Ізраіль адмяняе экстраную рэпатрыяцыю для беларусаў і расіян. Што гэта было?

Ізраільскія СМІ са спасылкай на ліст Міністэрства аліі і інтэграцыі краіны паведамілі, што ў краіне згорнутая праграма экстранай рэпатрыяцыі для грамадзян Расіі і Беларусі. Для грамадзян Украіны праграма пры гэтым працягне дзейнічаць.

Фота jewsrael.com

Фота jewsrael.com


Расійцам і беларусам, якія заехалі ў Ізраіль па схеме экстранай рэпатрыяцыі да 15 красавіка і падалі прашэнне аб змене статусу турыста на рэпатрыянта, неабходна прайсці працэдуру да 15 чэрвеня. У выпадку, калі яны не паспеюць гэтага зрабіць, ім трэба будзе скарыстацца стандартнай працэдурай рэпатрыяцыі — як і ўсім астатнім імігрантам з гэтых краін.

Стандартная працэдура дзейнічала да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, гэта значыць да лютага 2022 года.

З 1 траўня таксама ўводзіцца яшчэ адно ўзмацненне жорсткасці патрабаванняў для жадаючых атрымаць грамадзянства Ізраіля расійцаў і беларусаў — для афармлення ім зноў абавязкова спатрэбяцца апастыляваныя дакументы.


Што за праграма экстранай рэпатрыяцыі?

Гэта праграма, якую ўлады Ізраіля запусцілі неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у сакавіку 2022 года.

У адрозненне ад стандартнай працэдуры рэпатрыяцыі, да якой трэба рыхтавацца загадзя і якая займае ад некалькіх месяцаў да года, скарыстацца экстранай схемай можна было проста па прылёце ў аэрапорт Бэн-Гурыён у Тэль-Авіве з турыстычнай візай.


Як уладкаваная сама працэдура?

Па прыбыцці патэнцыйны рэпатрыянт павінен звярнуцца ў аэрапорце да консула ў прадстаўніцтве дзяржаўнай консульскай службы «Натыў» (да праходжання памежнага кантролю). Супрацоўнікі «Натыву» правяралі права кандыдата на алію і ў выпадку адабрэння накіроўвалі яго ў прадстаўніцтва Міністэрства аліі і інтэграцыі там жа, у аэрапорце.

Там кандыдат атрымлівае дакумент з «папярэднім ідэнтыфікацыйным нумарам», з якім можа адпраўляцца ў спецыяльны цэнтр абслугоўвання (запісацца на консульскую праверку можна праз мабільнае прыкладанне MyVisit). Усяго такіх цэнтраў у Ізраілі дзесяць, яны размешчаны ў розных гарадах краіны.

У гэтым цэнтры супрацоўнікі «Натыву» выносяць канчатковае рашэнне аб праве канкрэтнага чалавека на рэпатрыяцыю (пасля праверкі ўсяго пакета неабходных дакументаў) па законе аб вяртанні, пасля чаго супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Ізраіля прысвойваюць — у выпадку консульскага адабрэння — нумар пасведчання асобы (гэта значыць фактычна выдаюць грамадзянства Ізраіля), а супрацоўнікі Міністэрства аліі і інтэграцыі выдаюць пасведчанне рэпатрыянта.

Уся працэдура пры наяўнасці ў кандыдата ўсіх неабходных дакументаў можа ўкласціся ў адзін дзень.

З кастрычніка 2022 года таксама дзейнічае працэдура папярэдняй праверкі дакументаў, яна называецца Go/No-Go. У яе рамках можна адправіць дакументы ў электронным выглядзе і яшчэ да прылёту ў Ізраіль атрымаць папярэдняе консульскае адабрэнне на рэпатрыяцыю (яно не роўна гарантыі канчатковага адабрэння, але дае 80% шанцаў на спрыяльны зыход рашэння).


Ці шмат людзей паспелі скарыстацца праграмай?

У 2022-м здарыўся сапраўдны ўсплёск заяў ад жадаючых атрымаць грамадзянства Ізраіля расійцаў, украінцаў і беларусаў. Усяго за мінулы год рэпатрыянтамі сталі больш за 70 тысяч чалавек (удвая больш, чым у 2021-м), а па стане на канец красавіка 2023-га іх колькасць наблізілася да 100 тысяч.

Большасць — расіяне: згодна з дакладам МУС Ізраіля, з 24 лютага 2022-га і па пачатак сакавіка 2023-га колькасць рэпатрыяваных грамадзян РФ перавысіла 50 тысяч чалавек. Паказальная дынаміка апошняга перадваеннага месяца — студзеня 2022-га — у адносінах да студзеня 2023-га: за першы месяц 2023 года правам рэпатрыяцыі скарысталіся 5,5 тысяч расійцаў — на 637% больш, чым за аналагічны перыяд годам раней.

