Клоуны супраць крызісу
Месяц таму ў сталіцы Ісландыі з’явіўся новы мэр ад мясцовай сацыял-дэмакратычнай партыі. Такім чынам закончыўся беспрэцэдэнтны эксперымент, калі чатыры гады горадам кіравала партыя артыстаў і панкаў.
Йон Гнар
Увесці бясплатныя ручнікі ва ўсіх басейнах, завезці ў краіну яўрэяў, каб у Ісландыю нарэшце прыехаў хтосьці, хто нешта разумее ў эканоміцы, нічога не рабіць: «Мы працавалі ўсё жыццё і хочам чатыры гады адпачываць на добрай зарплаце», да 2020 года зрабіць так, каб парламент працаваў без наркотыкаў. Гэта некаторыя пункты выбарчай праграмы Лепшай Партыі на выбарах у сталічны муніцыпалітэт Ісландыі 2010 года. Першае, што яны выклікаюць, гэта, натуральна, смех.
Лепшая Партыя была хутчэй спробай артыстычнай правакацыі, перформансам. Бацька праекту комік Йон Гнар так распавядаў пра першапачатковыя ідэі «лепшых»: «Першая — гэта будзе весела. Другая — весялосць гэта якраз тое, чаго так не хапае жыхарам Рэйк’явіка. Трэцяя — раней палітыкі без дазволу ўмешваліся ў наша жыццё. Чаму б нам не зрабіць наадварот? Чацвёртая — стварыць ідэальны перформанс, ды што там — твор мастацтва».
Аднак электарат успрыняў праект Гнара куды больш сур’ёзна. На той час Ісландыю ахапіў глыбокі фінансавы крызіс. Толькі за адну вераснёўскую ноч 2008-га банкрутамі сталі тры самыя буйнейшыя ісландскія банкі, пакінуўшы даўгі памерам у дзесяць ВУП краіны, мясцовая біржа абрынуліся на 90%. Тагачасны прэм’ер-міністр нават заявіў, што ўся надзея ісландцаў толькі на Бога.
Ахвярамі эканамічнай катастрофы сталі не толькі банкаўскія ўстановы, аднак і рэйтынгі традыцыйных партый. Хутка высветлілася, што ступень калапсу таксама звязаная з карупцыяй сярод палітыкаў. Каб неяк адпомсціць традыцыйным партыям за эканамічныя праблемы, сярод выбаршчыкаў узнікла калектыўная ўстаноўка прагаласаваць за нейкую абсалютна вар’яцкую пратэстную палітсілу. І тут пад руку падвярнулася Лепшая Партыя.
Тое, што «лепшыя» трапілі ў фокус увагі шараговага выбаршчыка, не дзіўна. Стыль іх кампаніі цалкам адрозніваўся ад канкурэнтаў. Падчас перадвыбарчай гонкі Лепшая Партыя не збірала ахвяраванні, не прасіла грошай, нават плакаты не надрукавала. А замест таго, каб спрачацца з іншымі кандыдатамі падчас тэледэбатаў, Гнар весяліў аўдыторыю анекдотамі. Спачатку ўсе смяяліся з Гнара, які, дарэчы, працуе прафесійным комікам, з’яўляецца папулярным акторам мясцовага «Камеды Клаб».
Аднак хутка праціўнікам «лепшых» стала зусім не да смеху. Па выніках наступнага апытання Лепшая Партыя раптам набрала 10% галасоў. Гнара сталі вінаваціць, што той не разумее ўсёй сур’ёзнасці эканамічнай сітуацыі і не ўспрымае ўсур’ёз электарат. Фатальным аказалася адно тэлеінтэрв’ю, у якім Гнара разграмілі ў пух і прах. На пытанне вядучага, што ж ён думае рабіць з недабудаваным аэрапортам, Гнар проста адказаў: «Я не ведаю». Якое ж было яго здзіўленне, калі простыя людзі сталі віншаваць яго: «Нарэшце знайшоўся хоць адзін сумленны палітык, хто гэта прызнаў!» І ў наступным апытанні Лепшая Партыя атрымала ўжо 20%.
