Казахстан ударыў па касмічных амбіцыях РФ — арыштаваў маёмасць «Раскосмасу»

Улады Рэспублікі Казахстан адважыліся на паказальны крок. Даччынай кампаніі «Раскосмасу» ў Казахстане забаронены ўсе фінансавыя аперацыі і вывад у Расію каштоўнасцей і актываў. Кіраўніку казахскага падраздзялення забаронена пакідаць Казахстан да заканчэння следства, якое пачала Служба прыставаў.

Ракета на касмадроме Байканур. Фота: kz24.news

Ракета на касмадроме Байканур. Фота: kz24.news

У чым сутнасць канфлікту?

Уся маёмасць аператара расійскіх касмадромаў (цэнтр па эксплуатацыі наземнай касмічнай інфраструктуры, ЦЭНКІ) арыштавана з-за доўгу ў 26,4 мільёна долараў.

Пра гэта піша Антон Герашчанка ў сваім тэлеграме і адзначае, што для арышту маёмасці скарысталіся фармальнай нагодай. Такія меры былі прыняты з-за запазычанасці, якая ўзнікла пры правядзенні работ па ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе стартаў ракеты «Саюз-5».

Татальная забарона і ўдар па амбіцыях РФ

Санкцыі Казахстана, паводле ацэнак мясцовых экспертаў, могуць паставіць крыж на будаўніцтве новай стартавай пляцоўкі на Байкануры для ракеты «Саюз-5» і на сумесным касмічным праекце «Байтэрэк».

Ракету «Саюз-5» РФ распрацавала як замену ўкраінскай ракеце-носьбіту «Зеніт», але яна рызыкуе ніколі не ўзляцець, калі стартавая пляцоўка так і не будзе пабудавана. Яшчэ летам 2022 года ўлады Казахстана заявілі, што адкрыццё пераносіцца на год. На распрацоўку «Саюза-5» Расія выдаткавала 826 мільёнаў долараў (62 мільярды расійскіх рублёў).


Канфлікт Казахстана і «Раскосмасу»

Выданне kz24.news больш падрабязна тлумачыць канфлікт з «Раскосмасам».

Служба прыставаў РК паведамляе, што маёмасць ЦЭНКІ (Цэнтра па эксплуатацыі наземнай касмічнай інфраструктуры), размешчанага ў Казахстане, арыштавана. Кампаніі, якая з'яўляецца даччынай для дзяржаўнага «Раскосмасу», забаронена выводзіць матэрыяльныя каштоўнасці і актывы з Казахстана. Забарона на выезд распаўсюдзілася і на кіраўніка падраздзялення — да заканчэння следчых дзеянняў ён не можа пакідаць Казахстан.

Забарона на выкарыстанне рэсурсаў і правядзенне фінансавых аперацый, як і няўстойлівасць перагаворных пазіцый у цэлым, затарможвае прыярытэтны напрамак работы на Байкануры — будаўніцтва новай стартавай пляцоўкі для ракеты «Саюз-5»…

Гэта рашэнне можа абярнуцца фінансавай «чорнай дзіркай»: на ракету «Саюз-5», якая праз адсутнасць стартавай пляцоўкі можа ўжо нікуды не паляцець, ужо выдаткаваны аграмадныя грошы — 62 млрд расійскіх рублёў. На сумесным праекце «Байтэрэк» таксама можна, мяркуючы па ўсім, ставіць крыж, як і на ўсёй ідэі замясціць украінскі «Зеніт» уласнай распрацоўкай.

Да таго ж для РФ замяніць касмадром Байканур, які мае ўнікальнае геаграфічнае становішча, таксама няма чым.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», год таму Еўрапейскае касмічнае агенцтва (ESA) адмовілася ад супрацоўніцтва з «Раскосмасам» у распрацоўцы місіі «ExoMars» з-за расійскага нападу на Украіну.


Паводле сацсетак, kz24.news