730-ты дзень вайны: тры чалавекі загінулі ў Адэсе, украінцы атакавалі расійскі палігон

Распавядаем пра падзеі на фронце расійска-ўкраінскай вайны.

Фота Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі

Фота Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі

***

Тры чалавекі загінулі ў Адэсе пасля атакі расіян

Падчас варожай атакі на Адэскую вобласць адзін з дронаў упаў на будынак прадпрыемства ў прыбярэжнай зоне Адэсы, выклікаў разбурэнне і пажар. Ратавальнікі выратавалі ахоўніцу, яна не пацярпела і знайшлі цела загінулага чалавека. Раніцай стала вядома пра яшчэ двух загінулых людзей, якіх знайшлі пад заваламі.

***

У ноч на 23 лютага расіяне атакавалі 6 ракетамі і 31 ударным БПЛА тыпу «Shahed», 23 варожыя дроны ўдалося знішчыць.

***

У выніку начных абстрэлаў Херсона ўзнікла 4 пажары. Іх ліквідавалі.

Як адзначаецца, усю ноч жылыя кварталы горада ўздрыгвалі ад выбухаў. З-за траплення варожых боепрыпасаў паўстала чатыры пажары. Гарэлі жылы дом, гаспадарчыя пабудовы і складское памяшканне. Як падкрэсліваюць ратавальнікі, усе пажары ліквідаваныя, перадае Галоўнае ўпраўленне ДСНС Украіны ў Херсонскай вобласці.

***

УСУ пацвердзілі другі ўдар па расійскім палігоне

Ва УСУ пацвердзілі ўдар па войсках РФ паблізу Пада-Калінаўкі на Херсоншчыне. Як паведаміла спікерка Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк, паводле папярэдніх звестак, там было і камандаванне. «Там сапраўды рыхтаваліся расейскія вайскоўцы, якія спрабавалі штурмаваць, зачышчаныя, якія яны казалі, Крынкі. Акупанты маюць такія лакацыі на часова акупаванай левабярэжнай Херсоншчыне, дзе збіраюцца для правядзення падрыхтоўкі», — сказала Гумянюк і падкрэсліла, што ўсе наступствы яшчэ ўдакладняюцца. Гэта ўжо другі ўдар па расійскіх вайскоўцах за апошнія два дні.

***

Вораг скінуў бомбы на Курахава, шмат параненых

Расійскія агрэсары скінулі на горад Курахава Данецкай вобласці бомбы КАБ-250. Дзевяць чалавек параненыя. «Ад авіяўдару па тэрыторыі прадпрыемства атрымалі раненні дзевяць супрацоўнікаў — двое з іх — жанчыны і сямёра мужчын ва ўзросце ад 31 да 54 гадоў», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры вобласці.

***

Расійскія захопнікі забілі ва Украіне 528 дзяцей і прынамсі 1230 дзецям нанеслі раненні.

«Больш за 1758 дзяцей пацярпелі ва Украіне ў выніку поўнамаштабнай узброенай агрэсіі РФ. Па стане на раніцу 23 лютага 2024 года, паводле афіцыйнай інфармацыі ювенальных пракурораў, 528 дзяцей загінулі і больш за 1230 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці», — гаворыцца ў паведамленні Офіса генеральнага пракурора.

Як адзначылі ў ОГП, даныя не з'яўляюцца канчатковымі. Працягваецца работа па іх устанаўленні ў месцах вядзення баявых дзеянняў, на часова захопленых і вызваленых тэрыторыях.

Больш за ўсё пацярпела дзяцей у Данецкай вобласці — 520, Харкаўскай — 332, Херсонскай — 148, Кіеўскай — 130, Днепрапятроўскай — 111, Мікалаеўскай — 101, Запарожскай — 100, Чарнігаўскай — 72, Луганскай — 67.

***

Данія абвясціла аб падпісанні пагаднення па бяспецы з Украінай

Данія падпісала з Украінай двухбаковае пагадненне па так званых «абавязацельствах бяспекі». Пра гэта сказала прэм'ер-міністр Метэ Фрэдэрыксен. Паводле яе слоў, у рамках пагаднення Данія абавязваецца падтрымліваць Украіну ў ваеннай і грамадзянскай сферах на працягу наступных 10 гадоў. Згодна з пагадненнем, Украіна абавязваецца ўкараняць неабходныя рэформы, накіраваныя на развіццё дэмакратыі і барацьбу з карупцыяй — каб пракласці шлях да будучыні сяброўства ў ЕС і НАТА.

***

Польшча прыняла рашэнне аб сітуацыі на мяжы

Варшава возьме пад асаблівы кантроль участкі дарог, якія вядуць у бок кантрольна-прапускных пунктаў на мяжы з Украінай, заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Гэта дазволіць бесперашкодна дастаўляць ваенныя і гуманітарныя грузы ва Украіну. «Мы занясем у спіс крытычнай інфраструктуры КПП на мяжы з Украінай і прылеглыя ўчасткі аўтатрас і чыгуначных шляхоў», — сказаў Туск, дадаўшы, што гэта справа «некалькіх найбліжэйшых гадзін». Пры гэтым ён адмовіўся праводзіць урадавую сустрэчу з украінскім бокам на мяжы для развязання сітуацыі, якая склалася праз пратэсты польскіх фермераў. Палітык адзначыў, што адхіляе прапанову прэзідэнта Украіны Зяленскага праз тое, што сустрэча на мяжы была б чыста сімвалічнай. Туск заявіў, што ўрадавая сустрэча адбудзецца 28 сакавіка ў Варшаве.  

***

Расія працягвае несці страты ў захопніцкай вайне супраць Украіны — толькі за мінулыя суткі УСУ ліквідавалі тысячу акупантаў, паўсотні артылерыйскіх сістэм і дзясяткі адзінак іншай тэхнікі, перадае Генштаб УСУ.

Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 23.02.24 арыентыровачна склалі:

  • асабістага складу — каля 408 240 (+1000) чалавек,
  • танкаў — 6526 (+3) адз.,
  • баявых браніраваных машын —12 410 (+37) адз.,
  • артылерыйскіх сістэм — 9916 (+49) адз.,
  • РСЗА — 999 (+2) адз.,
  • сродкаў СПА — 682 (+2) адз.,
  • самалётаў — 339 (+0) адз.,
  • верталётаў — 325 (+0) адз.,
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7628 (+32) адз.,
  • крылатых ракет — 1903 (+0) адз.,
  • караблёў / катэраў — 25 (+0) адз.,
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.,
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 12 960 (+36) адз.,
  • спецыяльнай тэхнікі — 1575 (+9) адз.