Францыя. З-за рэкорднай спякоты памерлі 1500 чалавек
Жыхары Францыі летам перажылі два перыяды спякоты, у адзін з якіх быў зафіксаваны тэмпературны рэкорд. Цяпер улады падлічылі, што з-за надзвычай гарачага надвор'я загінулі 1500 чалавек.
У Францыі ў чэрвені і ліпені 2019 года праз моцную спякоту памерлі каля 1500 чалавек. Узрост паловы з іх перавышаў 75 гадоў, сярод памерлых былі і дзеці. Пра гэта ў нядзелю, 8 верасня, паведаміла міністр аховы здароўя Аньес Бюзен. Аднак агульная колькасць памерлых з-за спякоты ў гэтым годзе аказалася амаль у 10 разоў ніжэйшай, чым улетку 2003 года, калі высокая тэмпература справакавала смерць каля 15 тысяч чалавек.
Улетку ў Францыі былі зафіксаваныя два празмерна спякотныя перыяды. 28 чэрвеня быў пабіты тэмпературны рэкорд — 46 градусаў цяпла. Паказчык быў зафіксаваны на поўдні краіны, у горадзе Верарг (30 кіламетраў ад Манпелье). Акрамя таго, 45-градусная пазнака на тэрмометрах была пераадоленая ў іншых населеных пунктах на поўдні Францыі.
Пасля гарачага лета 2003 года ўрад Францыі прыняў шматлікія меры бяспекі. У прыватнасці, у парыжскім метро абвесткі на некалькіх мовах нагадвалі людзям, што трэба піць дастаткова вады і быць асабліва ўважлівымі да старых і дзяцей.
Паводле www.dw.com