Хрыстос пакідае Еўропу?
Еўропа шакаваная вынікамі даследавання наконт стаўлення моладзі да рэлігіі. Калі яму верыць, хрысціянству ў Еўропе засталося існаваць не больш за сто гадоў.
Прыкладна праз 20 гадоў у Брытаніі можа памерці апошні хрысціянскі вернік. Такая перспектыва цалкам рэальна праглядаецца ў дадзеных лонданскага інстытуту Святой Марыі. Гэтая ўстанова правяла даследаванне Europe’s Young Adults and Religion наконт стаўлення маладых еўрапейцаў (16–29 гадоў) да рэлігіі. Агульнае рэзюмэ: маладым людзям у Еўропе не цікавая рэлігія, і перш за ўсё — вучэнне Хрыста.
Праўда, гэтыя лічбы ў кожнай краіне розныя. Найбольш зацятыя юныя атэісты пражываюць цяпер у Чэхіі: 91 працэнт маладых чэхаў цалкам абыякавыя для царкоўнай тэматыкі. 70 працэнтаў моладзі ў Чэхіі ніколі не прысутнічалі на нейкіх царкоўных мерапрыемствах і набажэнствах. Другая па такіх лічбах — Эстонія з 85 працэнтамі атэістаў.
Недалёка ад Чэхіі і Эстоніі знаходзяцца Іспанія, Бельгія, Вялікабрытанія, Нідэрланды, дзе ніколі не маліліся каля 60 працэнтаў маладых грамадзян. Прычым назіраецца рост агрэсіўных антыцаркоўных настрояў. Напрыклад, 42 працэнты апытаных брытанцаў увогуле лічаць дзейнасць царквы негатывам для грамадства.
Агульную сумную статыстыку трошкі выратоўвае Усходняя Еўропа. Так, у Польшчы царкву наведваюць да 83 працэнтаў юных палякаў. Трошкі менш маладых вернікаў у Літве — пад 75 працэнтаў. Прыкладна такія ж лічбы зафіксаваныя ў Венгрыі. Аднак і тут назіраюцца адмоўныя для царквы трэнды. Нават у Венгрыі або Літве не больш за пяць працэнтаў ад усёй мясцовай моладзі рэгулярна наведвае нядзельныя службы.
«Хрысціянства памірае», — такімі словамі рэзюмаваў даследаванне адзін з яго кіраўнікоў. Навуковец таксама дадаў: «Тыя, хто працягваюць вызнаваць хрысціянства, плывуць супраць плыні». Ён жа дае еўрапейскаму хрысціянству як масавай рэлігіі не больш за сто гадоў існавання.
Ці сапраўды ўсё так трагічна для хрысціянскіх вернікаў? Аптымісты кажуць, што не ўсё яшчэ згублена — у тым ліку дзякуючы мігрантам з Усходняй Еўропы, дзе, як мы бачым, хрысціянства захавала свой уплыў. Кожны пяты цяперашні каталік у Англіі ўжо паходзіць з усходнееўрапейскага рэгіёну. Акрамя таго, не адмаўляюцца ад хрысціянства мігранты з Афрыкі, колькасць якіх у Еўропе таксама стала расце.
На навіну пра заняпад хрысціянства ў Еўропе цікава адрэагавалі гісторыкі. З аднаго боку, яны лічаць гэтую з’яву цалкам лагічнай: апошнім часам мы былі сведкамі імклівай эрозіі традыцыйных каштоўнасцяў ва ўсіх сферах. Таму нічога незвычайнага ў выніках даследавання няма. Пра адмоўныя для царквы з’явы, дарэчы, рэгулярна кажа той жа Папа Рымскі.
З другога боку, гісторыкі нагадваюць, што на падобныя крызісы хрысціянства заўжды адказвала міграцыяй сваіх цэнтраў. Напрыклад, у свой час, пасля прыходу мусульман у Малую Азію, страціў статус цэнтру хрысціянства Канстанцінопаль. Аднак сінхронна калапсу эліністычнага хрысціянства паўсталі новыя рэлігійныя цэнтры ў Заходняй Еўропе і на Старажытнай Русі. У нашым выпадку, з развіццём крызісу хрысціянства ў ЕС пульс хрысціянскага жыцця будзе рухацца ў бок перыферыі — у Лацінскую Амерыку або Афрыку, дзе колькасць хрысціян дастаткова стабільная.
А вось палітычныя эксперты заклапочаныя не на жарт. Так ці інакш, хрысціянская традыцыя — гэта важны падмурак еўрапейскага адзінства. Акрамя таго, узнікае пагроза ментальнага расколу ў еўрапейскім аб’яднанні. Усходняя Еўропа, дзе царква працягвае адыгрываць важную ролю ў грамадстве, будзе ў плане каштоўнасцяў больш дыстанцыявацца ад Заходняй.
Таксама паўстае пытанне: якая рэлігія можа заняць вакантнае месца, што засталося ад хрысціянства? Адказ гучыць вельмі незвычайна. Як сведчыць статыстыка, чым менш у нейкай краіне ЕС хрысціян, тым менш там вернікаў любой рэлігіі.
Гэта добра ілюструе сітуацыя ў Вялікабрытаніі. Тут толькі 7 працэнтаў маладых людзей адносяць сябе да англіканскай царквы, і яшчэ 10 працэнтаў — да каталіцкай. Аднак сітуацыя сярод брытанскіх мусульман яшчэ горшая. Не больш за 6 працэнтаў з гэтага сегменту ходзяць у мячэць. Падобны расклад і ў Францыі, дзе толькі 10 працэнтаў маладых мусульман практыкуюць іслам. Увогуле, слабы інтарэс да рэлігіі — гэта не толькі еўрапейскі феномен. Тое ж самае назіраецца ў Японіі.
Іншымі словамі, паступовая эрозія хрысціянства не будзе азначаць абавязковы надыход новай рэлігіі або нейкай катастрофы. Еўрапейцы працягнуць жыць у спажывецкім свецкім грамадстве, нават не заўважыўшы, што зачыніўся нейкі храм. Праўда, самі еўрапейскія хрысціяне з такой будучыняй не згодныя. Вынікі даследавання выклікалі вялікую палеміку на старонках клерыкальнай прэсы. Аўтары публікацый заклікаюць хрысціян мабілізавацца і за кошт карпатлівай працы спыніць наступ побытавага атэізму.