«Лепш бы князь Уладзімір прыняў іслам»
Першая ў гісторыі сустрэча прадстаўнікоў Першага і Трэцяга Рымаў настолькі негатыўна ўспрынята ўкраінскім грамадствам, што нават узнятае пытанне пра поўную аўтаномію мясцовага хрысціянтсва.
«Аналаг Мюнхенскай змовы 1938 года», «Ускосная падтрымка з боку Апостальскай сталіцы агрэсіі Расіі супраць Украіны», «Здрада з боку Ватыкану». Падобнымі рэзюмэ ўзнагародзіла ўкраінская прэса і грамадскасць вынікі сустрэчы Патрыярха Кірыла і Папы Францыска на Кубе. Незадаволеныя і лідары некаторых канфесій, якія публічна асудзілі змест Гаванскай дэкларацыі — выніковы дакумент рандэву.
Украінскіх грэка-католікаў, напрыклад, абражаюць пункты Дэкларацыі, якія асуджаюць уніяцтва. На думку Папы і Патрыярха, мінулыя метады «уніятызма» не з’яўляюцца шляхам аднаўлення адзінства хрысціян». Таксама ўніяты, як дарэчы і лідары Украінскай Праваслаўнай Царквы — Кіеўскі Патрыярхат (УПЦ-КП), лічаць памылковай агучаную ў Дэкларацыі ацэнку ўкраінскага канфлікту як грамадзянскага супрацьстаяння. На іх думку, падпісантамі ігнаруецца роля Масквы ў правакаванні падзей на Данбасе.
Праўда, некаторыя ўкраінскія каментатары ўмудрыліся пабачыць у кубінскім рандэву і пазітыў. Так, на думку аглядальніка Таццяны Дзеркач, сустрэча на Кубе будзе хутчэй спрыяць эрозіі паствы прамаскоўскага праваслаўя: «Вернік раздражнёны брацкімі пацалункамі праваслаўнага іерарха і «ерэтыка-каталіка», паколькі супрацьстаянне з каталіцкім Захадам — адзін з галоўных гістарычных мэйнстрымаў ў заявах таго ж Патрыярха». Разбурэнне важнага для РПЦ антыкаталіцкага іміджу будзе спрыяць міграцыі праваслаўных ў склад УПЦ-КП.
Аднак увогуле ў грамадстве дамінуюць адмоўныя ацэнкі адносна Гаваны. Прычым, актыўна крытыкуюць не толькі цяперашняга пантыфіка, аднак і ўвогуле ўвесь інстытут каталіцызму. Ватыкану прыгадалі ўсё, — у тым ліку пасіўную пазіцыю у часы Другой Суветнай, калі святы трон зачыняў вочы на Халакост. Тое, што Папа пайшоў на сустрэчу з Патрыярхам, якога некаторыя нават ў Расіі лічаць буйным карупцыянерам, тлумачаць тым, што ў банку Ватыкана быццам схавана каля $100 млрд Пуціна.
На інтэрнет-форумах можна натыкнуцца нават на экстравагантную пазіцыю пра тое, што князь Уладзімір дапусціў фатальную памылку, калі, абіраючы веру для Кіеўскай Русі, зрабіў выбар на карысць праваслаўя. «Лепш бы князь Уладзімір прыняў іслам», — піша кіеўскі журналіст Мікола Палішчук. Актыўна спрабуюць выкарыстаць некаторае расчараванне ў традыцыйных цэрквах паганцы і атэісты.
Фінальным акордам рэакцыі абурэння Гаванай можна лічыць выступ дэпутата Андрэя Лазавога (Радыкальная Партыя) ў Вярхоўнай Радзе ад 17-га лютага. Лазавы заклікаў усе існуючыя ў краіне хрысціянскія цэрквы да выхаду з падпарадкавання будзь-якім вонкавым цэнтрам. Пасля палітык прапануе сфармаваць адзіную памесную ўкраінскую хрысціянскую царкву. Дарэчы, некаторыя каментатары сапраўды прагназуюць пачатак больш шчыльнага дыялогу паміж Украінскай грэка-каталіцкай царквой (УГКЦ) і УПЦ-КП.
Наколькі сапраўды Гавана можа змяніць царкоўны пейзаж ва Украіне? Сітуацыю каментуе грамадскі актывіст Андрэй Мартынюк (Роўна):
«Каб рабіць нейкія прагнозы, трэба разумець прыроду УГКЦ і УПЦ-КП. Для вернікаў абодвух цэркваў вера — гэта толькі адзін з матываў прыходу ў храм. УГКЦ, напрыклад, мае выразна рэгіянальны характар. Яе паства — як правіла жыхары або выхадцы з Заходняй Украіны. Цяпер да гэтага дадалася моцная палітызацыя. Будучы на гэтай хвалі яны пад ціскам вернікаў мімаволі вымушаны выказваць незадаволенасць Ватыканам. Ватыкан у сваю чаргу наўрад ці будзе асабліва рэагаваць, паколькі тут галоўнае — захаваць паству. Дарэчы раней уніаты таксама крытыкавалі Папу за яго заклік прыпыніць грамадзянскую вайну ва Украіне без усякіх умоваў.
А вось украінскія рыма-католікі — іншая справа. Для іх (дарэчы ў касцёлах, акрамя этнічных палякаў, шмат выхадцаў з Лацінскай Амерыкі і Афрыкі) культ Папы — гэта як альфа і амега. Таму каментар Архібіскупа Рымы-Каталіцкай Царквы ва Украіне абсалютна не падобны на падыходы УГКЦ. Лідар рыма-католікаў называе сустрэчу гістарычнай, падтрымлівае заклікі Папы і Патрыярха да міру, кажа пра каштоўнасць чалавечага жыцця.
Тое ж самае тычыцца і УПЦ-КП, якая паўстала праз бунт часткі ўкраінскага праваслаўнага кліру супраць маскоўскага патрыярхату. Фішка супрацьстаяння з Масквой для іх настолькі важная, што яны закрываюць вочы нават на вядомы ўсім факт пра тое, што лідар «раскольнікаў» быў агентам КДБ. Іншай ацэнкі Гаваны быць не магло. Аднак, думаецца, ніякіх рэзкіх крокаў, (напрыклад кааперацыя з уніятамі) ад УПЦ-КП чакаць не трэба, паколькі ёсць сталы вектар арыентацыі на Другі Рым — Канстанцінопальскі патрыярхат, праз які Кіеўскі Патрыярхат мае надзею атрымаць статус кананічнай царквы.
Думаю, статус-кво ў царкоўным жыцці Украіны захаваецца і пасля Гаваны. Нейкія экстраардынарныя навіны, магчыма, будуць прыходзіць з Валыні, дзе назіраецца працэс пераходу часткі праваслаўных прыходаў пад юрысдыкцыю Кіеўскага патрыярхату.