Яўген Магда: Тое, што Украіна здолела захаваць сваю дзяржаўнасць і выстаяць пад расійскім ціскам — галоўнае дасягненне Еўрамайдана

Расійская агрэсія супраць Украіны пачалася ў лютым 2014 года, амаль адначасова з Еўрамайданам і расстрэлам «Нябеснай сотні». Што значыла Рэвалюцыя Годнасці для Украіны? Пагаварылі з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам.

Фота Дзяніса Івашына

Фота Дзяніса Івашына

Еўрамайдан 2013-2014 года ва Украіне стаў адпраўным пунктам турбулентнасці ўсяго рэгіёна. 

Шматмесячная акцыя пратэсту ў цэнтры Кіева ўспыхнула 21 лістапада 2013 года і цягнуўся да канца лютага 2014 года. Трыгерам стала рашэнне ўрада прыпыніць падрыхтоўку да падпісання пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўразвязам.

18 лютага ў Кіеве пралілася вялікая кроў. Падчас жорсткіх сутыкненняў паміж дэманстрантамі і міліцыяй загінулі больш за сто чалавек, прычым многіх забілі неўстаноўленыя снайперы, якія арудавалі ва ўкраінскай сталіцы.

Крывавыя падзеі на Еўрамайдане прымусілі тагачаснага кіраўніка Украіны Віктара Януковіча збегчы ў Расію. Фактычна адразу Расія  распачала гібрыдную агрэсію супраць Украіны, вядомую як «руская вясна». Аднак Віктар Януковіч не здолеў вярнуцца на прэзідэнцкі трон нават на рускіх штыках.

— Рэвалюцыя Годнасці паказала, што Украіна сапраўды стаіць на шляху перамен. І адмова Віктара Януковіча падпісаць пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрапейскім Звязам справакавала масавыя выступленні. А затым было масавае збіццё студэнтаў «беркутаўцамі», пасля чаго на вуліцы выйшаў мільён свядомых, нераўнадушных грамадзянаў Украіны. 

Рэвалюцыя Годнасці паказала, што Украіна можа быць членам Еўрапейскага Звяза. І яна зараз знаходзіцца ў працэсе — дастаткова працяглым працэсе еўрапейская інтэграцыі. 

Я думаю, Рэвалюцыя Годнасці — адна з самых важных падзеяў у нашым рэгіёне, бо Украна самая вялікая краіна Еўропы, і ўсё, што ў нас адбываецца, як правіла, адбіваецца на ўсім кантыненце. Напэўна, без Рэвалюцыі Годнасці мы былі б іншымі, але нам неабходная годнасць — гэта ключавая рыса еўрапейскага жыцця і еўрапейскай палітыкі. 

— У 2014 годзе на Данбасе пачалася вайна, якую РФ развязала рукамі «пятай калоны», адбылася «руская вясна» і анексія Крыма. Трэба разумець, расійская ваенная агрэсія з’яўляецца прамым адказам на Рэвалюцыю Годнасці?

— Я б хацеў падкрэсліць, што расійская агрэсія пачалася ў лютым 2014 года — практычна ўпрытык з падзеямі на Еўрамайдане, напрыклад, з расстрэлам «Нябеснай сотні». На мой погляд, гэта сведчыць пра тое, што Расія рыхтавалася захапіць уладу ва Украіне. І тое, што Украіна змагла выстаяць, нягледзячы на цяжкія дзесяць гадоў, — гэта яе дасягненне. Дасягненне ў тым, што мы здолелі процістаяць расійскаму ціску па розных кірунках. А калі 24 лютага 2022 года Расія развязала шырокамаштабную вайну, то гэта засведчыла, што яе гібрыдныя метады супраць Украіны не спрацоўваюць, яна не можа дабіцца выніку. І яна мусіла скінуць маскі і пайсці вайной на Украіну.

Гэтая вайна працягваецца і сёння, і яна стала самай буйнай вайной у сучасным свеце. Вайной, якую развязала Расія, у чым няма ніякіх сумневаў у людзей з мінімальным самастойным мысленнем.

— Украіна ўжо заплаціла непамерную цану за дэмакратычныя перамены і працягвае плаціць цяпер. Што Украіна набыла, а што, магчыма, страціла?

— Доўгі час Украіна ганарылася тым, што яе пераўтварэнні праходзілі мірным шляхам. Але гэты мір быў расстраляны яшчэ падчас Рэвалюцыі Годнасці, калі загінулі беларус Міхаіл Жызнеўскі, грамадзянін Украіны армянін Сяргей Негаян, львавянін Юрый Вярбіцкі. Пазней была расстраляная «Нябесная сотня».

