Мы павінныя паверыць у сябе і сябе паважаць».

Трэба прызнаць, што ролік вельмі спадабаўся аўдыторыі. Праціўнікам Кукіза заставалася толькі прыдумаць анекдот, які высмейвае электарат Кукіза (як правіла, гэта людзі з сацыяльных нізоў). Анекдот наступны. Сустракаюцца два фаната Кукіза. Адзін пытае: «Хто такі Пілсудскі?». Другі адказвае: «Ну даеш, гэта голас з радыё, што падтрымаў Кукіза».

Практычна ўсе, за выключэннем левых, кандыдаты кінуліся ўзгадваць Юзафа Пілсудскага. Да магілы маршала на кракаўскім Вавелі стварылася сапраўдная чарга яго фанатаў. Спачатку там пабываў цяперашні прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, пасля — яго галоўны праціўнік па другім туры Анджэй Дуда, якога, дарэчы, яго партыйны бос Яраслаў Качыньскі наўпрост назваў новым Пілсудскім. Яшчэ адзін кандыдат, ліберал-кансерватар Януш Корвін-Міке, выдаў плакат, на якім ён выяўленыя побач з маршалам.

З улікам таго, што ў біяграфіі Пілсудскага дастаткова супярэчлівых фрагментаў, варта задацца пытаннем: які Пілсудскі запатрабаваны ў цяперашняй Польшчы? Як іранізуе партал «Natemat», стопрацэнтны клон Пілсудскага выглядаў бы зараз вельмі забаўна. Такі палітык павінен быў публічна падтрымліваць права вайскоўцаў на дзяржаўны пераварот, накшталт таго, што арганізаваў Пілсудскі ў 1926 годзе. Ён таксама павінен быў ганарыцца сваім сяброўствам у Польскай партыі сацыялістычнай, у складзе якой пачынаў Юзаф. Калі ўжо цалкам арыентавацца на палітычную спадчыну Пілсудскага, дык трэба абяцаць выбаршчыкам стварэнне ў выпадку перамогі новай Бярозы-Картузскай — лагеру для палітычных апанентаў рэжыму.

Цяперашнія прыхільнікі Пілсудскага відавочна звяртаюць увагу выключна на некаторыя старонкі жыцця маршала. Паводле таго ж Кукіза, «Пілсудскі функцыянуе як ахоўнік дэмакратыі, бацька, які клапоціцца пра народ як пра дзіця: на яго можна часам насварыцца або пазбавіць нейкіх вольнасцяў», — лічыць Кукіз. Дарэчы, ён таксама прапанаваў адрадзіць у Польшчы т. зв. стралецкі рух — патрыятычныя вайскова-спартыўныя арганізацыі, на базе якіх у 1914 годзе Пілсудскі сфармаваў свой славуты Легіён.

Часопіс «Do Rzeczy» лічыць, што Пілсудскі пакінуў напрацоўкі для знешнепалітычнай дактрыны Польшчы. «Пілсудскі не хацеў Польшчы ў рамках імперыі цароў або саветаў. Яго цікавіла выключна яе крыштальная вольнасць», — аргументаваў пазіцыю выдання яго рэдактар Вальдэмар Лысяк. Правая прэса таксама не прайшла міма ўкраінска-польскіх адносін у часы маршала, як бы даводзячы, што Пілсудскі зразумеў ролю Украіны для сістэмы польскай бяспекі.

Можна сказаць, што ў цяперашняй Польшчы запатрабаваны вобраз Пілсудскага як моцнага патэрналісцкага палітыка, які стаіць над інтарэсамі партыйных і эканамічных кланаў, здольны абараняць інтарэсы краіны ў свеце, і абараняць яе межы на ўсходзе.

Напрыканцы варта сказаць, што палітолагі і гісторыкі не ў захапленні ад таго, што Пілсудскі стаў адным з суб’ектаў польскай палітыкі. Яны баяцца, што культ маршала прывядзе да прымітывізацыі яго вельмі складанай і супярэчлівай фігуры. Як казаў прафесар варшаўскага ўніверсітэта Войцех Яблонскі, «цяперашняя палітычная прапаганда пабудаваная на неадукаванасці электарату. Мала хто ведае, што Пілсудскі дэ-факта быў дыктатарам, пагарджаў нормамі дэмакратыі». На думку Яблонскага, «профіль Пілсудскага сёння лепш за ўсё пасуе Корвіну-Міке — кактэйль манархізму, аўтарытарызму і радыкальнага лібералізму».