Тры ўчасткі па выбарах прэзідэнта Польшчы працуюць у Беларусі
24 мая ў Польшчы праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў. На вышэйшую дзяржаўную пасаду прэтэндуюць дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі і Анджэй Дуда — кандыдат ад апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасьць», юрыст і дэпутат Еўрапарламента.
Сёння ў 7 гадзін раніцы ў Польшчы і за мяжой адкрыліся больш за 27 тысяч выбарчых участкаў. У Беларусі працуюць тры ўчасткі — у пасольстве Польшчы ў Мінску і генеральных консульствах ў Гродне і Брэсце.
Па выніках першага тура, які адбыўся 10 мая, ніхто з 11 кандыдатаў не змог набраць неабходных для перамогі 50% галасоў. За Камароўскага прагаласавалі 33,77% выбаршчыкаў, за
Дуду — 34,76%.
Паводле апошняга сацапытання, Камароўскага падтрымліваюць 45,3% рэспандэнтаў, Дуду — 45,8%. Амаль 40% грамадзян Польшчы збіраюцца ўстрымацца ад галасавання ў другім туры,
а прыкладна 9% удзельнікаў апытанняў паведамілі, што пойдуць на выбарчыя ўчасткі, але яшчэ не вырашылі, каму аддадуць свой голас.
У першым туры ў Беларусі прагаласавалі 211 грамадзян Польшчы (у пасольстве — 89, консульствах у Гродне — 84, Брэсце — 38). З іх 96 аддалі свае галасы Браніславу Камароўскаму, 74 — Анджэю Дудзе, адзначае БелаПАН.
naviny.by