Кіраўнік «Раскосмасу» прыгразіў Маску, што той адкажа «па-даросламу» за забеспячэнне ўкраінскай арміі сувяззю
Ілан Маск адкрыў тэрміналы Starlink з доступам да спадарожнікавага інтэрнэту для Украіны ўжо на трэці дзень расійскага ўварвання.
Пікіроўка кіраўніка дзяржкарпарацыі «Раскосмас» Дзмітрыя Рагозіна і амерыканскага прадпрымальніка Ілана Маска ў сацсетках працягваецца. Сёння Рагозін заявіў у тэлеграме, што заснавальніку кампаній SpaceX і Tesla «давядзецца адказваць па-даросламу» за забеспячэнне ўкраінскіх сіл сродкамі ваеннай сувязі.
Кіраўнік «Раскосмасу» спаслаўся на паказанні палонных вайскоўцаў УСУ, якія распаўсюдзіліся ў расійскіх СМІ: там сцвярджаецца, што спадарожнікі Starlink Ілана Маска раздавалі інтэрнэт украінскім войскам у Марыупалі.
На думку Рагозіна, дастаўка і перадача Узброеным Сілам Украіны абаненцкіх скрынь прыёму-перадачы інтэрнэту ад Starlink ажыццяўляліся Пентагонам. На гэтай падставе ён абвінаваціў Маска ў датычнасці да «забеспячэння фашысцкіх сіл ва Украіне сродкамі ваеннай сувязі».
— А за гэта прыйдзецца адказваць па-даросламу, Ілан, як бы ты дурня ні ўключаў, — сказаў на заканчэнне кіраўнік «Раскосмасу».
Як менавіта давядзецца адказваць Маску, ён не патлумачыў. Рэакцыя самога прадпрымальніка на пагрозу Рагозіна таксама пакуль невядомая.
Нагадаем, Ілан Маск адкрыў тэрміналы Starlink з доступам да спадарожнікавага інтэрнэту для Украіны ўжо на трэці дзень расійскага ўварвання. Тым не менш ён наадрэз адмовіўся блакаваць расійскія дзяржСМІ ў сваёй спадарожнікавай сетцы, назваўшы сябе «абсалютыстам у плане свабоды слова».