Газаправод «Паўночны паток — 2» напаўняюць газам
Аператар газаправоду «Паўночны паток — 2», кампанія, якая належыць «Газпрому», у панядзелак паведаміла, што першая нітка трубаправоду з Расіі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора пачала запаўняцца газам, піша Свабода.
У паведамленні кампаніі, якое цытуюць агенцтвы, гаворыцца, што на нітцы былі праведзеныя пусканаладачныя работы, і цяпер яна можа напаўняцца газам для пачатку тэхнічнага тэставання трубаправоду.
Раней у панядзелак Дацкае энэргетычнае агенцтва абвясціла, што кампанія Nord Stream 2 выканала ўсе ўмовы для ўводу газаправоду — часткова ён праходзіць праз дацкія воды — у эксплуатацыю.
Калі газаправод будзе цалкам гатовы да пачатку паставак паліва — пакуль не паведамляецца. Акрамя тэхнічных работ, не скончаны і працэс яго сертыфікацыі. Нямецкія ўлады пачалі гэты працэс у верасні, ён можа заняць 4 месяцы.
Газаправод «Паўночны паток — 2», пабудова якога была завершаная ў жніўні, стаў прадметам палітычнай барацьбы. Злучаныя Штаты, шэраг краін ЕС і Украіна выступаюць супраць яго ўвядзення ў эксплуатацыю, баючыся, што ён стане інструментам ціску Масквы на Еўропу. ЗША ўвялі шэраг санкцый у сувязі з пабудовай газаправоду. У апошнія месяцы цэны на газ на еўрапейскім рынку дасягнулі рэкордных значэнняў, і шэраг экспертаў і палітыкаў асцерагаюцца, што Расія будзе выкарыстоўваць гэтую сітуацыю, каб дамагчыся ад ЕС новых саступак у абмен на больш хуткае ўвядзенне «Паўночнага патоку — 2» у эксплуатацыю.