Глядзіце таксама

Канешне, можна пра многае гаварыць, пра многае спрачацца, але тое, што Украіна здолела захаваць сваю дзяржаўнасць і здолела выстаяць пад расійскім ціскам, змагла даказаць сваю суб’ектнасць, — гэта, на мой погляд, самае галоўнае дасягненне. І мы павінны не зварочваць з гэтага шляху, калі хочам быць сапраўднай еўрапейскай дзяржавай, калі хочам стаць членамі Еўрапейскага Звяза і НАТО. На сённяшні дзень членства ў Еўрапейскім Звязе і НАТО — сімвалы існавання дэмакратычнай улады ў краіне. І ва Украіне ўсё больш людзей гэта ўсведамляюць.

— Існуе меркаванне, што без Рэвалюцыі Годнасці, калі б Віктар Януковіч застаўся пры ўладзе, Расія не развязала б вайну спачатку ў 2014 годзе, а ў 2022 годзе не адбылося б поўнамаштабнага ўварвання. Якім шляхам магла б пайсці Украіна без Рэвалюцыі Годнасці?

— Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, і мы не ведаем, што адбылося б з Украінай, калі б Януковіч застаўся пры ўладзе. Але палітыка Януковіча паказала, што ён мог бы ўтрымацца ва ўладзе толькі на расійскіх штыках. І збег ён, уласна кажучы, у Расію. Яго так званая «маладая каманда» настолькі жвава рабавала ўкраінскую эканоміку, што гэта выклікала нават супраціў украінскіх алігархаў, большасць з якіх падтрымала Рэвалюцыю Годнасці (магчыма, не так, як гэта мы прывыклі бачыць з савецкіх падручнікаў гісторыі, але ўва многім гэта было менавіта так). Таму мне цяжка казаць, што было б, застанься Януковіч ва ўладзе. Мы бачым, што ён не здолеў нават вярнуцца на расійскіх штыках ва Украіну, што таксама вельмі паказальна.

— Ва Украіне праводзяць своеасаблівую рэвізію падзеяў 10-гадовай даўніны (знеслі помнік Міхаілу Жызнеўскаму, дэмантуюць памятныя дошкі, так ці інакш звязаныя з беларусамі). Гэта выклікана саўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны?

— Я б не стаў казаць, што ва Украіне праводзяць рэвізію падзеяў 10-гадовай даўніны. На мой погляд, тое, што адбываецца з мясцінамі памяці, звязанымі з удзелам беларусаў у Рэвалюцыі Годнасці і абароны Украіны падчас гібрыднай вайны, — гэта ці недальнабачнасць, ці то неразуменне таго, што з дзяржавай, з якой у нас больш за тысячу кіламетраў агульнай мяжы, неабходна шукаць узаемаразуменне. Як мінімум, узаемаразуменне трэба шукаць з лепшымі яго сынамі і дочкамі, якія прымаюць удзел у абароне Украіны. Вельмі паказальны факт, што менавіта беларусаў сёння найбольш сярод усіх замежнікаў, якія абараняюць Украіну.

Таму нам трэба шукаць кропкі супрацоўніцтва з Беларуссю, з беларускім грамадствам, з тымі беларусамі, якія сёння апынуліся за межамі сваёй радзімы, якія не змаглі жыць у аўтарытарнай краіне.

Еўрамайдан вачыма Дзяніса Івашына

— Чым падобныя і чым адрозніваюцца пратэсты 2020 года ў Беларусі ад украінскага Еўрамайдана?

— Ведаеце, ва Украіне мала ведаюць пра Плошчу-2010. А пратэсты 2020 года спачатку нагадвалі Еўрамайдан. Але затым адбылося занадта многа падзеяў, здарылася многа нюансаў…

Беларускія пратэстоўцы не здолелі стварыць палатачныя лагеры, не здолелі асесці на тэрыторыі цэнтральных раёнаў Мінска. То бок не здолелі замацаваць свой поспех. Тое, што сотні тысяч беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі выходзілі на вуліцы, яшчэ праявіць сябе ў бліжэйшай будучыні Беларусі. Але параўноўваць Майданы, Плошчу-2010 і падзеі 2020 года досыць цяжка. Гэта сведчыць пра тое, што кожная краіна мае сваю гісторыю, нават калі гэта суседзі з тысячакіламетровай мяжой. Ва Украіне было тры майданы: 1990-га, 2004-га і 2013-2014 гадоў. Мы не экспартуем рэвалюцыі, мы разумеем, што вопыт кожнай краіны нашага рэгіёну ў гэтым пытанні з’яўляецца ўнікальным.