Казахстан заявіў, што не падзяляе планаў Расіі ўвесці сустрэчныя санкцыі Захаду ад імя ЕАЭС
Міністэрства замежных спраў Казахстана выступіла з каментаром па пытаннях ЕАЭС, перадае «Azattyq Rýhy».
У ведамстве нагадалі, што мэтай стварэння аб'яднання
з'яўляецца забеспячэнне свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і
працоўнай сілы, стварэнне ўмоў для стабільнага развіцця эканомік дзяржаў-членаў
у інтарэсах павышэння дабрабыту іх народаў.
«Казахстан прытрымліваецца пазіцыі, што інтэграцыйныя
працэсы ў рамках ЕАЭС носяць выключна эканамічны характар. Традыцыйна адзначаем
непрымальнасць надзялення органаў еўразійскай інтэграцыі неўласцівымі
функцыямі, выступаем супраць палітызацыі аб'яднання», — агучылі пазіцыю ў
МЗС РК.
У кантэксце абмеркавання ініцыятыў, якія выходзяць за рамкі
прадмета рэгулявання Дагавора аб ЕАЭС, у тым ліку па ўжыванні мер у адказ на
санкцыйныя дзеянні трэціх краін, Казахстан зыходзіць з таго, што санкцыі Захаду
маюць у сваёй аснове, перш за ўсё, палітычныя матывы і накіраваны супраць
асобных дзяржаў, а не ўсяго ЕАЭС.
У МЗС падкрэслілі, што ніякіх перамоваў аб «кансалідаваных мерах» краін ЕАЭС у адказ на санкцыі іншых дзяржаў
Казахстан не вядзе.
«У працы з партнёрамі па еўразійскай інтэграцыі гаворка
можа ісці толькі аб сумесных дзеяннях па недапушчэнні негатыўнага ўплыву такіх
санкцый на сацыяльна-эканамічнае развіццё нашых дзяржаў», — заключылі ў
ведамстве.
Раней стала вядома аб тым, што ў ЕАЭС ідзе абмеркаванне
магчымага калектыўнага адказу на санкцыі Захаду ў дачыненні да Беларусі. Пра
гэта заявіў намеснік кіраўніка Міністэрства
замежных спраў Расіі Аляксандр Панкін.
Панкін адзначыў, што ў гэтым пытанні шмат розных нюансаў,
тэма вельмі адчувальная.
Паўнапраўнымі членамі ЕАЭС на сёння з'яўляюцца Расія,
Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Арменія.
Назіральнікі — Узбекістан, Куба і Малдова.