Улады Ізраіля не ўдакладняюць, якую долю ў гэтым патоку займаюць «экстраныя» рэпатрыянты, але відавочна, што значная колькасць людзей, якія бягуць ад вайны або асцерагаюцца за сваю будучыню ў расійскай дзяржаве, скарысталіся менавіта спрошчанай працэдурай аліі.


Чаму ўлады Ізраіля скасавалі праграму для расійцаў і беларусаў?

Справа ў тым, што ўжо пасля некалькіх месяцаў дзеяння праграмы выявілася тэндэнцыя, якая выклікала ў Ізраілі крытыку: многія людзі (у першую чаргу з Расіі) прыязджалі не столькі з мэтай рэпатрыяцыі, колькі выключна для атрымання замежнага пашпарту.

Многія з іх пасля атрымання пашпарта Ізраіля вярталіся ў Расію ці з'язджалі ў іншыя краіны (у СМІ, напрыклад, асобна крытыкавалі за гэта выпадкі атрымання грамадзянства Ксеніяй Сабчак і Алай Пугачовай).

Усяго па стане на канец снежня з амаль 35 тысяч «ваенных» расійскіх імігрантаў 14,2 тысячы пасля атрымання грамадзянства Ізраіля вярнуліся назад.

Праз гэта ў ізраільскім грамадстве паднялася незадаволенасць «пашпартнай рэпатрыяцыяй». І калі ў снежні 2022 года да ўлады прыйшоў новы ультраправы ўрад на чале з Біньямінам Нетаніягу, усё гучней сталі гучаць размовы пра тое, што Ізраілю не патрэбная экстраная рэпатрыяцыя.

У выніку ўлады пачалі скарачаць бюджэт праграмы і ўрэшце не працягнулі яе фінансаванне з 15 чэрвеня. Урад больш не хоча марнаваць грошы на тое, што некаторыя ў краіне называюць «пашпартным турызмам».


Што цяпер мяняецца для расійцаў і беларусаў?

Правілы рэпатрыяцыі для іх цяпер будуць такімі ж, як да лютага 2022 года.

Яны ўключаюць у сябе консульскую праверку на тэрыторыі краіны зыходу (гэта значыць краіны, на тэрыторыі якой кандыдат звяртаецца ў Ізраільскае консульства). У Расіі для падрыхтоўкі да гэтай працэдуры можна звярнуцца ў габрэйскае агенцтва «Сахнут», якое аказвае дапамогу ў рэпатрыяцыі ў Ізраіль.

Праўда, цяпер агенцтва знаходзіцца ў зацяжной спрэчцы з расійскімі ўладамі, праз якую ягонае прадстаўніцтва ў РФ можа быць ліквідаванае.

Таксама магчымыя прыезд і змена статусу з турыста на рэпатрыянта ў Ізраілі. Але гэта даволі доўгая і складаная працэдура: спачатку чалавек піша просьбу ў МУС, адпраўляе яе і чакае чаргі на прыём, потым яго адпраўляюць на консульскую праверку, калі ён яе праходзіць — вяртаецца ў МУС. А калі ўжо атрымлівае грамадзянства-звяртаецца ў Міністэрства аліі і інтэграцыі за выплатамі для рэпатрыянта.

У любым выпадку калі пры экстранай рэпатрыяцыі чалавек мог прайсці ўсе інстанцыі для атрымання грамадзянства за перыяд ад аднаго дня да аднаго месяца, то цяпер прыйдзецца выдаткаваць ад некалькіх месяцаў да года.

І хоць у тэорыі чалавек усё яшчэ можа выехаць з Расіі як турыст і заняцца атрыманнем грамадзянства ўжо ў Ізраілі, у гэтым выпадку яму трэба будзе жыць у даволі дарагой краіне і чакаць афармлення ўсіх дакументаў на месцы. Толькі пасля атрымання грамадзянства ў яго з'явіцца права працаваць у Ізраілі.

Калі ж чалавек вырашыў падацца на грамадзянства ў іншай краіне (напрыклад, у Грузіі), яму трэба растлумачыць прычыну, чаму ён пачынае працэс не ў Расіі. І тут ужо рашэнне будзе прымаць канкрэтны консул. Абавязкаў прымаць расійцаў у іншых краінах у консулаў няма.


Ці варта чакаць яшчэ нейкіх абмежаванняў?

Так, новы ўрад рыхтуе і іншыя меры. Напрыклад, цяпер ідуць размовы аб змене закона аб вяртанні, каб унукі габрэяў ужо не мелі права на атрыманне грамадзянства. Акрамя таго, можа быць уведзена правіла, па якім рэпатрыянт зможа атрымаць замежны пашпарт Ізраіля толькі пасля года пражывання на тэрыторыі краіны.

Так што ўзмацненне жорсткасці правілаў рэпатрыяцыі, якое, абмяркоўваецца цяпер, хутчэй за ўсё, не апошняе.

Паводле Салідарнасці