Прэса сцвярджае, што ў гэты момант комік сам перапужаўся нарастаючай хвалі папулярнасці і вырашыў непрыкметна сысці з палітычнай сцэны. Аднак у апошні момант зразумеў, што яго сыход можа стаць цудоўнай тэмай для правакацыі. Гнар падчас нейкага шоу заявіў, што здымаецца з выбараў, каб пасля сказаць радасным ад навіны канкурэнтам, што гэта быў жарт і выставіць іх дурнямі.
Пасля гэтага трыумф Лепшай Партыі было ўжо не спыніць. У дзень галасавання партыя атрымала 37 працэнтаў галасоў. Такім чынам, «лепшыя» атрымалі самую вялікую фракцыю ў гарсавеце і пасаду мэра.
І тут аказалася, «лепшыя» сапраўды лепшыя. Яны, у адрозненні ад іншых партый, ад пачатку не разглядалі ўладу як крыніцу прыбытку, не арыентаваліся на наступныя выбары, разумеючы свой удзел у дзяржструктурах як нешта часовае. Таму яны лёгка ішлі на рашучыя эксперыменты, якія часта, як не смешна, аказваліся паспяховымі. У дадатак новая мэрыя ператварыла горад у адзін з цэнтраў культурнага авангарду, што спрыяла развіццю турызму. Сёння штогод колькасць турыстаў у Ісландыі расце на 20 працэнтаў.
Вынік «лепшай» кадэнцыі ў мэрыі Рэйк’явіка наступны: цалкам рэструктураваныя фінансы, дзясяткі кіламетраў новых веладарожак, рэарганізацыя школьнай сістэмы, праграма падтрымкі малога мастацтва. Па словах аднаго з лідараў «лепшых», ім дапамагло тое, што яны як артысты раней увесь час працавалі з маленькімі бюджэтамі, дзе вельмі трэба лічыць кожны грошык і працаваць над добрай лагістыкай.
Напрыканцы мая гэтага года ў Рэйк’явіку адбыліся новыя выбары ў ратушу. І хаця крэдыт даверу да «лепшых» быў на ўзроўні каля 30 працэнтаў, бацькі-заснавальнікі праекту адмовіліся ад удзелу ў палітыцы. Тыя з «лепшых», хто застаўся, сфармавалі новую партыю — «Светлая будучыня». Праўда, гэта ўжо больш сістэмны партыйны праект. Так, партыя ўваходзіць у міжнародны інтэрнацыянал ліберальных партый. На выбарах «Светлая будучыня» набрала 15 працэнтаў, а кантроль над мэрыяй узялі сацыял-дэмакраты, былыя малодшыя партнёры «лепшых» па кааліцыі. У тым ліку таму, што падчас кампаніі заявілі, што за эканамічную палітыку мэрыі ў часы Йона Гнара адказвалі менавіта яны.
«Фактычна ўсе важныя рашэнні прымалі мы. Анархісты былі слабымі партнёрамі, яны наогул не біліся з апазіцыяй! Усе атакі адбівалі мы... Думаю, у іх былі толькі тры мэты. Па-першае, усё гэта перажыць. Па-другое, узяць на сябе адказнасць. І па-трэцяе, добра павесяліцца. І сапраўды, гэта быў вельмі вясёлы час», — узгадвае новы мэр ісландскай сталіцы.
Магчыма, эсдэкі маюць рацыю, аднак, безумоўна, без правакацый Йона Гнара наўрад ці эканамічнае адраджэнне адбылося б так хутка. Смех дапамог зняць шматлікія комплексы і траўмы ад крызісу. Не дарма, як казаў класік, смех — гэта адзнака духоўнага здароўя.