Іран: участкі адкрыліся на першых пасля масавых пратэстаў выбарах
Выбары ў пятніцу, 1 сакавіка, разглядаюцца як вырашальнае выпрабаванне легітымнасці і нацыянальнай падтрымкі кіраўніцтва Ірана, але чакаецца нізкая яўка.
У Іране праходзіць галасаванне — гэта першыя пасля антыўрадавых пратэстаў 2022 года выбары
Выбары ў пятніцу, 1 сакавіка, разглядаюцца як вырашальнае выпрабаванне легітымнасці і нацыянальнай падтрымкі кіраўніцтва Ірана.
Апатыя выбаршчыкаў застаецца высокай пасля перыяду беспарадкаў, прычынай якіх стала смерць маладой жанчыны, затрыманай паліцыяй маралі за «неналежнае» нашэнне хіджаба. У выніку пратэстаў і наступных рэпрэсій больш за 500 чалавек загінулі, а больш за 22 000 былі затрыманыя.
Чаму чакаецца нізкая яўка?
Адносна яўкі выбаршчыкаў на гэтых выбарах ёсць пэўная заклапочанасць. Раннія даследаванні паказалі, што яна можа быць рэкордна нізкай, і асабліва нізкай у сталіцы краіны — Тэгеране.
Зазначым, што рэкордна нізкая яўка чакаецца таму, што большасці вядомых умераных кандыдатаў было забаронена выстаўляць свае кандыдатуры, а апазіцыя заклікае да байкоту.
Такая электаральная пасіўнасць узмацніла б ціск на кіраўнікоў Ірана, паколькі тэакратыя Ісламскай Рэспублікі засноўвае сваю легітымнасць, у прыватнасці, на яўцы на выбарах.
Выбарчае права ў краіне маюць больш за 61,2 мільёна чалавек
У пятніцу праходзяць два асобныя выбарчыя працэсы: выбары па абранні наступных чальцоў парламента (290 месцаў) і выбары па абранні чальцоў Асамблеі (Рады) экспертаў.
Асамблея экспертаў — гэта дзяржаўны орган, што складаецца з аўтарытэтных багасловаў, якія выбіраюць аяталу краіны. Таксама Асамблея яшчэ і кантралюе самую ўплывовую фігуру Ірана, галоўнакамандуючага, вярхоўнага лідара, які прымае ключавыя рашэнні па важных для выбаршчыкаў пытаннях, такіх, як сацыяльныя свабоды і эканамічныя ўмовы. Асабліва гэта значна цяпер, бо аятала Хаменеі мае 84 гады — і не вядома, колькі пражыве яшчэ.
За месца ў парламенце, які складаецца з 290 чальцоў, змагаюцца каля 15 200 кандыдатаў. Тэрмін іх паўнамоцтваў — чатыры гады. Пяць месцаў у парламенце зарэзерваваныя для рэлігійных меншасцяў Ірана. На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў у парламенце дамінуюць рэлігійныя прыхільнікі жорсткай лініі.
Адметна, што сёлета — рэкордная колькасць кандыдатаў у больш чым 15 000 чалавек, што была зацверджана, каб балатавацца на парламенцкіх выбарах, але толькі 30 чалавек з іх — з лагера рэфармістаў.
Згодна з законам, парламент ажыццяўляе нагляд за выканаўчай уладай, галасуе па дагаворах і вырашае іншыя пытанні. На практыцы абсалютная ўлада ў Іране належыць Вярхоўнаму лідару.
Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 08:00 раніцы і, як чакаецца, застануцца адкрытымі на працягу 10 гадзін — хоць на папярэдніх выбарах час галасавання ў некаторых выпадках быў падоўжаны да поўначы.
У чацвер, 29 лютага, цяперашні вярхоўны лідар аятала Алі Хаменеі, які займае гэтую пасаду больш за тры дзесяцігоддзі, заклікаў выбаршчыкаў прагаласаваць. Адмова ад галасавання «нічога не зменіць і не вырашыць», сказаў ён.
Рэфарматары назвалі выбары «бессэнсоўнымі, бесканкурэнтнымі, несправядлівымі і неэфектыўнымі ў кіраванні краінай».
У чацвер прэс-сакратар ЗША Мэцью Мілер заявіў, што «вялікая колькасць іранцаў» не чакае, што выбары будуць свабоднымі і справядлівымі.
«Свет даўно ведае, што палітычная сістэма Ірана вызначаецца недэмакратычнасцю і непразрыстасцю адміністрацыйнай, судовай і выбарчай сістэм», — сказаў ён.
Паводле BBC News, euronews.com