«Гэта быў цырк». Як місія МАГАТЭ трапіла на экскурсію

Інспектары МАГАТЭ не мелі прыватных размоў з персаналам атамнай станцыі, заўсёды побач прысутнічалі рускія вайскоўцы. Пра гэта распавёў «Суспільне» супрацоўнік ЗАЭС.

iadernyi_vzryv_kloun.jpg

Інспектары місіі МАГАТЭ не мелі магчымасці свабодна перамяшчацца па станцыі, яны мусілі размаўляць з супрацоўнікамі ЗАЭС у прысутнасці расійскіх вайскоўцаў і работнікаў «Росатама».

Пра гэта журналістам на ўмовах ананімнасці распавёў супрацоўнік ЗАЭС.

«Яны вадзілі Гросі і інспектараў па сваім маршруце, паказвалі «карты прылётаў» і прывялі да іх мясцовых калабарантаў з заявамі ад «неабыякавых грамадзян» аб неабходнасці спынення абстрэлаў. Гэта быў цырк», — распавёў супрацоўнік ЗАЭС.

Ён дадаў, што рускія пераконвалі прадстаўнікоў місіі, нібы на станцыі знаходзяцца толькі войскі радыелагічнай, хімічнай і біялагічнай абароны, а не баявыя падраздзяленні расійскага войска, а ЗАЭС абстрэльвае ўкраінская армія.

Пасля таго, як кіраўнік місіі Рафаэль Гросі і большасць членаў дэлегацыі пакінулі станцыю, частка прадстаўнікоў МАГАТЭ засталася ў Энергадары, яны будуць жыць у гасцініцы і інспектаваць працу станцыі на працягу некалькіх дзён.


Учора ў вечаровым звароце Зяленскі заявіў аб падмане МАГАТЭ з боку Расіі, піша korrespondent.net. Расійскія акупанты спрабуюць ператварыць візіт місіі МАГАТЭ на Запарожскую АЭС у бясплодную экскурсію, заявіў украінскі прэзідэнт і выказаў шкадаванне, што на станцыю не былі дапушчаны незалежныя журналісты, пра што існавала дамова. Ён адзначыў, што рускія прыкладалі значныя намаганні, каб падмануць дэлегацыю, у тым ліку праз запалохванне жыхароў Энергадара. «Украіна зрабіла ўсё для таго, каб гэтая місія адбылася. Але дрэнна, што акупанты спрабуюць ператварыць гэтую місію МАГАТЭ — сапраўды неабходную — у бясплодную экскурсію па станцыі. Веру, што гэтага ўдасца не дапусціць», — сказаў Зяленскі.

Ён, аднак, спадзяецца, што місія ўсё ж зробіць аб'ектыўныя высновы наконт становішча на станцыі. «І галоўнае, што павінна адбыцца — гэта дэмілітарызацыя тэрыторыі станцыі. Менавіта гэта з'яўляецца мэтай украінскіх і міжнародных намаганняў. І дрэнна, што мы пакуль не пачулі адпаведных заклікаў ад МАГАТЭ. Хоць і казалі аб гэтым са спадаром Гросі на нашай сустрэчы ў Кіеве. Гэта быў ключавы — ключавы! — пункт бяспекі нашых дамоўленасцей: дэмілітарызацыя і поўны кантроль з боку нашых атамшчыкаў», — падкрэсліў Зяленскі.


Што вядома

25 жніўня Запарожская АЭС упершыню была цалкам адключана ад энергасеткі. Як паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі ядзернага рэгулявання Украіны, у выніку баявых дзеянняў у раёне размяшчэння Запарожскай АЭС адбылося адключэнне паветранай лініі ВЛ-750 кВ «Дняпроўская». Такім чынам, дзеянні войскаў РФ пацягнулі поўнае адключэнне ЗАЭС ад энергасеткі — першае ў гісторыі станцыі.


У аўторак, 30 жніўня, стала вядома, што каманда з 14 экспертаў ядзернай службы ААН прыбыла ў Кіеў перад запланаваным візітам на акупаваную Расіяй Запарожскую атамную электрастанцыю. Прэзідэнт Зяленскі сустрэўся з кіраўніком МАГАТЭ. Кіраўнік Міжнароднага агенцтва па пытаннях ядзернай энергіі Рафаэль Гросі заявіў, што місія на тэрыторыю Запарожскай атамнай электрастанцыі працягнецца мінімум некалькі дзён і па магчымасці можа быць прадоўжана.



Місія МАГАТЭ раніцай 1 верасня адправілася з Запарожжа ў Энергадар, нягледзячы на паведамленні аб інтэнсіўным абстрэле. Па стане на 14:28 місія прыбыла на захопленую Запарожскую АЭС. Пасля 17 гадзін вечара Гросі пакінуў Запарожскую АЭС. Разам з ім са станцыі з'ехалі большасць членаў дэлегацыі. У «Энергаатаме» паведамілі, што па стане на 18:00 на ЗАЭС засталіся 5 прадстаўнікоў місіі МАГАТЭ, якія разгружаюць прывезенае імі абсталяванне і працягнуць працу на станцыі.