Казань бароніць татар Башкартастану
Дэпутат парламента Рэспублікі Татарстан Раміль Тухватулін фактычна заклікаў Казань умяшацца ў справы суседняга Башкартастану для абароны мясцовай татарскай абшчыны.
Калі верыць дэпутату, ва Уфе ў рамках прызначанага на гэты год усерасійскага перапісу насельніцтва збіраюцца скараціць афіцыйную колькасць татараў. Паводле перапісу насельніцтва 2010 года, у Башкартастане было крыху больш за мільён татар.
Татарскія актывісты, якія пражываюць у Башкартастане, запэўніваюць, што колькасць татараў, пазначаных падчас перапісаў 2002 і 2010 гадоў, зменшаная прыкладна на 200 тысяч чалавек.
Цяпер, нібыта, колькасць татараў вырашылі яшчэ значна скараціць — за кошт прапаганды ідэі існавання паўночна-заходніх башкіраў. Па меркаванні Казані, яны, на самай справе, з’яўляюцца этнічнымі татарамі.
Афіцыйная Уфа адмаўляе гэтыя абвінавачванні, але ў Казані, як бачым, на гэты конт сваё меркаванне. Для выратавання суайчыннікаў Тухватулін прапанаваў пачаць рух па абароне правоў татарскага народа ў суседняй рэспубліцы. Праўда, гэтыя меры плануецца пакуль абмежаваць дэкларацыямі пратэсту і выкладаннем у інтэрнэце дакументальных і мастацкіх фільмаў пра гісторыю татарскага народа.